Вуж звычайны (Natrix natrix)

Паўзун сямейства вужовых. Самы шматлікі і пашыраны від змей у Беларусі. Даўжыня цела 50-70, радзей да 100 см, хваста - каля 20 см, маса 80-300 г. Колькасць лускавінак вакол сярэдзіны тулава 18-19, брушных шчыткоў 154-188. Ад іншых змей, якія трапляюцца на тэрыторыі краіны, адрозніваецца дзвюма вялікімі жоўтымі, ярка-аранжавымі або белаватымі плямамі па баках галавы. Спіна светла-шэрага, цёмна-шэрага, іншы раз амаль чорнага колеру. На шэрым фоне могуць быць цёмныя плямы. На брушку вельмі стракаты малюнак з-за рознага спалучэння цёмных плям на матава-белых шчытках. Зрэнка круглая. На тэрыторыі Беларусі пашыраны намінальны падвід (Natrix n.natrix) з дзевяці апісаных.

Вуж звычайны распаўсюджаны амаль па ўсёй Эўропе, акрамя Ірландыі, паўночнай часткі Вялікабрытаніі і паўночнай часткі Скандынаўскага паўвострава. Пашыраны на паўночным захадзе Афрыкі, а таксама ў Заходняй Азіі да паўночнага захаду Манголіі, паўднёвай часткі Ўсходняй Сібіры і паўднёвага захаду Ірана. У Беларусі вуж сустракаецца практычна ва ўсіх рэгіёнах.

Месцы яго знаходжання дастаткова разнастайныя і характарызуюцца высокай вільготнасцю. Найчасцей яны трапляюцца па берагах розных вадаёмаў, па ўскрайках нізінных балот, на нізінных лугах сярод лясных масіваў, у поймавых алешніках і дубровах, на старых зарослых высечках, па краі вадаёмаў з абрывістымі берагамі, дзе шмат амфібій і спрыяльныя ўмовы для ўкрыццяў (напрыклад, уздоўж Сергучоўскага канала, Нёмана, Заходняй Дзвіны), а таксама на паселішчах баброў. Найбольшая шчыльнасць вужоў летам назіраецца ў алешніках - 31,3 (0-257) экз/га, бярэзніках - 197,5 (0-242,2), дубровах - 17,0 (0-42,8) экз/га. Зменлівасць шчыльнасці засялення вужа вельмі вялікая нават у межах аднатыпных біятопаў і залежыць пераважна ад наяўнасці вадаёмаў. Сустракаюцца вужы і па берагах рыбаводных сажалак. Адсутнічаюць яны на дамбах нядаўна пабудаваных сажалак, аднак трапляюцца на старых дамбах, зарослых хмызняком. Нярэдка вужы збіраюцца на ўчастках малых рэк і меліярацыйных каналаў з бетоннымі мастамі на іх. Тут яны знаходзяць зручныя сховішчы паміж бетоннымі плітамі і пад імі. Вужы ў такіх месцах сустракаюцца нават у невялікіх населеных пунктах. Улюбёныя месцы пражывання - вялікія старыя пні, дзе яны грэюцца на сонцы, а ў выпадку небяспекі хутка хаваюцца ў трэшчыны, поласці і норы пад каранямі.

Афарбоўка ў вужоў вельмі зменлівая. Тыповыя парныя раздзельныя кантрастныя плямы на галаве сустракаюцца больш як у 85% асобін, у астатніх адзначаюцца злучэнне плям паміж сабой перамычкай або поўнае іх зліццё, слаба выражаная кантрастнасць плям, з'яўленне прамежкавай плямы і іншыя варыяцыі. Адхіленні ад тыповага праяўлення плямістасці на галаве характэрны пераважна для асобін, што пражываюць у паўночнай частцы краіны. З рознай частатой сустракаюцца вужы, якія вызначаюцца па афарбоўцы спіны: светла-шэрыя, цёмна-шэрыя і чорныя, з плямістасцю і без яе. Асабліва зменлівы малюнак брушной часткі тулава і хваста: ад светлых участкаў, пярэстай мазаікі да суцэльных цёмных участкаў. Амаль у 70% вужоў уздоўж сярэдзіны ніжняй часткі хваста праходзіць белая паласа. Плямістыя вужы на поўдні краіны складаюць больш за 90%, а на поўначы практычна не трапляюцца. Яшчэ большая ступень зменлівасці назіраецца пры аналізе камбінацый і колькасці скроневых, перадлобных, міжнасавых, брушных, анальных і падхваставых шчыткоў.

Цікава, што ў вужоў сустракаюцца такія прыроджаныя анамаліі, як двухгаловасць. У прыродзе гэтыя экзэмпляры хутка гінуць, але вядомы выпадкі, калі такіх «монстраў» выкормлівалі ў тэрарыумах і яны жылі гадамі. Знаходкі такіх асобін вядомы і ў Беларусі, што выводзіць вобраз шматгаловага Змея Гарынавіча з вобласці чыстай фантазіі ў сферу рэальных прататыпаў.

Вужы вызначаюцца вялікай рухомасцю і манеўранасцю. Пры небяспецы яны імгненна адпаўзаюць на значныя адлегласці, добра пераадольваюць розныя перашкоды, якіх у лесе нямала. Вужы могуць поўзаць па дрэвах, іншы раз запаўзаюць да самай верхавіны. Водныя перашкоды вужы таксама легка пераадольваюць - добра плаваюць. У перыяд веснавой паводкі, напрыклад, могуць аддаляцца ад берага на некалькі кіламетраў. На беразе Прыпяці ў траўні вужы трапляліся ў месцах, якія раней былі цалкам заліты вадой. Вужы выдатна ныраюць і даволі доўга (да паўгадзіны) могуць знаходзіцца пад вадой. Не баяцца яны і халоднай вады.

Злоўленыя вужы толькі ў рэдкіх выпадках спрабуюць кусацца, наносячы зубамі лёгкія драпіны, якія хутка зажываюць. Звычайна яны паводзяць сябе даволі спакойна. Своеасаблівым сродкам абароны з'яўляецца жаўтавата-белая вадкасць з вельмі непрыемным пахам, якая выкідаецца з клаакі.

У некаторых выпадках злоўлены вуж даволі хутка перастае супраціўляцца, а потым цалкам расслабляе цела, шырока раскрывае пашчу і з высунутым языком змярцвела вісне на руках або паварочваецца на спіну. З рота вывальваецца неператраўлены корм. Іншы раз з пашчы паказваюцца нават кропелькі крыві. Гэты стан «уяўнай смерці» - таксама ахоўная рэакцыя. Калі такога вужа пакінуць у спакоі або кінуць у ваду, ён хутка «ажывае».

Вуж звычайны - тыпова дзённая жывёліна і на ноч запаўзае ў сховішча. Палюе ён часцей за ўсё раніцай і пад вечар. Днём звычайна грэецца на сонцы, што спрыяе больш хуткаму ператраўліванню корму. Самая ранняя актыўнасць вужа - 7 гадзін раніцы, найбольш позняя - 23 гадзіны. У непагадзь вужы часцей за ўсё са сховішчаў не выпаўзаюць. У якасці сховішчаў яны выкарыстоўваюць норы і хады млекакормячых, расколіны ў грунце па берагах вадаёмаў, кучы камянёў, бярвёнаў. Нярэдка вужы хаваюцца ў падвалах, пад падлогамі гаспадарчых пабудоў, пад стагамі сена, у кучах смецця. Вужы лёгка робяць хады ў рыхлым грунце, у скошанай траве, пад апалым лісцем і інш.

Кормяцца пераважна амфібіямі. Абследаванне вужоў у розных абласцях Беларусі паказала, што ў 65,5% выпадках паядаецца травяная жаба, у 26,7% - вастрамордая жаба, у 4,1% - зялёная жаба (азёрная і сажалкавая), у 1,4% - шэрая рапуха. У адзінкавых выпадках у страўніках вужоў знаходзілі жарлянак чырванабрухіх, зялёных рапух, часночніц, квакшаў і зрэдку (1,7%) рыб (плотка, галавень, карась). Акрамя амфібій і рыб вуж можа паядаць порсткіх яшчарак, звычайных гадзюк, птушанят берагавой ластаўкі, жаўрукоў, заранак, маладых вавёрак, кратоў, землярыек, мышэй-малютак, палёвак. Сваю здабычу вужы заглынаюць заўсёды жыўцом. Яны нібы «ўсмоктваюць» ахвяру ў пашчу, нацягваючы на яе пачаргова палавінкі сваіх сківіц. З дробнай здабычай вужы распраўляюцца вельмі хутка (дробных жаб і рапух яны хапаюць з галавы). З буйнымі амфібіямі даводзіцца паваятузіцца некалькі гадзін. Лічыцца, што ў засмоктванні адносна буйных жаб і рапух з задніх ног ёсць немалы сэнс, паколькі пры гэтым з ахвяры выціскаецца паветра, якога яна ад перапуду набірае поўныя лёгкія, што змяншае памеры здабычы і садзейнічае больш лёгкаму яе праходжанню праз ротава-глотачную поласць. Корм, які з'ядаюць вужы за суткі, складае каля 10-20% іх уласнай вагі.

Вужы, як і іншыя змеі, здольныя пераносіць працяглае (да 14 месяцаў) галаданне, у выніку чаго маса іх цела зніжаецца на 40%. Вужы на тэрыторыі Беларусі да канца жніўня назапашваюць тлушч (да 6-7% ад масы цела). Гэтыя энергетычныя рэзервы выкарыстоўваюцца ў перыяд зімовай спячкі, а таксама пры неспрыяльным для здабычы корму восеньскім надвор'і.

З-за высокай шчыльнасці вуж звычайны з'яўляецца здабычай для іншых жывёлін. Сярод іх млекакормячыя (вожык, ліс, янотападобны сабака, ласка, тхор, норка, куніца, барсук, дзік), птушкі (белы і чорны буслы, шэрая чапля, пустальга, мышалоў, каршун, арлан-белахвост, вялікі і малы падворлікі, коршак, змеяед, скапа, шэрая сава, некаторыя віды драздоў, сарока), рэптыліі і амфібіі (мядзянка, вераценніца, зялёная жаба). Адны жывёліны паядаюць маладых і дарослых вужоў, іншыя кормяцца яйкамі і вужанятамі.

У спячцы знаходзяцца з сярэдзіны верасня. Аднак на поўдні краіны (у Прыпяцкім запаведніку) у актыўным стане трапляліся яшчэ і ў пачатку кастрычніка. Зімуюць па адным або ў вялікай колькасці ў глыбокіх норах пад пнямі, стагамі сена, падлогай хлявоў, у кучах смецця, падвалах і іншых непрамёрзлых месцах.

З зімоўкі вужы выходзяць звычайна ў красавіку, а на поўдні і паўднёвым захадзе краіны нават з канца сакавіка, калі яшчэ здараюцца замаразкі. У гэты перыяд іх асабліва шмат. Напрыклад, у Пінскім раёне на ўзлесках хвойніку побач з забалочанымі алешнікамі і беразнякамі, а таксама на зарослых маліннікам палянах праз кожныя 10-15 м трапляліся клубкі вужоў. Практычна адразу пасля выхаду з зімовак (пры добрым надвор'і) або праз 1-2 тыдні адбываецца спароўванне. Кладка яек пачынаецца не раней як у канцы чэрвеня і нярэдка працягваецца ўсё лета. Найбольш масавая кладка яек адбываецца ў ліпені, а ва ўмовах гарачага лета - у канцы чэрвеня. Адна самка кладзе ад 6 да 26 яек. Памеры яек даволі розныя: даўжыня 16,2-38,7 мм, шырыня 13,2-23 мм, маса яек 2,1-4,7 г. Вужы кладуць яйкі ў глыбокіх расколах глебы на берагах вадаёмаў, у старых трухлявых пнях, ствалах паваленых дрэў, пад гнілым бярвеннем, у смецці, пад фундаментамі пабудоў, у драўняных апілках, у кучах гною. Нярэдка вужы робяць агульныя кладкі. Так, у прыбярэжнай зоне возера Лядна ў Лепельскім раёне былі знойдзены такія кладкі па 60-112 яек. Перыяд развіцця яек залежыць ад тэмпературных умоў і цягнецца ад 30 сутак пры тэмпературы 28-30°C да 60 сутак пры больш нізкай тэмпературы. Улічваючы, што вужаняты пачынаюць з'яўляцца з канца ліпеня (пры кладцы яек не раней як у канцы чэрвеня), трэба меркаваць, што 30 сутак - найбольш кароткі перыяд эмбрыягенезу, адзначаны ў прыродных умовах. Выхад маладых вужанят з агульных кладак складае не больш як 60%. Даўжыня цела малявак каля 13 см. Вужаняты вядуць самастойны, больш скрытны, чым у дарослых, спосаб жыцця. Самцы дасягаюць полавай спеласці на трэці год жыцця, самкі - на чацвёрты або пяты.

Вуж з'яўляецца кормам для многіх відаў млекакормячых і птушак. Яго шкоднасць для рыбнай гаспадаркі вельмі перабольшана. Калі прыгледзецца да вужа і пераадолець прадузятыя адносіны да змей, гэта бяскрыўдная рэптылія па грацыёзнасці і элементах афарбоўкі з'яўляецца ўпрыгажэннем нашай прыроды.

Паведаміць пра недакладнасьць