Выпаўзак, скінуты ў працэсе лінькі верхні лускаваты слой скуры змей. На працягу жыцця змеі ліняюць да некалькі дзесяткаў разоў. Дарослыя гадзюкі і вужы, напрыклад, скідваюць скуру звычайна 2-3 разы за сезон актыўнасці, маладыя ліняюць часцей. Першы выпаўзак нованароджаныя змеі пакідаюць праз некалькі гадзін або праз 2-3 дні пасля з'яўлення на свет. Працэс скідвання скуры ў здаровых змей працягваецца 15-20 хвілін, а ўвесь цыкл лінькі - каля 2 тыдняў. Спачатку ў змяі адбываецца памутненне брушных шчыткоў, потым малочна-белымі становяцца вочы і скідваецца старая скура, гэта значыць адбываецца лінька. Перад лінькай змяя трэцца мордай аб розныя няроўнасці глебы, расліннасць, камяні. Скура, якая лопнула на галаве, чапляецца за шурпаты прадмет, і змяя пачынае выпаўзаць са старой скуры. Выпаўзак атрымліваецца вывернутым. Стары лускаваты покрыў здаровай змяі - цэлы, хворыя і аслабленыя асобіны доўга не могуць пазбавіцца ад скурных покрываў, выпаўзак у іх атрымліваецца рваны, у выглядзе шматкоў. Лускаваты покрыў змей (і ўсіх рэптылій) відаспецыфічны, таму па выпаўзку няцяжка вызначыць від змяі, якая пакінула яго. Выпаўзак некаторы час захоўваецца на месцы, дзе ліняла змяя, але пасля першага дажджу ён хутка разбураецца. У земнаводных, яшчарак, кракадзілаў і чарапах выпаўзкаў не ўтвараецца, бо лінька не ахоплівае ўсе часткі цела адразу, а асобіны ліняюць асобнымі ўчасткамі.

Паведаміць пра недакладнасьць