Рапуха зялёная (Bufo viridis)

Земнаводнае сямейства сапраўдных рапух. Даўжыня цела 5-8 см, маса 12-52 г. Цела масіўнае, шырокае. Морда кароткая, круглаватая. Канечнасці адносна кароткія. Ззаду вачэй выпукляюцца паратыды, або калявушныя (надлапатачныя) залозы. Сучляноўныя бугаркі на ніжнім баку пальцаў задніх канечнасцей, як правіла, адзінарныя, часам падвойныя. На ўнутраным краі перадплюсны ёсць падоўжная скурная складка. Скура на спіне бугрыстая, светла-шэрая з зеленаватым адценнем і цёмна-зялёнымі плямамі, якія аблямаваны вузкай чорнай паласой. Вельмі часта ёсць чырвоныя крапінккі як знутры плямін, так і паміж імі. Ніжняя частка цела брудна-белая, часта з цёмнымі плямамі. Лічынкі (апалонікі) аліўкава-шэрыя. Адлегласць паміж вачамі ў апалонікаў у 1,5 раза большая, чым паміж ноздрамі. На верхняй губе ротавага дыска 2 рады зубоў (ніжні з іх перарывісты), на ніжняй - 3.

Зялёная рапуха пашырана ў Паўднёвай і Цэнтральнай Эўропе, Паўночнай Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі. На ўсходзе яе арэал даходзіць да Заходняга Кітая і Заходняй Манголіі. У Эўрапейскай частцы рапуха заходзіць на поўнач да 60° паўночнай шыраты, трапляецца ў Крыме, на Каўказе, у Сярэдняй Азіі, Казахстане, Паўднёвай Сібіры (на ўсходзе - да Алтая, на поўначы да 50° паўночнай шыраты). Вылучаюць 7 падвідаў зялёнай рапухі, аднак у Беларусі, краінах Прыбалтыкі, на Ўкраіне і ў Эўрапейскай частцы Расеі з іх пашыраны толькі адзін (намінальны) з вельмі зменлівай афарбоўкай: немагчыма знайсці 2 рапух, падобных па колькасці плям, іх акрэсленасці, размяшчэнні і афарбоўцы. У Беларусі зялёная рапуха трапляецца па ўсёй тэрыторыі, але па характары біятапічнага распаўсюджання адрозніваецца ад шэрай рапухі. Яна заўсёды трымаецца адкрытых месцаў, пазбягаючы суцэльных лясных масіваў. Часцей за ўсё трапляецца на адкрытых участках у поймах рэк і азёр, на палях, агародах, лугах. Зялёная рапуха больш за іншых амфібій прыстасавана да сухіх месцаў: яе скура малапранікальная для вады, сама жывёла здольна траціць вялікую колькасць вільгаці без адчувальнай шкоды для арганізма. У цэлым гэта тыповы сухапутны від, які здольны пераносіць даволі высокія тэмпературы сухога паветра. Аднак, нягледзячы на гэта, зялёная рапуха днём амаль не трапляецца і звычайна хаваецца ў розных сховішчах. Вельмі часта зялёных рапух можна знайсці сярод камянёў, уздоўж краёў або на межах палёў. Рапухі сядзяць у сховішчах невялікімі групкамі, прыціснуўшыся адна да адной, а з наступленнем прыцемкаў выходзяць на паляванне. Складваецца ўражанне, што з усіх земнаводных зялёныя рапухі без палёў, агародаў і садоў не могуць абысціся. Паляванне рапухам робіць больш лёгкім вулічнае асвятленне, а таксама святло з акон дамоў, якое прываблівае начных насякомых.

У цёмныя вечары зялёныя рапухі трапляюцца не толькі ў сельскіх паселішчах, але і ў буйных гарадах.

Зялёныя рапухі палююць у садах, агародах, на палях і знішчаюць вялікую колькасць розных беспазваночных (жукоў, вусеняў, клапоў, слізнякоў), сярод якіх шмат шкоднікаў. Так, у шэрагу выпадкаў вусень матылькоў складае каля 25 % усяго іх корму. Зялёная рапуха, відаць, адзін з самых перспектыўных відаў бясхвостых амфібій для выкарыстання ў экалагічна «чыстых» біялагічных метадах барацьбы са шкоднікамі сельскай гаспадаркі.

Ворагі ў зялёнай рапухі тыя ж, што і ў шэрай - драпежныя млекакормячыя, птушкі і інш. Аднак у месцах пражывання, размешчаных побач з паселішчамі чалавека, дзе дзікіх жывёл звычайна мала, самым небяспечным для яе з'яўляюцца прадузятыя адносіны чалавека да амфібій.

На зімоўку зялёная рапуха як цеплалюбівы від ідзе крыху раней за іншых земнаводных - у верасні. Зімуе яна ў норах, ямах, пад камянямі ў рыхлай зямлі. Закопваецца яна з дапамогай падоўжнай скурной складкі на ўнутраным краі перадплюсны. Вясной зялёная рапуха з'яўляецца пазней многіх іншых амфібій - у другой палове красавіка, а найчасцей, ў пачатку траўня.

Для размнажэння гэта амфібія выкарыстоўвае вадаёмы са стаячай вадой, часам нават лужы сярод вясковых вуліц. Шлюбны перыяд вельмі расцягнуты: адны асобіны адкладваюць ікру ў траўні, іншыя - у чэрвені, некаторыя - у ліпені. Цяжка знайсці ў Беларусі іншых амфібій, самцы якіх у шлюбны перыяд выдавалі б такія меладычныя трэлі. У спяваючага самца зялёнай рапухі горла прымае форму шара. Гэта раздзімаецца рэзанатар, які знаходзіцца пад скурай. Працяглы шлюбны перыяд дае магчымасць вельмі доўга выслухоўваць «канцэрты» зялёнай рапухі, але «ансамблі» іх звычайна нешматлікія паводле складу: у перыяд размнажэння на 10 м2 вадаёма збіраецца звычайна да 2-4 асобін. Спароўванне рапух адбываецца ў вадзе. Для ўтрымання самак пры спароўванні ў самцоў утвараюцца шлюбныя мазалі на трох сярэдніх пальцах пярэдніх лапак. Ікра адкладваецца ў выглядзе доўгага (часам да 7 м) шнура, у якім ікрынкі размешчаны ў рады. Шнуры развешваюцца ў працэсе нераставання на воднай расліннасці і бываюць вельмі заблытанымі. Пладавітасць адной самкі - каля 3000-5000 ікрынак і больш. Ікра зялёнай рапухі развіваецца вельмі хутка, таму што адкладваецца ў добра прагрэтыя вадаёмы. Лічынкі вылучаюцца самай высокай хуткасцю метамарфозу сярод усіх земнаводных Беларусі. Ён працягваецца каля 40-50 сутак. Апалонікі ў перыяд развіцця трымаюцца больш на дне і ў сувязі з гэтым маюць пляскатую форму цела. Яны рыюцца на дне ў глеі і кормяцца планктонам і дэтрытам. Цікава, што апалонікі зялёнай рапухі кормяцца не толькі днём, але і ноччу. Яны аддаюць перавагу жывёльнаму корму (прасцейшыя, калаўроткі, ракападобныя). Маладыя рапушкі, якія выходзяць на сушу ў ліпені-жніўні, маюць даўжыню цела каля 10-16 мм. Яны спачатку трымаюцца каля вадаёмаў, а потым паступова адыходзяць ад іх у тыповыя месцы пражывання. Палаваспелай зялёная рапуха становіцца звычайна на чацвёртым годзе жыцця.

Зялёная рапуха з'яўляецца адным з самых карысных відаў бясхвостых амфібій, таму што рэгулюе колькасць беспазваночных-фітафагаў, якія жывуць у сельскагаспадарчых угоддзях, а таксама ў садах і агародах сельскіх населеных пунктаў, у паркавых зонах гарадоў. Скурныя выдзяленні зялёных рапух перспектыўныя для фармакалагічнага выкарыстання.

Паведаміць пра недакладнасьць