Рапуха чаротавая (Bufo calamita)
Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Земнаводнае сямейства сапраўдных рапух. Даўжыня цела 4-6 см, маса 6-22 г. Знешне нагадвае зялёную рапуху, аднак цела больш вузкае. Морда кароткая, круглаватая. Канечнасці адносна кароткія. У адрозненне ад іншых рапух чаротавая не поўзае, не скача, а даволі хутка бегае. Сучляноўныя бугаркі на ніжнім баку пальцаў задніх канечнасцей падвойныя. На ўнутраным краі перадплюсны ёсць падоўжная скурная складка. Самцы маюць добра развіты ўнутраны рэзанатар. Скура бугрыстая, на спіне шэравата-аліўкавая з цёмнымі плямамі, на брушку брудна-белая з дробнымі плямінкамі. Адметная рыса, што дазваляе лёгка адрозніць чаротную рапуху, - наяўнасць светлай вузкай паласы, якая праходзіць уздоўж сярэдзіны спіны і галавы. У апалонікаў цела светла-аліўкавае, прамежак паміж вачамі ў 1,5 раза большы за прамежак паміж ноздрамі, ніжні рад ніжнегубных зубоў карацейшы, чым у астатніх рапух, вакол ротавага дыска сасочкі не толькі з бакоў, але часткова і знізу.

Пашырана чаротавая рапуха па ўсёй Заходняй Эўропе, уключаючы Брытанскія астравы і Паўднёвую Швецыю, акрамя Італіі і Балканскага паўвострава. Праз паўночна-заходнюю Ўкраіну, Беларусь (па лініі Лепель-Бабруйск), Прыбалтыку праходзіць усходняя мяжа арэала віду. На думку спецыялістаў, чаротавая рапуха з'яўляецца адным з найменш вывучаных відаў земнаводных у сувязі з яе вузкім спецыфічным пашырэннем, пастаянным зніжэннем колькасці. Спарадычнасць, нераўнамернасць размеркавання чаротавай рапухі адзначана не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Швецыі, Аўстрыі, Бельгіі, ФРГ, Вялікабрытаніі. У канцы 19 - пачатку 20 ст. чаротавая рапуха была пашырана ў паўднёвай частцы Беларусі. Устанаўленне Ю.Ф.Сапажэнкавым адносна высокай колькасці гэтага віду ў цэнтральнай частцы краіны, а таксама знаходкі чаротавых рапух у 1967 г. ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці нельга разглядаць як факт пашырэння арэала. Напэўна, гэта звязана са звычайнымі ваганнямі колькасці асобных папуляцый.

Трапляецца чаротавая рапуха ў Беларусі ў асноўным на ўчастках з пясчанымі глебамі: на ўзлесках хваёвых лясоў, дзюнах, лугах, агародах, у парках. Канцэнтрацыя чаротавай рапухі ў пералічаных вышэй біятопах адзначаецца толькі ў тым выпадку, калі побач ёсць вадаёмы для размнажэння, гэта значыць там, дзе ўзвышаныя (сухія, з лёгкімі глебамі) участкі спалучаюцца з нізіннымі (вільготныя). Так, у наваколлях Вілейскага вадасховішча, дзе адзначаецца найбольшая канцэнтрацыя чаротавай рапухі, узвышаныя хваёвыя лясы мяжуюцца з забалочанай поймай вадасховішча. У Нясвіжскім раёне ўзвышаныя луг і поле знаходзяцца на мяжы з забалочанай нізінай, парослай месцамі падвеем і сфагнумам. У Ганцавіцкім раёне імшысты хвойнік знаходзіцца на мяжы з забалочанымі паніжэннямі і меліярацыйнай канавай. У Пухавіцкім раёне ўзвышаны бярэзнік, які чаргуецца з хвойнікам, знаходзіцца на мяжы з забалочаным паніжэннем і меліярацыйнай канавай.

Чаротавая рапуха можа даволі паспяхова жыць у сельгасугоддзях, сумежных з нізіннымі ўчасткамі, прыдатнымі для размнажэння. 50% вядомых выпадковых знаходак чаротавай рапухі зроблены непасрэдна побач з сельгасугоддзямі. У Нясвіжскім раёне гэтыя амфібіі былі выяўлены каля в. Юшавічы на самым краі поля пад перавернутымі плугам пластамі дзірвану ў кампаніі са звычайнай часночніцай і вастрамордай жабай. У Стаўбцоўскім раёне чаротавая рапуха была знойдзена ў норах грызуноў і пад кучамі камянёў на неўзараным участку поля, які прылягаў да шашы, а ў Камянецкім раёне - сярод бульбянога поля, на палосах, якія параслі хмызняком.

Чаротавая рапуха мае ярка выяўленую актыўнасць на змярканні, і толькі зрэдку яе можна сустрэць днём у пахмурнае вільготнае надвор'е. У якасці сховішчаў яна часта выкарыстоўвае тыя ж месцы, што і зялёная рапуха. Чаротавая рапуха здольна рыць норы. Вядомы выпадкі, калі ў адной нары было выяўлена 3-4 асобіны. Корміцца чаротавая рапуха насякомымі і іншымі беспазваночнымі, сярод якіх шмат шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі. На яе, як і на іншых бясхвостых амфібій, палююць вуж, бусел, канюк, тхор, барсук і іншыя пазваночныя жывёлы. На зімоўку чаротавая рапуха адыходзіць у верасні і хаваецца ў розных наземных сховішчах або зарываецца ў глебу. Вясной з'яўляецца звычайна ў траўні. Чаротавая рапуха самая гучнагалосая сярод рапух Беларусі. «Канцэрты» самцоў, якія маюць добра развіты рэзанатар і выдаюць гучны, рэзкі і крыху рыпучы крык «эррр-эррр-эррр» або «ра-ра-ра», пачынаюцца ў першай дэкадзе траўня. Іх звычайна можна пачуць у цёмны час сутак, часцей за ўсё з 10 гадзін вечара да 2 гадзін ночы. Спароўванне адбываецца толькі ў гэты час сутак, а днём яны хаваюцца на дне вадаёмаў. Для размнажэння чаротавая рапуха выкарыстоўвае розныя тыпы вадаёмаў, што маюць водмелі, якія добра праграюцца.

У асобных месцах у гэты час яе шчыльнасць бывае нават вышэйшая, чым у другіх рапух. Так, уздоўж 200 м берагавой лініі Вілейскага вадасховішча ў майскія ночы налічвалася да 36 асобін чаротавай рапухі, 18 - зялёнай рапухі, 2 - шэрай рапухі, 1 - часночніцы. Перыяд размнажэння ў чаротавай рапухі звычайна адбываецца ў траўні-ліпені пры найбольшай інтэнсіўнасці нераставання ў першую палову перыяду. Пладавітасць адной самкі складае 3000-4000 ікрынак. Ікра адкладваецца ў выглядзе шнуроў даўжынёй да 1,5-1,8 м. Ікрынкі ў шнуры размешчаны ў 2 рады. Павышаная кіслотнасць асяроддзя з'яўляецца крытычнай для развіцця лічынак, а салёнасць вады чаротавай рапухай пераносіцца лягчэй, чым іншымі відамі. Развіццё лічынак працягваецца 42-50 сутак. Масавы выхад на сушу сяголеткаў адбываецца ў першай палове ліпеня. Да гэтага часу іх канцэнтрацыя вельмі высокая ў месцах масавага размнажэння не толькі ўздоўж берагоў вадаёмаў (да 10-15 экз/м2), але і на адлегласці да 200 і больш метраў ад іх. Даўжыня цела сяголеткаў 10-15 мм. Палаваспелымі маладыя рапухі становяцца ва ўзросце 3-4 гадоў. Палаваспелыя самцы па памерах меншыя за самак.

У чым жа прычына змяншэння колькасці чаротавай рапухі ў параўнанні з іншыхымі відамі рапух у Эўропе? Лічыцца, што чаротавую рапуху «падводзіць» больш нізкая пладавітасць, больш працяглы перыяд лічынкавага развіцця пры расцягнутых тэрмінах нераставання і больш позняе, чым у іншых рапух, наступленне палавой спеласці. Іншымі прычынамі, што выклікаюць скарачэнне колькасці чаротавай рапухі, з'яўляюцца змяншэнне колькасці месцаў пражывання, якія ператвараюцца ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека (асабліва ліквідацыя вадаёмаў), а таксама забруджванне асяроддзя і камерцыйны адлоў. У асобных частках арэала, дзе захоўваюцца найбольш спрыяльныя месцы пражывання, колькасць чаротавай рапухі дастаткова вялікая, яна не намнога саступае іншым відам амфібій.

Чаротавая рапуха як від, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, патрабуе прыняцця пэўных мер па яе ахове. У першую чаргу неабходна ахова вадаёмаў размнажэння, а таксама распрацоўка і рэалізацыя тэхналогій штучнага развядзення (з улікам камерцыйнай каштоўнасці віду як рэдкай тэрарыумнай жывёлы) і выпуску ў экалагічна аптымізаваныя ландшафты. У перспектыве гэты карысны від амфібій можа быць надзейным памочнікам у барацьбе са шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі. Невыпадкова вывучэнне патэнцыяльнага сельскагаспадарчага значэння гэтага віду ў міжрэччы Рэйна і Майна (Германія) дазволіла рэкамендаваць яго для біялагічнай аховы пасадак бульбы і іншай агародніны, а таксама для пасеваў рапсу. Выдзяленні скурных залоз чаротавай рапухі могуць выкарыстоўвацца ў фармакалагічных мэтах. Артыкул пра рапуху чаротавую, «Чырвоная кніга Беларусі»

Паведаміць пра недакладнасьць