Квакша звычайная (Hyla arborea)

Земнаводнае сямейства квакшаў. Адзін з найбольш дробных відаў амфібій Беларусі і адзіны прадстаўнік буйнейшага паводле відавога складу сямейства земнаводных. Даўжыня цела 35-45 мм, маса 4-9 г. Цела зграбнае, канечнасці адносна тонкія і доўгія, кончыкі пальцаў расшыраны ў дыскі, якія забяспечваюць лажанне па вертыкальных паверхнях. Зрэнка авальная, размешчана гарызантальна, барабанная перапонка круглая, меншая за вока. Скура на спіне гладкая, а на брушной частцы цела крыху зярністая. Зверху квакша афарбавана ў зялёны колер, знізу - у жаўтавата-белы. Верхняя і ніжняя часткі цела падзелены тонкай цёмнай палоскай з белай аблямоўкай, якая расшыраецца ззаду. Лічынкі аліўкава-жоўтыя, з металічным бляскам на брушку. Хваставы плаўнік шырокі, на канцы завостраны, спінны грэбень пачынаецца амаль на ўзроўні вачэй. На верхняй губе ротавага дыска 2 рады зубчыкаў, на ніжняй - 3. Арэал віду ахоплівае Паўночна-Заходнюю Афрыку, Паўднёвую і Цэнтральную Эўропу, Пярэднюю Азію да Ірана. Ва Ўсходняй Эўропе квакша пашырана ў паўднёвых раёнах, паўночная мяжа арэала дасягае поўдня Летувы, Арлоўскай і Тульскай абласцей. Жыве ў Крыме і на Каўказе. Вядомы 6-8 падвідаў. Намінатыўная форма пашырана ў Эўрапейскай частцы і ў Крыме. На тэрыторыі Беларусі квакша звычайная распаўсюджана ў паўднёвай і паўднёва-заходняй частках яе тэрыторыі. Мяжа арэала праходзіць прыкладна па лініі Ашмяны-Узда-Слуцак-Светлагорск-Гомель. На поўнач ад гэтай мяжы квакша звычайная не выяўлена.

Найбольш тыповымі месцамі пражывання квакшаў у Беларусі з'яўляюцца шыракалістыя і мяшаныя лясы, хмызнякі, лугі. Трапляюцца яны таксама і ў населеных пунктах. Так, квакшы былі знойдзёны на шыбах акон у г. Бяроза Берасцейскай вобласці, на вішнёвых дрэвах у г.п. Мір Гарадзенскай вобласці. Пашырэнне квакшаў звязана з вялікай колькасцю шыракалістых лясоў у краіне, якія растуць пераважна ў паўднёвай яе частцы. Часцей за ўсё квакшы трапляюцца ў басейне Прыпяці, а таксама ў поймавай зоне Нёмана. Найчасцей яны жывуць у каляпоймавых дубровах, алешніках, на поймавых лугах, што зараслі змызняком, уздоўж берагоў меліярацыйных каналаў.

Афарбоўка квакшы можа прыкметна мяняцца ў залежнасці ад тэмпературы і вільготнасці навакольнага асяроддзя. Так, пры зніжэнні тэмпературы і павышэнні вільготнасці афарбоўка квакшы цямнее. Пры аналагічна створаных умовах у тэрарыуме назіралася змена афарбоўкі адной асобіны ад ярка-зялёнай да цёмна-шэрай з бурым адценнем. Убачыць квакшаў лягчэй вясной (красавік-травень) у перыяд размнажэння, калі яны збіраюцца каля вадаёмаў. Летам большую частку часу яны праводзяць на дрэвах, кустах або на высокіх травяністых раслінах (часцей на сітніку), заўважыць іх у сувязі з маскіруючай афарбоўкай цела вельмі цяжка. Менавіта з гэтым звязана памылковая думка пра рэдкасць віду ў Беларусі.

Звесткі ўлікаў паказалі, што на прасеках Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка летам (чэрвень-ліпень) трапляюцца толькі 1-2 асобіны на 1 км маршруту. Вясной жа ў час размнажэння шчыльнасць квакшы ў гэтых месцах павялічваецца ў 10 разоў. У пачатку жніўня ўздоўж берагоў меліярацыйнай канавы ў пойме Прыпяці ў Столінскім раёне было адзначана ад 7 да 28 асобін квакшы на 1 км маршруту (80% сяголеткаў).

Рацыён квакшы да 96% складаюць розныя формы беспазваночных (каля 15-20% з іх лятаючыя). Звычайна яны кормяцца лістаедамі, блошкамі, вусенямі, мурашкамі, шчаўкунамі і інш.

Найбольш інтэнсіўнае паляванне квакшы пачынаюць на змярканні. Перад гэтым яны «прымаюць ванну» ў расе або вадаёме, каб узнавіць праз скуру запасы вільгаці, якой траціцца шмат на працягу дня, асабліва ў сухое надвор'е. Узнаўленне вільгаці адбываецца вельмі хутка, і неўзабаве квакша рыхтуецца да «вячэры». Пры здабыванні корму яна, як і жабы, выкарыстоўвае доўгі і ліпкі язык, які выкідваецца з пашчы. Да таго ж квакша не толькі добра лазіць па дрэвах, але робіць доўгія скачкі, што вельмі эфектыўна пры паляванні на лятаючых насякомых. Багатыя на слізістыя залозы дыскі, якія размешчаны на кончыках пальцаў, дапамагаюць ёй прыліпаць да лісця, галінак і ствалоў дрэў.

На зімоўку квакшы адыходзяць у канцы верасня-кастрычніку ў дуплы, норы, пустэчы пад каранямі і лясным подсцілам, у шчыліны мураваных пабудоў, падвалы, скляпы. Яны могуць зімаваць у глеі на дне вадаёмаў. З зімоўкі квакшы выходзяць адносна рана. На Палессі, а таксама ў заходняй частцы Гарадзенскай вобласці ўжо ў першай дэкадзе красавіка яны трапляюцца ў вадаёмах. У гэты ж час іх можна бачыць на старой расліннасці, часцей за ўсё на сітніку ўздоўж берагавой лініі вадаёмаў. Ужо ў красавіку ў цёплыя дні, асабліва ўвечары і ноччу, самцы пачынаюць свае канцэрты. Гукі, што яны выдаюць дзякуючы добра развітаму гарлавому ўнутранаму рэзанатару, які надзімаецца як шар, вельмі моцныя, нагадваюць краканне качак, але больш высокага тону. Да канца красавіка амаль усе самцы ўключаюцца ў хор. Інтэнсіўныя канцэрты працягваюцца да канца траўня. Менавіта ў траўні адбываецца спароўванне і нераставанне. Самцы маюць слаба развітыя шлюбныя мазалі ў выглядзе пацямненняў, але ахопліваюць самак, як і рапухі, пад пахі.

Плоднасць квакшы адносна невялікая, 500-1400 яек, якія самка адкладвае порцыямі па 4-100 ікрынак у выглядзе невялікіх камячкоў. Для нераставання выкарыстоўваюцца стаячыя вадаёмы, якія добра праграюцца. Нярэдка ікра адкладваецца на мелкай прыбярэжнай акваторыі азёр, у зарасніку, у меліярацыйных каналах, у нізінных вадаёмах на ўзлесках. Нераставанне адбываецца пераважна ў начны час (пасля 23 гадзін) і займае ў адной пары ад 1 да 6 гадзін. Ікра квакшы можа даволі доўга заставацца жыццяздольнай у неспрыяльных умовах. Яе цяжка заўважыць у вадаёме, таму што яна ляжыць на дне або прымацавана да воднай расліннасці. Развіццё яе працягваецца каля 10 сутак. Лічынкі знаходзяцца ў вадаёме каля 80-90 сутак, і ўжо ў першай дэкадзе жніўня адзначаецца масавы выхад сяголеткаў. Сяголеткі ў адрозненне ад дарослых асобін вельмі актыўныя днём і трымаюцца ў асноўным на траве каля вадаёмаў размнажэння. Даўжыня іх цела 10-14 мм. Палавая спеласць настае на трэці-чацвёрты год жыцця.

Квакшы знішчаюць шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі. Гэтыя амфібіі прыцягваюць да сябе ўвагу натуралістаў, іх часта ўтрымліваюць дома або ў школьных жывых кутках. Квакшы добра прывыкаюць да жыцця ў няволі, вядомы выпадкі, калі яны не толькі жылі ў тэрарыуме больш за 20 гадоў, але і размнажаліся ў хатніх умовах.

Паведаміць пра недакладнасьць