Крывяносная сістэма.

Крывяносная сістэма амфібій замкнёная і складаецца з сэрца і крывяносных сасудаў, якія ўтвараюць 2 кругі кровазвароту. Сэрца трохкамернае (два перадсэрдзі і адзін жалудачак), мае акрамя асноўных аддзелаў вянозную пазуху і артэрыяльны конус. У бязногіх і хвастатых амфібій левае і правае перадсэрдзі раздзелены часткова, а ў бясхвостых - поўнасцю. Перадсэрдзі злучаюцца з жалудачкам адной агульнай адтулінай. З жалудачка кроў пападае ў артэрыяльны конус, у якім дзякуючы шэрагу асаблівасцей будовы патокі артэрыяльнай і вянознай крыві часткова раздзяляюцца. Агульны ствол аорты, які адыходзіць ад артэрыяльнага конуса, дзеліцца на 3 пары артэрыяльных сасудаў. Першая пара (сонныя артэрыі) нясе больш багатую кіслародам кроў да галавы, другая (правая і левая дугі аорты) накіроўваюць яе практычна па ўсіх частках цела і органах. У гэтыя сасуды трапляе асноўная маса мяшанай крыві. Трэцяя пара (лёгачна-скурныя артэрыі) нясе амаль вянозную кроў да лёгкіх і скуры, дзе яна насычаецца кіслародам. Вянозная кроў з пярэдніх аддзелаў цела збіраецца ў парныя пярэднія полыя вены, куды ўпадаюць і вялікія скурныя вены, якія нясуць артэрыяльную кроў. З тулава, задніх аддзелаў цела і ўнутраных органаў кроў збіраецца ў заднюю полую вену. Полыя вены выліваюць кроў у правае перадсэрдзе. У левае перадсэрдзе прыносіць кроў лёгачная вена, якая замыкае малы круг кровазвароту (сэрца - лёгачныя артэрыі - лёгкія - лёгачныя вены - сэрца), тыповы для ўсіх наземных пазваночных. Нягледзячы на наяўнасць малога круга кровазвароту, вянозная і артэрыяльная кроў у амфібій змешваецца часткова ўжо ў правым перадсэрдзі, і далей у жалудачку да яе дабаўляецца артэрыяльная кроў з левага перадсэрдзя. Наяўнасць аднаго жалудачка і змешванне крыві малога і вялікага кругоў кровазвароту мае выключна важнае значэнне пры змене наземнага асяроддзя пражывання на воднае. Бо ў вадзе лёгкія не функцыянуюць і арганізм атрымлівае кісларод толькі за кошт акісленай у скуры крыві, якая паступае ў правае перадсэрдзе. У хвастатых амфібій, у якіх пажыццёва захоўваюцца жабры, схема кровазвароту блізкая да такой, як у рыб і лічынак вышэйшых амфібій.

Крывяносная сістэма рэптылій адрозніваецца ад земнаводных амаль поўным раздзяленнем малога і вялікага кругоў кровазвароту, а значыць, і патокаў артэрыяльнай і вянознай крыві. Сэрца мае 2 адасобленыя перадсэрдзі і раздзелены няпоўнай перагародкай жалудачак. Артэрыяльны конус рэдуцыраваны, а вянозная пазуха зліваецца з правым перадсэрдзем. З жалудачка выходзяць 3 самастойныя сасуды: з правай (вянознай) часткі - лёгачная артэрыя, з левай (артэрыяльнай) часткі - правая дуга аорты, а ад сярэдзіны - левая дуга аорты. Левая і правая дугі аорты, якія абгінаюць сэрца, зліваюцца ў спінную аорту. У правую дугу аорты і адыходзячыя ад яе сонныя і падключычныя артэрыі паступае артэрыяльная кроў, у левую - мяшаная, а ў лёгачную артэрыю - вянозная. Асноўная маса крыві, якая паступіла ў спінную аорту, разносіцца да ўсіх органаў і тканак. Вянозная кроў ад унутраных органаў і задніх аддзелаў цела збіраецца ў заднюю полую вену, а з пярэдніх аддзелаў - у пярэднюю полую вену. Полыя вены ўпадаюць у вянозную пазуху. У левае перадсэрдзе выліваюць кроў лёгачныя вены, якія могуць у некаторых відаў аб'ядноўвацца ў адзін сасуд. У нырках і печані ў амфібій і рэптылій утвараюцца варотныя сістэмы. У амфібій у 1 мм3 крыві - 0,2-0,7 млн. эрытрацытаў, у рэптылій - 0,5-1,6 млн. Аб'ём крыві ў амфібій складае 1,2-7,1% ад масы цела, у рэптылій - 3,9-8,3%. Значна большая ў крыві рэптылій і колькасць цукру: у змей 60 мг%, у чарапах 7,5, у яшчарак 120-250, у хвастатых амфібій у сярэднім 25, у бясхвостых 60 мг%.

Паведаміць пра недакладнасьць