Бурыя жабы, пазасістэматычная група бясхвостых амфібій, якая вылучаецца па перавазе ў іх бурай афарбоўкі верхняй часткі цела. Яны вылучаюцца таксама выразнай цёмнай скроневай плямай ад вачэй праз барабанную перапонку. Трапляюцца ў лясных, балотных і лугавых ландшафтах. Вядуць пераважна наземны спосаб жыцця. Група бурых жаб у Эўразіі налічвае каля 15 відаў. У Беларусі 2 віды - травяная і вастрамордая жабы. Нягледзячы на дастаткова частае сумеснае пражыванне, гэтыя віды не ўтвараюць гібрыдаў, што абумоўлена бар'ерамі рэпрадуктыўнай ізаляцыі, звязанымі з рознай колькасцю храмасом, спецыфікай шлюбных крыкаў самцоў і інш. Марфалагічныя адрозненні бурых жаб на першы погляд нязначныя, але добра выяўляюцца пры больш дасканалым даследаванні. Вастрамордая жаба пераважае па колькасці на Палессі і ў поймах большасці азёр Паазер'я, травяная - у Цэнтральнай Беларусі і прырэчышчава-пойменных зонах большасці рэк, акрамя басейна Прыпяці.

Паведаміць пра недакладнасьць