Кірыла Тураўскі (каля 1130 - пасля 1190), пісьменнік, царкоўны дзеяч, багаслоў. Звестак пра яго жыццё няшмат. У рукапісных пралогах захавалася яго «Жыціе» - кананічная царкоўная біяграфія: «Гэты шчасны Кірыла, - гаворыцца ў ёй, - нарадзіўся і выхаваўся ў горадзе Тураве. Сын заможных бацькоў, ён не любіў, аднак жа, Багацця і тленнай славы гэтага свету; але найперш стараўся спасцігнуць вучэнне боскіх кніг і добра напрактыкаваўся ў святых пісаннях». Атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэчаскіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Рана стаў паслушнікам аднаго з тураўскіх манастыроў. К.Т. быў першым вядомым на Русі «стоўпнікам» (зачыніўся ў манастырскай вежы, каб поўнасцю аддацца роздуму і малітвам). Там ён не толькі сузіраў свет Божы і маліўся: у затвор малады паслушнік перанёс багатую на той час бібліятэку і напісаў там свае першыя творы.

Каля 1169 князь Юрый Яраславіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу-мніха прыняць епіскапства. У першы год свайго служэння тураўскі епіскап набыў вядомасць удзелам у т.зв. «справе Феадорца». Нейкі Фёдар з Уладзіміра-Суздальскага княства, выкарыстаўшы славалюбівыя планы князя Андрэя Багалюбскага, пачаў раскол да гэтага часу адзінай праваслаўнай царквы на Русі. К.Т. дасціпна выкрыў ерась Феадорца і пракляў яго, а да Андрэя Багалюбскага напісаў шмат пасланняў па гэтай справе, якія, аднак, не захаваліся. На думку даследчыка спадчыны Кірылы епіскапа Яўгенія, сваімі пасланнямі да Андрэя Багалюбскага асветнік імкнуўся па-хрысціянску паўплываць на князя ўсходняй Русі.

На думку даследчыкаў (І.Яроміна, В.Чамярыцкага), да літаратурнай спадчыны К.Т. належаць 8 слоў-казанняў, 2 прытчы пра душу і цела, альбо пра сляпога і кульгавага (кароткая і поўная рэдакцыі), 2 казанні пра манаскі чын і ангельскі вобраз, 2 пасланні да Васіля ігумена Пячорскага, 2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў, дзе з найбольшай глыбінёй выявіліся асоба пісьменніка, яго духоўныя перажыванні. Апошнія творы К.Т. напісаў, верагодна, ужо пасля таго, як зноў адышоў ад грамадска-царкоўнай дзейнасці, жыў у келлі пры царкве св. Міколы ў Тураве, засяродзіўшыся на малітвах і багаслоўскай творчасці. Памёр асветнік у апошняе дзесяцігоддзе 12 ст. Яго памяць царква шануе 28 красавіка па старому стылю.

Творы К.Т. набылі вялікую папулярнасць на Русі і распаўсюджваліся ў спісах 12-17 ст. Яго малітвы друкаваліся ў Беларусі ў «Евангелии учительном» (Заблудаў, 1569) І.Фёдарава і П.Мсціслаўца, у «Молитвах повседневных» (Еўе, 1615; Вільня, 1635) і інш. выданнях. У 1821 К.Калайдовіч выдаў 15 твораў Кірылы ў «Помніках расейскай славеснасці XII ст.». Пазней епіскап менскі і тураўскі Яўгеній выдаў зборнік яго твораў у перакладзе на расейскую мову (Кіеў, 1880). Акадэмічнае выданне літаратурнай спадчыны беларускага асветніка ажыццявіў І.Яромін у 1956-1958. Ю.Лабынцаў перавыдаў факсімільным спосабам (1992) малітоўныя творы Кірылы з віленскага выдання «Молитвы повседневные» (1956).

Казанні, альбо «Словы», св. Кірылы ахопліваюць велікодны цыкл нядзельных і святочных дзён ад Вербніцы («нядзелі Ваій») да Ўшэсця. Кожнае з іх, з'яўляючыся класічным творам красамоўніцкага мастацтва, адлюстроўвае пэўную грань багаслоўска-філасофскіх і грамадска-этычных поглядаў пісьменніка. Калі тэалагічныя ідэі К.Т. адлюстраваны відавочна і не заўсёды ўзгадняюцца з артадаксальным праваслаўным багаслоўем, то сацыяльна-філасофскае вучэнне прысутнічае ў яго творах у скрытых формах прытчаў, мастацкіх вобразах і сімвалах. Ён нідзе не сцвярджае, што Бог стварыў сусвет з «нічога», з нейкай пустаты, як гэта прыпісваецца яму даследчыкамі хрысціянскай філасофскай анталогіі. Услед за ўсходнімі айцамі царквы ён упадабляе Бога-Дэміурга мастаку і дойліду, які стварыў дасканалы твор - космас, зямлю і неба, расліны і жывёлы, урэшце чалавека - вянец гэтага тварэння. Распавядаючы пра цэнтральную падзею вербнага тыдня - трыумфальны ўезд Хрыста ў Ерусалім за тыдзень да яго смяротных пакут і ўваскрэсення, пісьменнік усклікае: «Ныне шествует в Ерусалім - измеривый небо пядію и Землю дланію». Таму і паслядоўнікаў Хрыста, духоўных кіраўнікоў хрысціянства - патрыярхаў, архірэяў, ігуменаў, іерэяў «і ўсіх царкоўных вучыцеляў» ён называе «ўмелымі будаўнікамі слаўнага і вельмі чэснага дому» («Слова ў нядзелю Ваій»).

У «Слове на антыпасху» пісьменнік кідкімі жывапіснымі метафарамі малюе веснавое абнаўленне прыроды як урачысты гімн прыгожага тварэння свайму Творцу: «Ныне солнце красуяся к высоте восходить и, радуяся, землю ограваеть: взиде бо нам от гроба праведное солнце Хрыстос и вся верующая Ему спасаеть. (...) Днесь весна красуеться, оживляюши земное естьство, и бурніи ветри, тихо повевающе, плоды гобозують (спеляць) і земля семена питающе зеленую траву рождаеть. Весна убо красная вера есть Христосова, якоже крещеніем поражаеть человеческое паки естьство; бурніи же ветры - грехотворніи помыслы, иже покоянием претворившеся на добродетель - душеполезныя плоды гобозують. Земля же естьства нашаго, акы семя Слово Божіе пріимши (...), дух спасенія рождаеть». У «Слове пра паралізаванага» аўтар ад імя гэтага пакутніка выказвае думку пра асноўную прыкмету боскай прыроды Хрыста: ён не чарадзей, нават не анёл, але сам Бог, таму што «слова яго сталася справай». Бог жа адносна створанай ім прыроды выступае як вярхоўны заканадаўца, які ўтрымлівае быццё ў стане дынамічнай, рухомай гармоніі («Слова пра сляпога»).

Законы прыроды, паводле К.Т., ёсць тое, што на метафарычнай мове багаслоўя называецца «страхам боскім», ім «движется земля, расседается каменіе, животная трепещють, горы куряться, светила раболепно служать, облаци и воздушная тварь повеленіе творять» («Прытча пра чалавечую душу і цела»). Вось чаму ўваскрэсенню Хрыстоваму радуецца ўся зямля, неба ўпрыгожваецца светачамі-зоркамі, і ўся прырода красуецца, прасветленая Збавіцелем Хрыстом, які, учалавечыўшыся, прыйшоў у свет зямнога жыцця, каб абнавіць яго, прасвятліць боскім святлом. У пакаяльных малітвах паэт бачыць прамудрасць, дабрату і красу Бога-Стваральніка паводле дасканаласці яго тварэння - Сусвету, падпарадкаванага законам боскай гармоніі. Боскай воляю зямля трымаецца ні на чым, мора абмежавана пяском, ёю праведзеныя рэчышчы вялікіх і малых рэк, вада хмараў трымаецца ў паветры, сонца гарыць няспынна, месяц свеціць са страхам і зорка здзяйсняе свой мудры дух.

Такім чынам, філасофскія погляды К.Т. - тэацэнтрызм, які толькі па аналогіі можна было б назваць аб'ектыўным ідэалізмам, бо завершаная сістэма аб'ектыўнага ідэалізму Гегеля грунтуецца на канцэпцыі абсалютнай ідэі як асновы быцця.

К.Т. развівае багаслоўскую традыцыю ўсходніх айцоў хрысціянскай царквы, паводле якой Бог ёсць непазнавальны ў паняццях, трансцэндэнтны (па-за межамі людскога вопыту) Дух як абсалютны суб'ект, які сімвалічна пазнаецца праз пазнанне і ўмілаванне створанага ім дасканалага сусвету, праз веру і любоў да Яго адзінароднага і аднаіснага з ім Сына Ісуса Хрыста, праз якога адбылася тайна спалучэння Духа і цела, Бога і чалавека, трансцэндэнтнага і іманентнага светаў. А праз гэту тайну стала магчымым выратаванне чалавека і ўсёй «плоці» прыроды, іх далучэнне да трэцяй іпастасі Святой Тройцы - да Святога Духа, стала рэальнай перамога жыцця над смерцю, святасці над грахом. Багаслоўская канцэпцыя К.Т. грунтуецца на гэтых асноўных пастулатах хрысціянскага светапогляду.

У сваім арыгінальным творы «Прытча пра чалавечую душу і цела» ён абвяргае наіўны анапацэнтрызм «бытавога» хрысціянства, папярэджваючы ад спакусы літаральна тлумачыць сімволіку біблейскіх кніг, асабліва вядомыя боскія словы: «Створым чалавека па вобразу Нашаму, падабенству Нашаму». Падабенства гэтае, на думку аўтара, - «не вобразам, а прытчаю», гэта значыць, іншасказальнае і сімвалічнае. Ён называў ерассю погляды тых, хто насуперак здароваму сэнсу ўяўляе бесцялеснага Бога цялесным. Бога нельга апісаць альбо вызначыць мераю. Тут асветнік не мог не заўважыць супярэчнасці сваёй рэлігійнай антрапалогіі, бо сам прыкладаў да чалавека толькі цялесную і душэўную меркі, забыўшыся на трэцюю людскую іпастась - дух. Толькі духоўнасцю чалавек апраўдвае біблейскія словы пра богападобнасць і свой вобраз Божы. Гэта духоўнае адзінства Бога з чалавекам увасобілася ў богачалавечай постаці Хрыста - другой іпастасі святой Тройцы.

Дарэчы, у творах самога асветніка ёсць шмат красамоўных вобразных думак пра ўчалавечанне Сына Божага, які жыў з людзьмі і самаахвяраваўся для іх духоўнага абнаўлення. У «Слове на святы Вялікдзень» ён красамоўна пацвярджае богачалавечнасць Хрыста евангельскімі сведчаннямі: «Пред вчерашним днем Господь наш Исус Христос яко человек распинаем бе, и яко Бог и солнце помрачи и луну в кровь преложи, и тма бысть по всей земли: яко человек, воспив, и спусти дух, но яко Бог землю потрясе, и каменье распадеся...». Як чалавек - памёр, а як Бог уваскрэс на трэці дзень, перамог пекла смерці. А ў «Слове на трэці тыдзень пасля Вялікадня» асветнік зноў звяртаецца да сваіх слухачоў: «Вам хотю тайны поведати Божія человеколюбія, яже за Адама, въ тлю падша, пострада. Того бо ради с небесе сниде и въпльтивься, и бысть человек, да истлевъшаго обновить и на небеса възведеть. Он [Адам] послушав с[о]вета вражія, восхоте быти Бог и проклят бысть, се же [Хрыстос], послушав Отца, Бог сы бысть человек, да змія погубить и человека обожить».

Хрысталагічная праблема надае разнастайным жанрам спадчыны беларускага асветніка светапоглядную цэласнасць, аб'ядноўвае яго філасофскія, сацыяльна-палітычныя, этычныя, эстэтычныя погляды, злучае яго аксіялогію з хрысціянскай тэалогіяй. Ён жыў у эпоху, калі хрысціянства на Русі яшчэ сутыкалася з жывой язычніцкай плынню ў народнай культуры, а ўсяленская царква яшчэ не закончыла барацьбу з уплывамі праціўнікаў Хрыста - так званымі «старазапаветнікамі», з разнастайнымі рэлігійна-філасофскімі школамі гнастыцызму, прыхільнікі якога спалучалі хрысціянскія догматы з эліністычнымі філасофскімі сістэмамі.

У царкоўным асяроддзі сярэдневяковай Русі склалася негатывісцкая канцэпцыя язычніцкай культуры, паводле якой паганскія багі ёсць «бесы» альбо іхнія слугі, іх неабходна выкрываць, па магчымасці не ўпамінаць іх імён. На гэтым ідэалагічным фоне асветніцтва К.Т. вызначаецца сваёй памяркоўнасцю, цярпімасцю да народнай культуры. Паганская міфалогія ўяўлялася яму верай у створаную прыроду, а не ў самога Творцу.

Абвяржэнню арыянства, прыхільнікі якога адмаўлялі саму найглыбейшую існасць хрысціянства - боскую прыроду Хрыста і яго богачалавечую місію на зямлі, К.Т. прысвяціў твор «Слова на пахвалу 318-ці айцоў Нікейскага сабору». Гэты першы ўсяленскі сабор асудзіў антытрынітарызм арыянства і зацвердзіў асновы хрысціянскага Сімвала веры - траістасць Бога і аднасутнасць Сына з Айцом. Нягледзячы на свой пафас нецярпімасці да арыянскай ерасі, асветнік дакладна вызначыў сутнасць вучэння «папы Александрыйскай царквы» Арыя (не толькі Хрыстос, але і ўсё створанае Богам - людзі і прырода - іншасказальна могуць называцца «сынамі Божымі», адмаўленне спрадвечнасці Хрыста і Яго аднасутнасці з Айцом і да т.п.) і нават прызнаў філасофскую «злохітрасць» ератыка: «Велик бо бе воевода сатанин Арій, но цесарь его уже бе связан, тем и воинства его не твердо боряшеся...» Аднак у адпаведнасці з жанрам урачыстага і разам з тым выкрывальніцкага твора, звернутага да народа, К.Т. рэдка карыстаўся лагічнымі довадамі ці хоць бы спасылкамі на аўтарытэты, спадзяваўся на сугестыўнасць (унушальнасць) вытанчаных сродкаў паэзіі і аратарскага мастацтва. На яго думку, «храбрыя і вялікія ваяводы Божыя» на Нікейскім саборы заслугоўваюць большай пахвалы ад «летописьцев и песнотворцев», чым гераічныя справы цароў і палкаводцаў. Сам аўтар гэтага «Слова...» не паскупіўся на вытанчаныя красамоўніцкія тропы-вобразы, каб узвысіць святых айцоў («Вы есте реки разумьнаго рая, напоивъше мир весь спасенаго ученія і греховную скверну струями вашего наказанія омывающе! Земніи ангели, Божіему престолу присно предъстояше!...») і прынізіць Арыя, яго шматлікіх тагачасных і будучых паслядоўнікаў («Новый Каине, вторый Іюдо, плътяный демоне..., церковъный всеми ведомый тати, необратъный разбойниче...»). Істотная прыкмета багаслоўскіх поглядаў К.Т. - не барацьба супраць ерасей, а апафеоз евангельскай багадаці, вастрыня адчування духоўнага нараджэння ў Хрысце.

Эпіграфам да антрапалагічнай канцэпцыі К.Т. маглі б стаць яго словы з паэтычнай малітвы ў нядзелю пасля ранішняй літургіі: «Ведаю, што Ты прывёў мяне з нябыту ў быццё і ўпрыгожыў падобнасцю да вобраза Свайго, надзяліў мяне словам і розумам. Ты ўзнёс мяне вышэй за ўсё жывое і паставіў мяне валадаром усяго тварэння». З найвялікшай паэтычнай экспрэсіяй хрысціянскую думку пра супярэчлівасць чалавека, яго высокую духоўную місію на зямлі і яго падзенне праз грахі і спакусы зямныя пісьменнік выявіў у «Слове пра паралізаванага», драматызаваўшы вядомы евангельскі эпізод. Матыў палярнасці, амбівалентнасці чалавечага быцця задаецца першым радком твора: «Неизмерьна небесная высота, ні испытана преисподняя глубина, ниже сведомо Божія смотренія таиньство». Як паэт К.Т. дапоўніў эпічна спакойны расказ евангеліста пра сустрэчу чалавекалюбцы Хрыста і безнадзейна хворага пакутніка, які 38 гадоў чакае цуду збаўлення ад сваёй немачы. Паралізаваны пачынае з любімай паэтамі споведзі ў сваіх грахах: «Усё цела маё расслаблена грахамі, а душа ўкушана ганебнымі страсцямі, і няма чалавека, які пашкадаваў бы мяне». У адказ чуе ад Хрыста: «Што ты кажаш - чалавека не маю? Я дзеля цябе пакінуў скіпетр нябеснага царства, прыйшоў на зямлю, каб выратаваць людзей. Бог стварыў свет для цябе, чалавек: «Тебе ради солнце светом и теплотою служить, и луна съ звездами нощь обеляеть. Тебе для облаци дождемь землю напаяють и земля всяку траву семениту и древа плодовитая на твою службу израстають. Тебе ради реки рыбы носять, и пустыни звери питаеть».

Спавядальныя малітвы К.Т. - шчырае лірычнае самараскрыццё душы чалавека перад сваімі нябеснымі бацькамі - Богам Айцом, Сынам Божым, Маці Боскай і заступнікамі людзей перад Богам, яго святымі: «Знаю, - кажа спавядальнік словамі паэта, - што Ты прывёў мяне з небыцця ў быццё і ўпрыгожыў падабенства Свайго вобраза, даўшы ў дар мне слова і розум. Ты ўзнёс мяне вышэй за жывёлу і паставіў валадаром усяго тварэння. І вось я, як дзіця, падмануты ворагам маім, і падпаў пад уладу крайняй пагібелі (...) Хоць я ўвесь нячысты і апаганены, але спадзяюся на Тваю літасцівасць, бо Ты не адхіліў дзве лепты ўдавы, але пахваліў яе пераважна перад іншымі, а таксама і мытара, што маліўся са скрухаю, апраўдаў». Бог, кажа паэт у сваіх малітвах, стварыў чалавека самаўладным, а ён падпарадкаваўся граху і нячысціку, зацямніўшы сваю першаствораную красу. І вось чалавек просіць Хрыста ўкрыжаваць цела яго страхам боскім, вызваліць думкі ад усяго зямнога і далучыць да нябеснага, а Багародзіцу моліць заступіцца за яго перад нябесным Царом. Цыкл малітваў завяршае «Канон малітоўны» - своеасаблівы паэтычны «магістрал», які падсумоўвае страсны самааналіз чалавека, самавыкрыццё яго неспакойнай душы, якая імкнецца да неба, але крылы яе абцяжараныя зямнымі страсцямі - самалюбствам, зайздрасцю, злосцю, варожасцю, непрымірымасцю ды іншымі грахамі душы і цела.

Праблему чалавека ў яго грамадскім быцці К.Т. сімвалічна выявіў у дзвюх прытчах (кароткай і падрабязнай) пра сляпога і кульгавага, альбо пра чалавечую душу і цела. Як і ў іншых сваіх творах, пісьменнік выкарыстаў як сюжэтную аснову евангельскае апавяданне пра «дамавітага» гаспадара, які насадзіў вінаград і паставіў варту ля яго варотаў. Але развіў гэты сюжэт у складаны красамоўніцкі твор дыдактычна-філасофскага і сацыяльна-этычнага зместу. Дамавіты гаспадар тут сімвалізуе Бога, стваральніка сусвету, сад-вінаград (вертаград) - зямля і «свет гэты», кульгавы - цела чалавека, а сляпы - яго душа, агароджа вакол саду - законы і запаведзі Божыя, а незачыненыя вароты, якія вядуць у сад, - шлях да пазнання Творцы і створанага ім сусвету. Сляпы і кульгавы, аб'яднаўшы свае сілы (сляпы нёс кульгавага, а кульгавы паказваў дарогу), самавольна трапілі ў сад, каб паспрабаваць забароненых пладоў. «Сляпая» душа і «кульгавае» цела сімвалізуюць недасканаласць чалавечага грамадства, якое «кантрабандай» авалодала тайнамі боскага тварэння, не ў стане (па сваёй грахоўнасці і маральнай недасканаласці) выкарыстаць іх для дабра.

У апошніх творах красамоўніцкага жанру (пасланнях да ігумена Кіева-Пячорскага манастыра Васіля), арыгінальных прытчах К.Т. раскрыў глыбокі сацыяльна-этычны сэнс манаскага жыцця і ўскосна выкрыў недасканаласць дзяржаўнага ладу, зямной улады наогул, якая служыць грахоўнай прыродзе чалавека, а не яго духоўнаму ўдасканаленню. Тут, сярод чалавечай улады, выяўляецца духоўная місія «манаскага чына» - даць чалавеку і грамадству ўзоры быцця з Богам і для боскага промыслу, жыцця паводле вядомай малітвы: ціхага і мірнага, у чысціні і ў адпаведнасці з боскай праўдай.

Для хрысціянскай культуры таго часу багаслоўская паэтычная, красамоўніцкая і асветніцкая творчасць К.Т. была сапраўдным адкрыццём красы і мастацкай выяўленчай сілы роднай мовы. Пісьменнік добра ведаў класічную візантыйскую рыторыку і паэтыку, творча выкарыстаў гэту багатую эстэтычную традыцыю, узбагаціўшы культуру і мову свайго народа. З пазнейшых беларускіх асветнікаў бадай што адзіны Сімяон Полацкі дасканала валодаў красамоўніцкім майстэрствам, хоць і ўступаў свайму выдатнаму папярэдніку ў сіле і прыгажосці лірычнага самавыяўлення.

Тв.: Творения... Кирилла, епископа Туровского... Киев, 1880; Молитвы на всю седмицу св. Кирилла, епископа Туровского. Казань, 1857; Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959.

Літ.: Лабынцаў Ю. «Напой росою благодати...». Мн., 1992; Мельнікаў А.А. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997; Надсон А. і інш. Кірыл Тураўскі // Крыніца. 1994. 1(7).

У.Конан

Паведаміць пра недакладнасьць