Сістэматыка рэптылій. Нягледзячы на надзвычай вялікую колькасць відаў вымерлых старажытных паўзуноў, іх сучасная разнастайнасць застаецца значнай (паводле апошніх ацэнак больш як 7000 відаў) і супараўнальная з відавой разнастайнасцю больш высокаарганізаваных пазваночных жывёл (птушак і млекакормячых). Надзвычайная разнастайнасць відаў характэрна для рэгіёнаў з цёплым кліматам, у той час як ва ўмераных шыротах, калі не гаварыць пра больш паўночныя, яна мінімальная - у Беларусі прадстаўлена ўсяго 7 відамі. У сучаснай сістэматыцы жывёльнага свету рэптыліі прадстаўлены наступным чынам:

Тып хордавых (Chordata)
Падтып пазваночных (Vertebrata), або чарапных (Craniata)
Надклас чатырохногіх (Tetrapoda)
Клас паўзуноў, або рэптылій (Reptilia)

Падклас анапсід (Anapsida)
Уключае адзін атрад чарапах (Testudines, або Chelonia), у які ўваходзіць 210-213 (паводле іншых ацэнак каля 230) відаў, аб'яднаных у 5 падатрадаў.

Падатрад скрыташыйных чарапах (Cryptodira) - 140-148 відаў, аб'яднаных у 6 сямействаў.

  • Чатыры невялікія сямействы чарапах, што вядуць прэснаводны спосаб жыцця, насяляюць тэрыторыі амерыканскіх мацерыкоў і Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Гэта сямействы: кайманавых чарапах (Chelydridae) - 2 віды; глеевых чарапах (Kinosternidae) - 20-22 віды; мексіканскіх чарапах (Dermatemydidae) - 1 від; вялікагаловых чарапах (Platysternidae) - 1 від.
  • Сямейства прэснаводных чарапах (Emydidae) уключае 77-85 відаў, вельмі пашыраных у Эўразіі, Амерыцы, Паўночнай Афрыцы. У Беларусі трапляецца адзін від - эўрапейская балотная чарапаха (Emys orbicularis).
  • Сямейства сухапутных чарапах (Testudinidae) налічвае 37 відаў, якія водзяцца на сушы ў адкрытых прасторах стэпаў, пустынь, саваннаў і рэдка ў сырых і лясістых мясцінах Афрыкі, Паўднёва-Ўсходняй Азіі, Паўднёвай Эўропы. У Сярэдняй Азіі трапляюцца 2 віды.

Падатрад марскіх чарапах (Chelonididae) аб'ядноўвае 4 віды аднаго сямейства. Гэта буйныя чарапахі, якія водзяцца ў экватарыяльных водах сусветнага акіяна і выходзяць на сушу толькі ў перыяд размнажэння.

Падатрад мяккацелых, або мяккаскурых, чарапах (Trionychoidae) налічвае 25 відаў з 2 сямействаў: двухкіпцюрных чарапах (Carettochelyidae) - 1 від і трохкіпцюрых чарапах (Trionychidae) - 24 віды. Жывёлы гэтыя не маюць рагавога панцыра. Водзяцца ў прэсных вадаёмах Усходняй Азіі, Афрыкі, Паўночнай Амерыкі, адзін з відаў - на Далёкім Усходзе.

Падатрад бакашыйных чарапах (Pleurodira) складаецца з 45 відаў, аб'яднаных у 2 сямействы: пеламедузавых (Pelomedusidae) - 19 відаў і змяінашыйных чарапах (Chelidae) - 32 віды. Гэта прэснаводныя чарапахі трапічных раёнаў Паўднёвага паўшар'я. Для іх характэрна вельмі доўгая шыя, якую яны могуць згінаць толькі ў гарызантальнай плоскасці; пры небяспецы яны хаваюцца ў бакавую частку панцыра.

Падатрад бесшчытковых чарапах (Athecae) уключае 1 від сямейства скурыстых чарапах (Dermochelyidae). Гэта вельмі буйная чарапаха трапічных раёнаў сусветнага акіяна даўжынёй каля 2 м. Яна не мае ні касцявога, ні рагавога панцыра.

Падклас лепідазаўраў (Lepidosauria) аб'ядноўвае 2 атрады, якія вельмі адрозніваюцца паводле колькасці відаў і ступені эвалюцыйнага развіцця.

Атрад дзюбагаловых, або хобатнагаловых (Rhynchocephalia), уключае адзінага прадстаўніка - гатэрыю з сямейства кліназубых (Sphenodontidae). Гэта прымітыўная і вельмі старажытная жывёліна трапляецца на 20 дробных астравах каля паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Паўночнага вострава Новай Зеландыі.

Атрад лускаватых (Squmata) характарызуецца вялікай разнастайнасцю відаў: дзеліцца, паводле апошніх меркаванняў, на 3 падатрады (раней вылучалі яшчэ падатрад хамелеонаў).

Падатрад яшчарак (Sauria) падзяляюць на 5 інфраатрадаў (геконападобныя, ігуанападобныя, сцынкападобныя, вераценніцападобныя, варанападобныя), якія аб'ядноўваюць 20 сямействаў. Паводле розных ацэнак, агульная колькасць вядомых зараз відаў яшчарак 3300-3900 і больш, спецыялісты таксама лічаць, што да цяперашняга часу апісана менш як 80% відаў. Гэта найбольш шматлікая група сучасных рэптылій, вельмі пашыраная на зямным шары. 3 20 сямействаў яшчарак некаторыя водзяцца толькі ў стэпавых і пустынных зонах Зямлі. Напрыклад, геконавыя (Gekkonidae) налічваюць больш за 600 відаў, агамавыя (Agamidae) - больш за 300 відаў, сцынкавыя (Scincidae) - каля 700 відаў. Прадстаўнікі гэтых сямействаў сустракаюцца ў Сярэдняй Азіі, Казахстане.

  • Сямейства варанавых (Varanidae) уключае 30 відаў, яны цікавыя сваімі вялікімі памерамі. Вараны вострава Камода, размешчанага ў Індыйскім акіяне, дасягаюць даўжыні 3 м. У Сярэдняй Азіі трапляецца пустынны, або шэры, варан (даўжыня больш як 1,5 м). Два віды сямейства ядазубаў (Helodermatidae) водзяцца ў Амерыцы і з'яўляюцца адзінымі сярод яшчарак, якія маюць ядавітыя залозы.
  • Сямейства хамелеонаў (Chamaeleontidae) налічвае больш як 90 відаў - своеасаблівых, здольных мяняць афарбоўку і «страляць» доўгім языком па сваіх ахвярах. Гэтыя трапічныя дрэвавыя жывёлы водзяцца галоўным чынам на востраве Мадагаскар, у Афрыцы і на суседніх з ёй астравах. Адзінкавыя віды сустракаюцца ў Паўднёвай Эўропе, Малой Азіі, Індыі, Шры-Ланцы і інш.
  • Сямейства сапраўдных яшчарак (Lacertidae) уключае больш як 170 відаў, пашыраных у Эўропе, Азіі і Афрыцы. У нашай краіне водзяцца яшчаркі порсткая (Lacerta agilis) і жывародная (Lacerta vivipara).
  • Сямейства вераценніцавых (Anguidae) складаецца больш як з 80 відаў. У прадстаўнікоў гэтага сямейства абедзве пары канечнасцей поўнасцю або амаль поўнасцю (як у жаўтапузіка) рэдукаваны. У Беларусі гэта сямейства прадстаўлена адным відам - вераценніцай ломкай (Anguis fragilis).

Падатрад амфісбен, або двухходак (Amphisbaenia). Раней амфісбен адносілі да яшчарак. Іх цела ўкрыта не лускавінкамі, а суцэльнай рагавой плёнкай, перасечанай падоўжнымі і папярочнымі барознамі. Амфісбены вядуць рыйны спосаб жыцця, большасць з іх бязногія. Яны лёгка перамяшчаюцца ў глебе і ўперад, і назад, адсюль іх другая назва - двухходкі. Асноўныя раёны пашырэння - тропікі Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі.

Падатрад змей (Ophidia, або Serpentes) налічвае больш як 3000 відаў, згрупаваных у 3 інфраатрады (чэрвепадобныя, ніжэйшыя змеі, вышэйшыя змеі), якія аб'ядноўваюць 12 сямействаў. Гэта больш маладая група, чым яшчаркі. Мяркуюць, што ў выніку прыстасавання да жыцця ў хмызняковых зарасніках яны страцілі канечнасці. Пра тое, што іх бязногасць другасная, сведчаць рудыменты канечнасцей, якія захаваліся ў некаторых відаў.

  • Сямейства слепуноў (Typhlopidae) аб'ядноўвае 170 відаў рыйных жывёл. Пашыраны ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, Паўднёвай Афрыцы, Паўднёвай Азіі, Аўстраліі. У Сярэдняй Азіі водзіцца адзін від - слепазмейка.
  • Сямейства лжэногіх змей (Boidae) налічвае 80 відаў, памеры якіх ад 0,5 да 10 м. Гэтыя змеі (удавы, пітоны) паядаюць буйных жывёл, папярэдне задушыўшы іх кольцамі цела. Трапляюцца ў Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы, Азіі. Толькі чатыры параўнальна невялікія прадстаўнікі сустракаюцца на тэрыторыі Казахстана і Сярэдняй Азіі. Назва сямейства адлюстроўвае наяўнасць рудыментаў канечнасцей.
  • Сямейства вужападобных змей (Colubridae) уключае 1600 відаў, аб'ядноўвае больш як 60% усіх відаў змей, якія водзяцца на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. У Беларусі ёсць 2 прадстаўнікі сямейства - вуж звычайны (Natrix natrix) і мядзянка (Coronella austriaca).
  • Сямейства аспідавых змей (Elapidae) налічвае каля 200 відаў вельмі ядавітых змей, якія насяляюць тропікі і субтропікі. У Сярэдняй Азіі трапляецца адзін прадстаўнік - сярэднеазіяцкая кобра.
  • Сямейства марскіх змей (Hydrophiidae) аб'ядноўвае больш як 50 відаў, якія трапляюцца ў трапічных водах Ціхага і Індыйскага акіянаў. На сушу выходзяць толькі для размнажэння. Ядавітыя.
  • Сямейства гадзюкавых (Viperidae) складаюць 60 відаў ядавітых змей, пашыраных у Эўропе, Азіі, Афрыцы, у лясных, стэпавых і пустынных зонах. У Беларусі трапляецца адзіны від - гадзюка звычайная (Vipera berus).
  • Сямейства ямкагаловых змей (Crotalidae) налічвае каля 140 відаў. Ядавітыя змеі, у якіх ёсць незвычайны орган пачуццяў - тэрмалакатар, што ўспрымае цеплавое выпрамяненне з дакладнасцю да 0,3°C. Ён размешчаны ў паглыбленні на галаве, адсюль і назва сямейства. У некаторых відаў на канцы хваста разрастаюцца лускавінкі, якія ў час руху выдаюць своеасаблівы трэск. Грымучыя змеі водзяцца ў Паўднёвай і Паўночнай Амерыцы, Паўднёвай Азіі, на Далёкім Усходзе.

Паведаміць пра недакладнасьць