Ікра амфібій, яйкі земнаводных, адкладзеныя ў ваду. Адрозніваюць ікру пелагічную (якая плавае на паверхні вады), абісальную (прымацаваную ў тоўшчы вады) і донную (якая ляжыць на дне). Пелагічная ікра адкладваецца самкамі земнаводных у тоўшчы вады і ўсплывае на паверхню (напрыклад, у жаб травяной, вастрамордай, сажалкавай і азёрнай). Прыдонная ікра замацоўваецца самкамі амфібій на воднай расліннасці на пэўнай глыбіні (напрыклад, квакша звычайная). Форма кладак ікры амфібій разнастайная. Ікра бурых жаб адкладваецца звычайна ў адну кучу. Свежыя кладкі ікры ўяўляюць сабой невялічкія камячкі дыяметрам 3-4 см. Потым яны набухаюць за кошт яйкавых абалонак і звычайна ўсплываюць на паверхню вады. Скопішчы кладак вастрамордай жабы могуць дасягаць плошчы 1,5-2 м2 па 20-30 кладак у кожнай. Для травяной жабы ў яшчэ большай ступені, чым для вастрамордай, характэрна скучанае нераставанне. Звычайна ў кожным асобным вадаёме ікра адкладваецца ўсімі самкамі вадаёма ў адно месца. Агульная суцэльная маса ікры, якая ўсплывае, можа займаць плошчу да 10 м2. Пры гэтым у адной масе налічваецца ад 40 да 400 кладак ікры. Гэта асаблівасць, верагодна, звязана з раннімі тэрмінамі размнажэння пры адносна нізкіх тэмпературах і начных замаразках. Ікра зялёных жаб адрозніваецца ад ікры бурых. Ікрынкі ў іх больш дробныя, а верхняя частка іх аліўкавага колеру, а не чорнага. Да таго ж абалонкі набухлых ікрынак вельмі ліпкія і не маюць выразнай шарападобнай формы. Чырванабрухая жарлянка, трытоны звычайны і грабеньчаты адкладваюць адзіночныя яйкі, якія прыклейваюцца абалонкамі да падводных прадметаў. Самка трытона звычайнага адкладвае ікру на лісце падводных раслін, загінаючы краі ліста так, што ікрынка аказваецца схаванай паміж дзвюма створкамі, якія склеены слізістай абалонкай яйка. У трытона грабеньчатага ікра таксама падвешваецца на водных раслінах, але ікрынкі ў лісце не загортваюцца, а прымацоўваюцца да ніжняга боку ланцужком з 2-3 ікрынак або па адной. Часночніца звычайная адкладвае тоўстыя слізкія каўбаскі і прымацоўвае да падводнай расліннасці. Унутры гэтага слізкага шнура хаатычна раскіданы яйкі. Даўжыня шнуроў ікры можа дасягаць ад 1,5 м (чаротавая рапуха) да 7 м (зялёная рапуха). Гэтыя шнуры могуць быць моцна «заблытаны» сярод падводнай расліннасці вадаёмаў (шэрая і зялёная рапухі) або развешаны на водарасцях. Ікрынкі ў шнурах у жаб размяшчаюцца ў 2 рады. Плоднасць розных відаў земнаводных Беларусі вар'іруе ў вельмі шырокіх межах і цесна звязана з узроставымі асаблівасцямі відаў, смертнасцю, ступенню развіцця клопатаў пра патомства і іншымі экалагічнымі асаблівасцямі. Найменшую колькасць ікры з земнаводных адкладвае чырванабрухая жарлянка (80-100 ікрынак), трытоны звычайны і грабеньчаты (150 і 200 адпаведна). У рапух гэты паказчык узрастае ад 300-400 да 1200-7000 ікрынак (чаротавая і шэрая рапухі; у зялёнай рапухі 3000-5000 ікрынак). Бурыя жабы адкладваюць да 2700-4000 ікрынак (вастрамордая і травяная жабы). У зялёных жаб гэты паказчык можа быць прыкметна вышэйшы - 5-10 тыс. ікрынак, галоўным чынам у азёрнай жабы.

Паведаміць пра недакладнасьць