Круглаязычныя (Discoglossidae). Прадстаўнікі гэтага сямейства амфібій адносяцца да падатрада апістацэльных, характэрнай рысай якога з'яўляюцца заднеўвагнутыя і выпуклыя ўперадзе, або апістацэльныя, тулаўныя пазванкі. Назва сямейства звязана са своеасаблівай для яго прадстаўнікоў будовай языка, які не выкарыстоўваецца пры схопліванні здабычы, бо прымацаваны ўсёй ніжняй паверхняй да дна ротавай поласці. Тулаўных пазванкоў не менш як восем. Папярочныя адросткі крыжавога пазванка расшыраны.

Вядомы 4 роды, якія аб'ядноўваюць 11 эўраазіяцкіх відаў. З іх у фауне Беларусі пашыраны толькі чырванабрухая жарлянка. Для жарлянак характэрна адсутнасць барабаннай перапонкі і трохгранная зрэнка. Афарбоўка спіннога і брушнога бакоў цела рэзка адрозніваецца. Калі афарбоўка злёгку бугрыстай скуры спіны вар'іруе ад светла-шэрай да чорнай, то брушка, горла і ўнутраныя паверхні канечнасцей маюць своеасаблівы мазаічны малюнак з ярка-чырвоных або жоўтых плям на цёмным фоне. Скурныя выдзяленні жарлянак маюць найбольш едкі сакрэт сярод амфібій ва ўмераных шыротах.

Унікальнымі прадстаўнікамі другога роду гэтага сямейства, якія пашыраны ў Заходняй Эўропе, з'яўляюцца жабы-павітухі. Для іх характэрны своеасаблівы клопат пра патомства. Самец наматвае пакінуты самкай на сушы шнур, які складаецца з 18-50 ікрынак, на сцёгны задніх канечнасцей і носіць яго з сабой. Да моманту вылуплівання апалонікаў ён пераносіць ікрынкі ў вадаём.

Паведаміць пра недакладнасьць