Апалонік, лічынка бясхвостых земнаводных. Сваю назву атрымала з-за знешняга выгляду. Развіваецца апалонік з яйка і жыве ў вадзе. Раней за ўсіх, іншы раз з пачатку красавіка, у вадаёмах з'яўляюцца апалонікі бурых жаб, крыху пазней, з траўня, - зялёных жаб, жарлянак і часночніц. Дыхаюць апалонікі спачатку з дапамогай вонкавых , а потым унутраных жабраў. Кормяцца пераважна расліннасцю, у сувязі з чым ротавы апарат мае асаблівую будову. Вакол ротавай адтуліны вострыя рагавыя сківіцы, іх акружаюць некалькі радоў дробных зубчыкаў, а па краях знаходзяцца скураныя наросты - махры. Гэтыя прыстасаванні апалонікі выкарыстоўваюць у якасці своеасаблівай таркі, з дапамогай якой саскрабаюць мяккія часткі раслін і налёт водарасцей з падводных прадметаў. Форма рагавых сківіц, колькасць зубчыкаў, радоў і характар іх размяшчэння, а таксама форма махроў краю даволі розныя ў розных відаў і служаць адметнымі прыкметамі лічынак. Апалонікі розных відаў бясхвостых амфібій вызначаюцца таксама па форме, памерах, афарбоўцы цела і хваставога плаўніка. Сярод апалонікаў рапух, памеры якіх адносна невялікія (даўжыня цела да 10-14 мм), афарбоўка можа быць аліўкава-шэрай або светла-аліўкавай у зялёнай і чаротавай рапух і чорнай у звычайнай рапухі. У першых двух відаў адлегласць паміж вачамі ў 1,5 раза большая, чым паміж ноздрамі, у апошняга - у 2 разы. Добра адрозніваюцца паміж сабой апалонікі бурых і зялёных жаб. У бурых (травяной і вастрамордай) жаб даўжыня цела з хвастом адпаведна да 30-40 мм і 20-30 мм, афарбоўка светла-аліўкавага адцення. У апалонікаў травяной жабы хвост заканчваецца тупа, у вастрамордай - больш востра; у апалонікаў азёрнай жабы тулава мае грушападобную форму, у сажалкавай - авальную. Найбольш своеасаблівыя апалонікі часночніцы. Яны вызначаюцца буйнейшымі памерамі: даўжыня цела да 5 см, разам з хвастом да 17,5 см. Афарбоўка амаль чорная, з бліскучым сіняватым адценнем. Апалонікі чырванабрухай жарлянкі маюць цёмную афарбоўку, даўжыню цела да 12-14 мм. Ротавы дыск спецыфічнай трохвугольнай формы, вельмі шырокі хваставы плаўнік, спінны грэбень якога даходзіць да сярэдзіны спіны. Невялікія апалонікі квакшы (даўжыня тулава не больш як 12-15 мм) вызначаюцца жаўтавата-аліўкавай афарбоўкай і тым, што спінны грэбень шырокага хваставога плаўніка пачынаецца амаль на ўзроўні вачэй. Апалонікі бясхвостых амфібій, кормам якіх з'яўляюцца зялёныя, сіне-зялёныя водарасці, садзейнічаюць прадухіленню «цвіцення» вадаёмаў. Апалонікамі бясхвостых амфібій кормяцца многія водныя і каляводныя жывёлы (птушкі, вужы, жабы, водныя насякомыя і іх лічынкі, некаторыя рыбы і інш.). Пасля 3-4 месяцаў жыцця ў вадзе ў апалонікаў адбываецца метамарфоз - лічынкавыя органы знікаюць, змяняецца знешні выгляд, і маладыя земнаводныя выходзяць на сушу.

Паведаміць пра недакладнасьць