Жаба сажалкавая (Rana lessonae)

Земнаводнае сямейства сапраўдных жаб; з сажалкавай жабай і гібрыднай формай адносіцца да групы зялёных жаб. Вядома старая назва гэтага віду - жаба ядомая (Rana esculenta), адну з яго разнавіднасцей лічылі падвідам (Rana esculenta lessonae). У апошнія дзесяцігоддзі было даказана, што форма Rana esculenta - гібрыд паміж сажалкавай (Rana lessonae) і азёрнай (Rana ridibunda) жабамі. Даўжыня цела сажалкавай жабы 4,5-7 см, маса 7,5-28 г. Цела зграбнае, злёгку ўкарочанае і расшыранае. Морда авальная, крыху завостраная. Іншы раз трапляюцца асобіны з цёмнымі скроневымі плямамі. Верхняя частка цела ярка-зялёная, шэра-зялёная, карычнева-зялёная, або аліўкавая. Колькасць цёмных плям на спіне вар'іруе ў розных асобін. Нярэдка сустракаюцца экзэмпляры сажалкавых жаб без плям. У большасці (да 90% асобін) уздоўж хрыбта і галавы праходзіць светлая паласа. Скура на брушку і горле белая, аднак іншы раз, часцей у гібрыдных формаў, на ёй бываюць цёмныя плямы. Важнейшыя адметныя прыкметы: у становішчы, калі галёнкі прыціснуты да сцёгнаў і размешчаны перпендыкулярна да падоўжанай восі цела, галёнкаступыёвыя сучляненні не датыкаюцца (у гібрыднай формы датыкаюцца); унутраны пятачны бугарок матава-белы, высокі, сплясканы, яго даўжыня меншая за даўжыню першага пальца ў 1-2 разы; галасавыя рэзанатары самцоў белага колеру. Тулава апалонікаў авальнае, светла-аліўкавае. Прамежак паміж вачыма ў іх у 1,5-2 разы большы, чым паміж ноздрамі. На верхняй губе 2-3, на ніжняй - 3 рады зубоў. Ніжняя сківіца з глыбокім выгінам.

Пашырана сажалкавая жаба ў цэнтральнай частцы Эўропы ад 60° паўночнай шыраты да паўднёвых раёнаў Францыі і поўначы Балканскага паўвострава, на ўсход ад яе арэал пашыраецца да сярэдняга цячэння Волгі. У Беларусі сустракаецца на ўсёй тэрыторыі. Найбольш часта трапляецца разам з гібрыднай формай, значна радзей - з азёрнай жабай і толькі ў некаторых месцах - адасоблена.

У Беларусі сажалкавая жаба насяляе самыя разнастайныя вадаёмы, за выключэннем быстрых рэк. Даволі часта сустракаецца ў вільготных прыпоймавых лясах на поўдні краіны, а таксама на лугах па-за вадаёмамі.

Біялагічныя асаблівасці сажалкавай жабы (харчаванне, размнажэнне, развіццё і характар зімовак, месцы іх насялення) амаль такія ж, як у азёрнай, з якой яна можа спароўвацца. Лічыцца, што гібрыднай форме, нібы прамежкавай па вонкавых прыкметах, уласціва вялікая прыстасавальнасць да розных умоў жыцця за кошт аб'яднання пераваг абедзвюх бацькоўскіх форм.

Корміцца гэта жаба як на сушы, дзе здабывае да 65% усіх кармоў, так і ў вадаёмах. Напрыклад, у Беларускім Паазер'і ў корме сажалкавай жабы каля 15% складаюць лічынкі стракоз, амаль столькі ж - вадзяныя жукі і бруханогія малюскі, а таксама разнастайныя лятаючыя і паўзучыя насякомыя. Ворагі сажалкавай жабы тыя, што і ў азёрнай. З-за невялікіх памераў плоднасць самак адносна невялікая - да 2000-3000 ікрынак. У некаторых раёнах краіны трапляюцца асобіны, якія маюць замест звычайных 5 па 6-7 і нават 8 пальцаў на задніх канечнасцях (у зоне рыбгаса «Альба» Нясвіжскага раёна больш за 35% маладых жабянят мелі такую колькасць пальцаў). Палавой спеласці сажалкавыя жабы дасягаюць на 2-3-і год жыцця.

Сажалкавая жаба, як і іншыя бясхвостыя амфібіі, знішчае значную колькасць расліннаедных беспазваночных, зніжаючы іх шкоднае ўздзеянне на лугі і лясы. Сама ж яна з'яўляецца незаменным кормам для водных і наземных пазваночных асобін. Лічынкі сажалкавай жабы садзейнічаюць ачышчэнню вады ад празмернага развіцця водарасцей, што асабліва важна для штучных вадаёмаў (сажалак, вадасховішчаў, паркавых вадаёмаў), якія схільны да «цвіцення» вады. Сажалкавая жаба каштоўная як аб'ект экспартнага промыслу, а таксама як лабараторная асобіна. Трэба адзначыць эстэтычнае значэнне сажалкавай жабы з-за даволі прыемнай афарбоўкі і вакальных канцэртаў вясной і ў пачатку лета.

Паведаміць пра недакладнасьць