Замор, масавая гібель амфібій і іных водных жывёл у выніку змяншэння колькасці растворанага ў вадзе кіслароду. Назіраецца галоўным чынам у час зімовак, калі ўтвараецца дастаткова тоўсты лёд (50-60 см), і характэрна для відаў, якія зімуюць у вадаёмах. У гэты час у іх функцыянуе выключна скурнае дыханне, і колькасць кіслароду ў вадзе вызначае іх жыццёвыя магчымасці. Заморы здараюцца як у стаячых, так і ў праточных вадаёмах у выніку іх прамярзання, натуральнага пагаршэння аэрацыі ці назапашвання ў іх гнілой расліннасці, антрапагеннага забруджвання арганічнымі забруджвальнікамі, якія паступаюць з сцёкавымі водамі (прамысловымі, сельскагаспадарчымі, бытавымі). Іншы раз у месцах спароўвання і размнажэння вясной таксама можна назіраць значную колькасць загінуўшых па тых жа прычынах жаб. Яны нават зімой гніюць даволі хутка (за 2-3 тыдні). Заморы могуць быць і летам у лічынак, асабліва пры забруджванні вадаёмаў рознымі нафтапрадуктамі.

Паведаміць пра недакладнасьць