Афарбоўка цела. Абумоўлена наяўнасцю ў знешніх покрывах пігментаў, якія ёсць у зярністых структурах - храматафорах і пігментных клетках. Найчасцей афарбоўка з'яўляецца ахоўным прыстасаваннем. У большасці паўзуноў і земнаводных яна адпавядае фону асяроддзя: пустынныя жыхары часцей афарбаваны ў пясочныя таны; прыстасаваныя да дрэвавага спосабу жыцця - у зялёныя і бурыя, пад колер лісця і кары дрэў. Мазаічная афарбоўка пітона цудоўна зліваецца з сонечнымі блікамі трапічных лясоў. Бурыя жабы, рапухі, часночніцы, яшчаркі і змеі па афарбоўцы блізкія да колеравага фону глебы, камянёў, хмызняку, апалага лісця. Зялёная жаба і квакша добра ўпісваюцца ў яркую зеляніну воднай прыбярэжнай расліннасці, лісця дрэў і хмызняку. Большасць амфібій Беларусі здольныя мяняць афарбоўку ў залежнасці ад вільготнасці, тэмпературы і асветленасці навакольнага асяроддзя. Скура квакшаў, напрыклад, пры зніжэнні тэмпературы і павышэнні вільготнасці прыкметна цямнее. Ва ўмовах тэрарыума можна назіраць змяненне афарбоўкі квакшы ад зялёнай да цёмна-шэрай. Амаль усе мясцовыя земнаводныя і паўзуны маюць прыглушаную афарбоўку з эфектам проціценю, калі больш асветленыя часткі цела (звычайна верхняя) пафарбаваны ў больш цёмны колер, а менш асвечаныя - у больш светлы. Для многіх відаў характэрна афарбоўка з вельмі кантрастнымі плямамі (зялёныя рапухі, порсткія яшчаркі), палосамі (зялёныя жабы, іншы раз бурыя, чаротавая рапуха, порсткая яшчарка, гадзюка), што робіць іх менш прыкметнымі. Афарбоўка шырока вядомай порсткай яшчаркі дазваляе ёй злівацца з фонам прыродных месцапражыванняў - сухіх ускрайкаў хвойнікаў, высечак, прыдарожных пясчаных кюветаў і насыпаў. У Беларусі звычайна сустракаюцца шэрыя, зялёныя ці бураватыя яшчаркі гэтага віду, якія маюць стракаты малюнак на верхняй частцы цела. Жывародная яшчарка - карычневая, бурая ці жаўтавата-пясчаная, з характэрным малюнкам - падоўжнымі палосамі ці радамі плям уздоўж спіны. Такая афарбоўка і малюнак выдатна маскіруюць жывёлу на забалочаных участках, лясных, зарослых кустамі ўскраінах, сярод асаковых купін поймаў рэк і азёр. Нярэдка на пераўвільготненых глебах сустракаюцца і зусім чорныя экзэмпляры гэтага віду - меланісты. Выдатна прыстасавана да пражывання ў водным асяроддзі балотная чарапаха, якая мае брудна-бурую, чорную або аліўкавую афарбоўку пад колер навакольнага асяроддзя сажалак, рэк і каналаў. Чырванавата-бурая, шэрая або абсалютна чорная афарбоўка гадзюкі, якая мае расчлянёны малюнак на галаве і зігзагападобную паласу на спіне, добра хавае змяю на розным фоне - на пажухлым лісці, у асновах кустоў, у сакавітай лугавой расліннасці. Для некаторых відаў жаб, порсткай яшчаркі і трытонаў характэрны дэманстратыўны тып афарбоўкі. У гэтых відаў самцы ў перыяд размнажэння набываюць асабліва яркую афарбоўку, якая стымулюе адпаведную рэакцыю самак і адпужвае сапернікаў, бо найбольш яркую афарбоўку маюць звычайна больш дужыя самцы. Своеасаблівым дэманстратыўным тыпам афарбоўкі з'яўляецца афарбоўка брушка ў чырванабрухай жарлянкі, якая папярэджвае аб ядавітасці або, хутчэй, аб непрыдатнасці да ўжывання ў ежу.

Паведаміць пра недакладнасьць