Заклінанне змей, рытуальныя дзеянні знахароў або іншых асоб, звязаныя з выкарыстаннем пэўных слоўных фармулёвак (замоў) ці іншых форм уплыву на змяю, арыентаваныя на прымхлівыя ўяўленні гледачоў аб іх магічнай сіле. Найбольш аблюбаваным аб'ектам заклінання з'яўляецца кобра. Яе адлоўліваюць, выдаляюць ядавітыя зубы і дрэсіруюць пры дапамозе дудачкі, якой перыядычна наносяць удары па самым балючым месцы - кончыку носа. Выступленне вулічнага заклінальніка змей зводзіцца да ігры на дудачцы каля адкрытага кошыка. З кошыка марудна выпаўзае кобра і, заўважыўшы свайго мучыцеля (дудачку), узнімаецца ў позе пагрозы - з распушчаным «капюшонам». Кобра марудна «танцуе» ў такт руху дудачкі (на самай справе яна ўважліва сочыць за інструментам). Музыкі кобра не чуе, яна проста хістаецца ў такт рухам дудачкі. Іншы раз для разнастайнасці праграмы наладжваюць бой кобры з мангустай або «гіпноз» кобры. Заклінальнік хутка хапае ўзбуджаную кобру за шыю, злёгку націскае пальцам на патыліцу, змяя ўпадае ў стан нерухомасці (акінезу) і чалавек робіць з ёй усё, што хоча. Кобра на яго паводзіны не рэагуе. Дарэчы, земнаводныя таксама лёгка ўпадаюць у стан акінезу.

Паведаміць пра недакладнасьць