Сістэматыка амфібій. Амфібіі складаюць самастойны клас пазваночных жывёл, якія адыгралі каласальную ролю ў эвалюцыі наземных пазваночных. У апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі з выкарыстаннем новых метадаў даследаванняў апісаны сотні іншых відаў. Калі ў канцы 1970-х г. колькасць вядомых відаў земнаводных у сусветнай фауне складала больш як 2300 відаў, то цяпер паводле адных адэнак яна дасягае 3400, іншых - амаль 4000. Такім чынам, клас земнаводных, хоць і з'яўляецца самым нешматлікім сярод пазваночных жывёл, у асноўным даволі супараўнальны паводле відавой разнастайнасці з іншымі іх класамі, прынамсі з класамі наземных пазваночных. Праўда, у дачыненні да ўмераных і больш паўночных шырот планеты такое заключэнне не мае трывалай асновы, бо тут адносная відавая разнастайнасць амфібій яўна саступае, напрыклад, разнастайнасці птушак і млекакормячых. Размеркаванне колькасці відаў сярод розных атрадаў амфібій даволі нераўнамернае: у атрадзе бясхвостых налічваецца каля 2900, хвастатых - каля 340, бязногіх - крыху болей як 165 відаў.

Сучасная сістэматыка і прадстаўніцтва розных таксонаў земнаводных выглядае наступным чынам:

Тып хордавых (Chordata)
Падтып пазваночных (Vertebrata), або чарапных (Craniata)
Надклас чатырохногіх (Tetrapoda)
Клас земнаводных, або амфібій (Amphibia)

Падклас дугапазванковых (Apsidospondyli)
Надатрад скакуноў (Salientia)
Атрад бясхвостых (Salientia, або Anura) складаецца з 19 сямействаў, якія аб'ядноўваюць самую шматлікую групу (каля 2900 відаў, у Беларусі - 10) земнаводных.

  • Сямейства гладканогіх (Leiopelmidae) уключае ўсяго 4 віды самых старажытных з сучасных амфібій, якія водзяцца ў Паўночнай Амерыцы (напрыклад, гладканог, або хвастатая жаба) і Новай Зеландыі.
  • Сямейства круглаязычных (Discoglossidae) уключае прымітыўных старажытных амфібій. Эўразію насяляюць 11 відаў. У Беларусі трапляецца адзіны прадстаўнік гэтага ўнікальнага сямейства земнаводных - чырванабрухая жарлянка (Bombina bombina).
  • Сямейства піпавых (Pipidae) прадстаўлена 16 абсалютна воднымі відамі, якія водзяцца ў Паўднёвай Амерыцы (5) і Афрыцы (11). Сярод іх знакамітая гладкая шпорцавая жаба (Xenopus laevis) - аб'ект, аблюбаваны акварыумістамі ўсяго свету.
  • Сямейства часночніц (Pelobatidae) уключае больш як 50 відаў, якія сустракаюцца ў Эўропе, Паўночнай Амерыцы, і больш як 75 відаў у Азіі. У Беларусі прадстаўлены толькі 1 від - часночніца звычайная (Pelobates fuscus).
  • Сямейства свістуноў (Leptodactylidae) даволі шматлікае (больш як 600 відаў) і пашыранае (Паўднёвая, Цэнтральная і часткова Паўночная Амерыка, Вест-Індыя і асабліва Аўстралія).
  • Сямейства сапраўдных рапух (Bufonidae) уключае больш як 3ОО відаў, пашыраных практычна па ўсіх кантынентах, акрамя Аўстраліі, дзе іх як бы замяняюць свістуны, блізкароднасныя сапраўдным рапухам. У Беларусі трапляюцца толькі 3 віды: звычайная, або шэрая, рапуха (Bufo bufo), зялёная рапуха (Bufo viridis), чаротаваяя рапуха (Bufo calamita).
  • Сямейства квакшаў (Hulidae) прадстаўлена амаль 600 відамі, якія жывуць амаль на ўсіх кантынентах. Самая вялікая разнастайнасць іх характэрна для Паўднёвай Амерыкі і Аўстраліі. У Беларусі водзіцца адзіны прадстаўнік сямейства - квакша звычайная (Hyla arborea).
  • Сямейства дрэвалазаў (Dendrobatidae) даволі шматлікае - каля 130 відаў, якія трапляюцца ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы.
  • Сямейства вузкаротых квакшаў (Microhylidae) - адно са шматлікіх, складаецца больш як з 260 відаў, пашыраных у Паўднёва-Ўсходняй Азіі, Аўстраліі, Афрыцы, а таксама на ўсім Амерыканскім кантыненце.
  • Сямейства сапраўдных жаб (Ranidae) аб'ядноўвае прыкладна 550 відаў, пашыраных практычна па ўсёй планеце, акрамя Арктыкі, Аўстраліі і самай паўднёвай часткі Паўднёвай Амерыкі. Прадстаўнік гэтага сямейства жаба-галіяф (даўжынёй больш як 32 см) - рэкардсмен па памерах сярод атрадаў бясхвостых амфібій. У Беларусі прадстаўлены 4 віды: вастрамордая жаба (Rana arvalis), травяная жаба (Rana temporaria), азёрная жаба (Rana ridibunda), сажалкавая жаба (Rana lessonae) з гібрыднай формай (Rana esculenta).
  • Сямейства весланогіх жаб (Rhacophoridae, або Polypedatidae) прадстаўлена амаль 230 відамі, якія вядуць дрэвавы спосаб жыцця. Пашырана пераважна ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі.
  • Іншыя, менш пашыраныя і малалікія сямействы атрада бясхвостых амфібій: насатыя рапухі (Rhinophynidae) - 1 від; атэлопы (Atelopus) - 36 відаў; псеўдысы (Pseudidae) - 1 від, які пры адносна невялікіх памерах дарослых форм (да 6-7 см) вядомы самымі буйнымі лічынкамі (апалонікамі) - да 25 см; рынадэрмы (Rhinodermidae) - некалькі відаў, уключаючы рынадэрму Дарвіна; міябатрахіды (Myobatrachidae) - 1 від; гіпераліды (Hyperoliidae) - некалькі дзесяткаў відаў, якія водзяцца ў Афрыцы і на Мадагаскары.

Падклас тонкапазванковых (Lepospondyli).
Атрад хвастатых (Urodela, або Caudata) складаецца з 8 сямействаў, якія ўключаюць каля 340 відаў, у Беларусі - толькі 2 віды.

  • Сямейства скрытажабернікаў (Cryptobranehidae) уключае толькі 3 віды найбольш прымітыўных хвастатых амфібій, што паўторна поўнасцю перайшлі да воднага спосабу жыцця. Аднак менавіта яно прадстаўляе самых буйных сучасных земнаводных, якія дасягаюць у даўжыню больш за 1,5 м, - гіганцкіх саламандраў. Трапляюцца ва Ўсходнім Кітаі і Японіі, больш дробны від - у Паўночнай Амерыцы.
  • Сямейства вуглазубых (Hynobiidae) таксама аб'ядноўвае вельмі прымітыўных паводле будовы амфібій, усяго каля 30 відаў, пашыраных пераважна ва Ўсходняй Азіі.
  • Сямейства амбістомавых (Ambystomatidae), хоць і адносна невялікае (35 відаў), пашыранае толькі ў Паўночнай і Цэнтральнай Амерыцы, але вельмі вядомае неатэнічнымі, гэта значыць здольнымі размнажацца, лічынкамі-аксалотлямі. Яго прадстаўнікі карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод акварыумістаў усяго свету.
  • Сямейства сірэнавых (Sirenidae) складаецца з 3 відаў, якія водзяцца ў асобных рэгіёнах Паўночнай Амерыкі; цікавае тым, што яго прадстаўнікі маюць толькі пярэднія канечнасці і вонкавыя перыстыя жабры.
  • Сямейства пратэяў (Proteidae) таксама невялікае - 6 відаў; лічыцца, што яны з'яўляюцца прадстаўнікамі неатэнічных лічынак старажытных саламандраў, якія страцілі здольнасць да метамарфозу (пераўтварэнне ў дарослыя формы). Трапляюцца гэтыя ўнікальныя амфібіі толькі ў падземных водах Югаславіі (эўрапейскі пратэй) і чыстых азёрах усходняй часткі Паўночнай Амерыкі (амерыканскія пратэі).
  • Сямейства сапраўдных саламандраў (Salamandridae) - адно з самых буйных сярод хвастатых земнаводных - каля 45 наземных і водных відаў, пашыраных пераважна ў Эўропе, Азіі, Паўночнай Афрыцы і Паўночнай Амерыцы, у Беларусі трапляюцца 2 віды: трытон звычайны (Triturus vulgaris) і трытон грабеньчаты (Triturus eristatus).
  • Сямейства бязлёгачных саламандраў (Plethodontidae) налічвае каля 215 відаў. Гэтыя жывёлы не маюць лёгкіх, большасць пастаянна знаходзіцца ў вадзе, у асноўным у горных ручаях Паўночнай Амерыкі, часткова ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, а 5 відаў пячорных саламандраў сустракаюцца ў Паўднёвай Эўропе. Значная колькасць трапічных, субтрапічных і пячорных відаў водзіцца на сушы.
  • Сямейства амфіумавых уключае 3 віды, якія трапляюцца толькі ва ўсходніх рэгіёнах Паўночнай Амерыкі. Вызначаюцца наяўнасцю адной адкрытай пары жаберных шчылін.

Атрад бязногіх земнаводных (Apoda). Самы нешматлікі паводле відавога складу сярод атрадаў амфібій - 165 відаў, аб'яднаных у 4 сямействы: сапраўдныя чарвягі (Caecilidae) - 96 відаў з Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі, Азіі і Афрыкі; рыбазмеі (Ichyophidae) - 44 віды з Азіі і Паўднёвай Амерыкі; водныя чарвягі (Typhlonectidae) - 19 відаў, якія водзяцца ў Паўднёвай Амерыцы; афрыканскія чарвягі (Scolecomorhpidae) - 6 відаў.

Паведаміць пра недакладнасьць