Жарлянка чырванабрухая (Bombina bombina)

Земнаводнае сямейства круглаязычных. Адзін з найбольш дробных відаў бясхвостых амфібій Беларусі: даўжыня цела 35-50 мм, маса 3-10 г. Цела авальнае, пляскатае. Морда круглаватая. Канечнасці адносна кароткія, плавальныя перапонкі не даходзяць да канцоў пальцаў. Скура гузаватая. Барабанная перапонка адсутнічае. Язык тоўсты, дыскападобны, усёй ніжняй паверхняй прымацаваны да дна ротавай поласці. Верхняя частка цела светла-шэрая, бураватая або амаль чорная з цёмнымі плямамі. Часам трапляюцца асобіны з парнымі зялёнымі плямамі ззаду галавы. На ніжняй частцы цела (уключаючы ўнутраную частку канечнасцей) ёсць чырвоныя або аранжавыя і сіне-чорныя плямы няправільнай формы, якія чаргуюцца. Кончыкі пальцаў зверху чорнага колеру. У шлюбны перыяд у самцоў з'яўляюцца чорныя мазалі на першым і другім пальцах і ўнутранай частцы перадплечча. Самцы маюць унутраныя рэзанатары. Апалонікі жарлянак адрозніваюцца ад лічынак іншых відаў бясхвостых амфібій спецыфічнай формай ротавага дыска, на верхняй губе ротавага дыска ў іх 2 рады зубоў, трэці верхні рад ніжнегубных рагавых зубчыкаў часцей за ўсё мае прасвет пасярэдзіне, а грэбень спінна-хваставога плаўніка даходзіць да сярэдзіны спіны. Арэал чырванабрухай жарлянкі ахоплівае Цэнтральную і Ўсходнюю Эўропу. На ўсходзе яна трапляецца да Ўрала, на захадзе - да Саксоніі (Германія), на поўдні - да Чорнага мора, на поўначы - да Даніі і Паўднёвай Швецыі і да 58° паўночнай шыраты ва Ўсходняй Эўропе. Раней лічылася, што жарлянка распаўсюджана па ўсёй тэрыторыі Беларусі, хоць у большай ступені ў паўднёвых, паўднёва-заходніх і цэнтральных раёнах. Даследаваннямі апошніх 10-15 гадоў даказана, што ў Беларускім Паазер'і жарлянкі чырванабрухай усё ж няма і мяркуемая паўночная мяжа яе пашырэння праходзіць на поўдзень ад лініі Паставы-Докшыцы-Новалукомль-Ворша. Пашырэнне чырванабрухай жарлянкі ў Беларусі вельмі мазаічнае. Жыве яна ў неглыбокіх (да 50-70 см) вадаёмах, якія добра праграюцца, часта пакрытыя раскай і зарослыя іншай воднай расліннасцю, у забалочаных нізінах. Найбольш часта жарлянка трапляецца ў старыцах рэк, зацішных затоках азёр, у сажалках, меліярацыйных каналах, на балотах, у часовых лужах на ўзлесках, палянах і дарогах, сярод лісцевых лясоў, у залітых поймах рэк, на забалочаных лугах. Часта яны пераходзяць з асноўных вадаёмаў у часовыя. Так, пад Нясвіжам (Менская вобласць) жарлянкі ў начны час мігрыруюць з сажалак рыбгаса «Альба» ў размешчаныя на адлегласці 10-20 м мелкія часовыя лужыны. На Палессі сустрэць жарлянку ў вільготных дубровах або алешніках - звычайная з'ява. Чырванабрухая жарлянка даволі пластычная і паспяхова прыжываецца ў месцах, пераўтвораных гаспадарчай дзейнасцю чалавека, нават у вадаёмах, размешчаных ў гарадскіх межах (трапляецца ў Менску, Чэрыкаве, Горадні, Рэчыцы), уздоўж шашэйных і іншых дарог. Яны пашыраны таксама ўздоўж меліярацыйных каналаў і іншых вадаёмаў, якія знаходзяцца на мяжы з сельгасугоддзямі. У Пінскім (в. Ласіцк) і Нясвіжскім (в. Юшавічы) раёнах жарлянкі былі выяўлены ў вадаёмах сярод палёў. Як правіла, такія вадаёмы забруджаны, і тым не менш жарлянкі іх не пакідаюць. У Менску жарлянкі выяўлены ў вадаёме (старыца р. Лошыцы), ператвораным у сметнік.

У поймавай зоне р. Прыпяць на 100 м берагавых ліній старыц і меліярацыйных каналаў жыве ад 2 да 50 асобін чырванабрухай жарлянкі. Шчыльнасць засялення гэтых амфібій на 1 га заліўных лугоў у ніжнім цячэнні Бярэзіны, Дняпра, Прыпяці складае ад 20 да 60 экземпляраў, алешнікаў і дуброў - ад 20 да 83 экземпляраў. У вільготных лясах на яе долю прыпадае 0,4-3,4% ад агульнай колькасці амфібій. У шэрагу вадаёмаў Беларускага Палесся колькасць чырванабрухай жарлянкі супастаўна з яе колькасцю ва Ўкраінскіх Карпатах - 20-40 асобін на 100 м берагавой лініі, што дазваляе ацэньваць умовы іх пражывання як спрыяльныя. Колькасць жа сяголетак у вадаёмах у жніўні - пачатку верасня можа дасягаць наогул вялікіх паказчыкаў - 500-700 асобін на 100 м берагавой лініі.

Перыяд сутачнай актыўнасці чырванабрухай жарлянкі залежыць ад умоў надвор'я. У большасці выпадкаў ва ўмовах ціхага цёплага надвор'я (20°C) жарлянкі актыўныя на працягу ўсяго светлавога перыяду сутак і нават у прыцемкі, а часам і ўначы.

У вадаёмах жарлянкі кормяцца ў асноўным (на 30-76%) воднымі беспазваночнымі, сярод якіх лічынкі двухкрылых, малюскі і іншыя. Найбольш звычайнымі аб'ектамі палявання жарлянак з'яўляюцца лічынкі камароў, у пошуках канцэнтрацыі якіх яны і перамяшчаюцца ўздоўж мелкіх вадаёмаў. У шмат якіх выпадках у час міграцый паміж вадаёмамі або пры выхадзе на бераг, а таксама ў вільготных лясах у іх рацыёне пераважаюць наземныя формы беспазваночных, а доля водных зніжаецца да 10%. На сушы часцей за ўсё жарлянкі паядаюць павукоў (больш за 40%), камароў, мух, тлю, блох.

Нягледзячы на надзвычайную ядавітасць скурных выдзяленняў і адпуджвальную афарбоўку, жарлянкі з'яўляюцца здабычай іншых пазваночных жывёл. Дробныя асобіны (сяголеткі і гадавікі) становяцца ахвярамі зялёных жаб і чарапах, якія жывуць побач. Так, у страўніках балотных чарапах апалонікі жарлянак складаюць амаль 30%. Паядаюць жарлянак вужы і гадзюкі. Нярэдка на берагах вадаёмаў можна бачыць забітых жарлянак, раскляваных птушкамі. Іх паядаюць бугай, крыжанка, малы падворлік, канюк, шэрая чапля, белы бусел, звычайная няясыць, жулан, грак, сарока, варона, а таксама млекакормячыя - вожык, янотападобны сабака, тхор, барсук, выдра.

У скурных выдзяленнях жарлянак ёсць рэчыва фрыналізін, якое выклікае распад эрытрацытаў крыві. Гэты сакрэт жарлянак у параўнанні з сакрэтамі іншых амфібій моцнадзейны. Даводзілася назіраць, як змешчаныя разам з жарлянкамі жабы гінулі на працягу некалькіх гадзін. Скурныя выдзяленні жарлянак у выглядзе белай пены маюць своеасаблівы востры пах, выклікаюць у чалавека чханне, а часам і адчуванне пякоты на скуры пальцаў.

Нягледзячы на ядавітасць скурных выдзяленняў, не трэба баяцца гэтых жывёл. Іх можна браць у рукі (калі няма драпін або іншых ранак), каб палюбавацца іх надзвычайнай афарбоўкай. У выпадку небяспекі гэтыя амфібіі ныраюць на дно вадаёма, хаваюцца сярод расліннасці або закопваюцца ў глей. Калі дакрануцца да жарлянкі, якая знаходзіцца на сушы, яна прымае вельмі своеасаблівую позу: моцна задзірае ўверх галаву, прагінае тулава і выварочвае канечнасці такім чынам, што бачны чырвона-аранжавыя бакі цела і ніжнія паверхні канечнасцей. У такім становішчы жарлянка можа быць лёгка перакулена драпежнікам на спіну, і ў гэтым выпадку цалкам відаць яркая афарбоўка ніжняй часткі цела, якая, на думку даследчыкаў, з'яўляецца сігналам для ворагаў і папярэджвае пра ядавітасць жывёлы. Ёсць звесткі, што жарлянка ў выпадку небяспекі сама перакульваецца на спіну з гэтай мэтай.

Зіму жарлянкі праводзяць, як правіла, на сушы ў розных норах, ямах, у пясчаным грунце, рыхлай глебе ўздоўж берагоў вадаёмаў, скляпах, падвалах. Часта зімуюць побач і іншымі відамі земнаводных. Часам на зімоўку збіраецца да 300 жывёлін у адным месцы. Ва ўмовах Беларусі жарлянкі даволі позна адыходзяць у зімовыя сховішчы (не раней кастрычніка) і адносна рана (на поўдні краіны ўжо ў канцы сакавіка) выходзяць з іх.

Першыя шлюбныя крыкі самцоў жарлянкі адзначаны на поўдні краіны ў пачатку красавіка, а ў цэнтральнай яе частцы - з сярэдзіны красавіка, пры тэмпературы вады 14-16°C. Крыкі нагадваюць мінорны, манатонны гук «ук» або «ўнк». Унутраныя рэзанатары надзімаюцца пад скурай і надаюць самцам форму шара. Часам паветра некаторы час (верагодна, з перапуду) не выпускаецца з іх, і ў гэтым выпадку ўзрушаныя самцы не здольныя нырнуць у ваду і смешна боўтаюцца на паверхні. Шлюбныя крыкі могуць выдавацца і пад вадой, але моц гуку пры гэтым рэзка змяншаецца. Шлюбны перыяд у жарлянак працягваецца доўга: практычна з красавіка да чэрвеня-ліпеня. Спароўванне, Нягледзячы на раннія крыкі самцоў, адзначаецца толькі ў траўні, калі вада праграецца да 18-20°C. Пры гэтым самец трымае самку каля асновы сцёгнаў. Самка адкладвае 80-300, часам каля 700 ікрынак. Месцы нераставання звычайна размяшчаюцца ў асноўных вадаёмах пражывання. Нераставанне адбываецца ноччу, ікра нібы падвешваецца на воднай расліннасці невялікімі порцыямі па некалькі штук або дзесяткаў ікрынак. Эмбрыянальнае развіццё працягваецца 4-10 сутак. У адрозненне ад большасці лічынак іншых відаў апалонікі жарлянак жывуць у больш глыбокіх вадаёмах. На думку даследчыкаў, з гэтым звязана адносна вялікая плошча хваставога плаўніка (орган перамяшчэння і дыхання). Гэта асаблівасць, верагодна, вызначаецца спецыфікай кармлення апалонікаў жарлянак. У іх рацыёне пераважаюць прасцейшыя - калаўроткі, ракападобныя, якія складаюць 63%. Акрамя таго, яны кормяцца водарасцямі, а таксама арганічнымі рэшткамі жывёльнага і расліннага паходжання на дне вадаёмаў. Перыяд размнажэння жарлянак вельмі расцягнуты. У адзін і той жа час, напрыклад у жніўні, пад Нясвіжам можна бачыць масавы выхад сяголетак і назіраць вялікую колькасць лічынак, у якіх нават яшчэ не развіліся канечнасці. Першы выхад сяголетак адзначаецца не раней як у другой палове ліпеня. Яны ўжо, як і дарослыя, маюць ярка афарбаванае брушка, горла і ўнутраныя часці лапак. Колькасць іх бывае вельмі вялікая. Напрыклад, пад Мазыром (жнівень) налічвалі да 5-10 сяголетак на 1 м2 водмелі і крыху менш у больш глыбокіх месцах старыц (1-2 асобіны на 1 м2). Даўжыня цела сяголетак 10-12 мм, яны не заўсёды трымаюцца вадаёмаў размнажэння і могуць мігрыраваць на суседнія ўчасткі з больш дробнымі і цёплымі лужынамі. Палавой спеласці дасягаюць на другім-трэцім годзе жыцця.

Жарлянкі, безумоўна, прыносяць карысць, знішчаюць значную колькасць лічынак камароў, а таксама шкоднікаў лесу пасля адыходу з вадаёмаў. Ядавітыя скурныя выдзяленні жарлянак маюць большую фармакалагічную каштоўнасць, чым выдзяленні іншых амфібій лясной і стэпавай зон.

Паведаміць пра недакладнасьць