Сэнт-Экзюперы Антуан дэ (Saint-Exupery Antoine de; 1900-1944), нарадзіўся 29.06.1900 года ў збяднелай нармандскай арыстакратычнай сям'і. Вучыўся ў езуіцкім каледжы, пасля - у рэлігійных каледжах у Ле Мане і Фрыбуры. У 1919-1921 гадах Экзюперы займаўся на архітэктурным аддзяленні Акадэміі мастацтваў у Парыжы. З 1921 года спачатку служыць у вайсковай, пасля працуе ў грамадзянскай авіяцыі. У 1926 годзе з друку выходзіць яго першая навела «Лётчык». З 1927 года ён працуе ў розных авіякампаніях Тулузы, Рыа дэ Ора (Заходняя Афрыка), Буэнас-Айрэса, сам робіць шмат палётаў. У 1930 годзе выходзіць яго раман «Паўднёвы кур'ер», а праз год - раман «Начны палёт». Паралельна Экзюперы займаецца журналісцкай дзейнасцю. У 1936-1937 гадах ён знаходзіцца ў Гішпаніі, пасля публікуе свае ваенныя дзённікі. У 1939 годзе з'яўляецца яшчэ адзін яго раман - «Планета людзей». Дэмабілізаваны пасля паражэння Францыі ад гітлераўскай Германіі ў 1940 годзе, ён эмігрыруе ў Нью-Ёрк, дзе публікуе раман «Ваенны лётчык» (1942), казку-прыпавесць «Маленькі прынц» і «Ліст да заложніка». У канцы 1943 года Экзюперы едзе ў Паўночную Афрыку, каб узяць удзел у змаганні войскаў французскага Супраціўлення. Ён загінуў у час баявога вылету 31.07.1944 года, за тры тыдні да вызвалення Францыі ад нямецкіх захопнікаў. Пасля яго засталася няскончанай кніга роздуму пра чалавека і рэлігію «Цытадэль» (апублікавана ў 1948 годзе).

Асноўныя творы Антуана дэ Сэнт-Экзюперы перакладзеныя на беларускую мову Нінай Мацяш і Эдзі Агняцвет.

Крыніца: Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету. Менск, 1995. Выбраныя творы Антуана дэ Сэнт-Экзюперы на Беларускай Палічцы

Паведаміць пра недакладнасьць