Трытон звычайны (Triturus Vulgaris)

Земнаводнае сямейства саламандравых. Адзін з самых дробных трытонаў, даўжыня цела 3-5 см, разам з хвастом да 11 см, маса 1,4 г. Скура гладкая ў самцоў або дробназярністая ў самак. Цела злёгку сціснутае з бакоў. Верхняя частка тулава аліўкава-бурая, ніжняя - жаўтаватая, у шлюбны перыяд сярэдзіна брушка аранжавая. Па ўсім целе раскіданы дробныя цёмныя плямы. На галаве найбольш прыкметны цёмныя палосы, якія праходзяць праз вочы. Пальцы лап без плавальных перапонак і без мазалёў. Палавы дымарфізм найбольш выразны ў шлюбны перыяд. Самец адрозніваецца ад самкі наяўнасцю неперапыннага фестончатага грэбеня, большай клаакальнай прыпухласцю, цямнейшай афарбоўкай спіны, узнікненнем лапасцевых аблямовак на пальцах задніх канечнасцей. Ніжняя частка хваста самца мае аранжавую аблямоўку і блакітную паласу з перламутравым бляскам. Лічынка мае вонкавыя жабры, больш дробныя памеры і адносна больш кароткі хвост, чым лічынка грабеньчатага трытона.

Арэал віду пашыраны ў Заходняй Эўропе, акрамя поўдня Францыі, Гішпаніі і Партугаліі, Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, Заходняй Сібіры да Алтайскага краю. Паўночная мяжа праходзіць па паўднёвых частках Карэліі, Рэспублік Комі, Валагодскай, Кіраўскай, Цюменскай, Омскай і Томскай абласцей, паўднёвая - уздоўж Чорнага мора (адсутнічае ў Крыме), па паўночных раёнах Валгаградскай, Саратаўскай і Арэнбургскай абласцей. Трапляецца месцамі на Каўказе, у т.л. на ўчастках да 2300 м над узроўнем мора, а таксама на поўначы Прыаралля і каля возера Балхаш..

У Беларусі трытон звычайны - від, пашыраны на ўсёй тэрыторыі. Адсутнічае толькі на зусім адкрытых прасторах (палі, культурныя лугі, верасовыя пустэчы). Імкнецца да лісцевых і мяшаных лясоў, хмызнякоў у прыпоймавых зонах рэк, поймах азёр каля ўзлескаў, Не пужае яго блізкае размяшчэнне жылых і гаспадарчых пабудоў. Вадаёмы для размнажэння трытон выбірае на адкрытых участках, якія добра праграюцца, сярод лесу і кустоў.

Трытон найбольш прыметны ў перыяд размнажэння, які працягваецца з канца сакавіка-красавіка да канца чэрвеня (зрэдку і пазней). У гэты час яго найбольш у старыцах рэк, сажалках, меліярацыйных канавах, ціхіх затоках, у лужынах на прасеках, палянах, узлесках і ў пясчаных кар'ерах. У красавіку найчасцей скопішчы трытонаў адзначаюцца каля кладак ікры бурых жаб, якія звычайна знаходзяцца на самых прагравальных мелкаводных участках вадаёмаў. Вельмі часта трытоны трапляюцца ў вадаёах сярод самых вялікіх населеных пунктаў і паблізу ад аўтамагістраляў. Размнажэнню спадарожнічаюць даволі актыўныя шлюбныя гульні, асабліва з боку самцоў. Лічаць, што лопасцевыя аблямўкі на іх пальцах забяспечваюць устойлівасць цела ў перыяд імклівых рухаў пры заляцанні. Шлюбныя гульні спрыяюць прывабліванню самак і паспяховасці апладнення. Яно ў трытона ўнутранае, але без спароўвання. Самец адкладвае сперматафор на водную расліннасць або на дно вадаёма, а самка, узбуджаная гульнямі, актыўна шукае перматафор і захоплівае яго краямі клаакі. Колькасць адкладзеных сперматафораў залежыць ад працягласці шлюбных гульняў. Чым больш актыўныя і працяглыя заляцанні самца, тым большая верагоднасць апладнення самкі.

Колькасць ікрынак, якія адкладвае самка, адносна невялікая, звычайна каля 150, можа вар'іравць ад 60 да 700 штук. Іх дыяметр без абалонкі складае крыху больш за 1,5 мм. Самка, што адклала ікрынку на ліст падвонай расліны, загінае яго, ікрынка аказваецца схаванай паміж дзвюма палавінкамі, якія склеены сліззю абалонак яек.

Ікра развіваецца 14-20, лічынкі - 60-70 сутак. Лічынка, якая вылупілася, даўжынёй каля 6 мм з добра прыкментым хвастом, акружаным плаўніковай маршчынай. У яе ёсць зачаткавыя пярэднія канечнасці, а таксама перыстыя вонкавыя жабры. Першапачаткова лічынкі маларухомыя, але ўжо на другі дзень прарываецца рот, яны пачынаюць даволі актыўна карміцца. Развіццё лічынкі, як і ва ўсіх хвастатых амфібій, ідзе паступова. У яе мала лічынкавых органаў, яна вельмі падобная на дарослых трытонаў па спосабе жыцця. У працэсе развіцця лічынка пераходзіць да лёгачнага дыхання, знікаюць вонкавыя жабры, адбываюцца змены ў будове скуры і лічынка пераўтвараецца ў сапраўднага, хоць і маленькага, трытона. Пасля перыяду размнажэння трытоны выходзяць у прыпоймавыя лугі і лясы, перасяляюцца ў хмызнякі, трапляюцца ў населеных пунктах.

Калі ў перыяд размнажэння трытоны актыўныя амаль усе суткі, то ў астатні час на сушы актыўнасць рэзка падае. Днём яны хаваюцца ў зацененых і вільготных месцах: пад лясным падсцілам, кучамі сухога галля і лісця, пад штабялямі дроў, карчамі і пнямі, пад адсталай карой дрэў, у кінутых норах грызуноў, хоць часта трапляюцца і на адкрытых месцах. Напрыклад, на ўзвышшах поймавай зоны возера Асвейскага трытоны, якія спяць, па 1-4 асобіны былі знойдзены ў ліпені пад вялікімі камянямі. У гэты перыяд у іх няма плаўніковай аблямоўкі, навобмацак яны шурпатыя, афарбоўка цела бледная. У перыяд наземнага існавання самцы і самкі могуць на працягу некалькіх тыдняў і нават месяцаў выкарыстоўваць толькі адно прыстанішча. Аднак у час палявання яны могуць аддаляцца ад прыстанішча на 120 м. У гэты перыяд трытонаў часта можна сустрэць у скляпах, падвалах, пад падлогай хлявоў, пад штабялямі дроў.

Звычайны трытон жыве ў вадаёмах і корміцца ў асноўным лічынкамі камароў, дробнымі насякомымі і іх лічынкамі, ракападобнымі і малюскамі. Камары і іх лічынкі могуць складаць больш за 80% яго рацыёну. Пасля выхаду на сушу набор кармоў істотна мяняецца. Тут трытон знішчае насякомых, кляшчоў, мнаганожак, вусеняў, сярод якіх часта пераважаюць лістаеды і даўганосікі. Звычайна трытоны кормяцца на змярканні і ноччу, але зрэдку іх можна сустрэць і днём пасля дажджу, калі яны паядаюць дажджавых чарвей, якія вылезлі на паверхню глебы. Трытонамі або іх лічынкамі кормяцца водныя беспазваночныя, рыбы, земнаводныя (азёрныя і сажалкавыя жабы), рэптыліі (вужы, гадзюкі), птушкі (буслы, чаплі, бугаі, качкі, сарычы, пустэльгі, жуланы, шпакі).

Зімуюць трытоны, як правіла, на сушы, пераважна ў тых жа месцах, дзе і бясхвостыя амфібіі, часта разам з імі: у норах, пад кучамі сухога галля, лісця, вельмі часта цэлымі групамі (зрэдку па некалькі соцень), залазяць у скляпы, пясчаныя ямы для захавання бульбы.

Звычайны трытон як даволі масавы від - важнае звяно ў харчовых ланцугах прыроды. Яны прыносяць вялікую карысць, таму што паядаюць шмат лічынак камароў, а таксама шкоднікаў лесу.

Паведаміць пра недакладнасьць