Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Пачварнасць (анамаліі, тэратаморфы, заганы развіцця), прыроджаныя марфалагічныя, а таксама ўстойлівыя біялагічныя і функцыянальныя парушэнні антагенезу (індывідуальнага развіцця), пераважна на эмбрыянальных стадыях. Адрозніваюць пачварнасць спадчынную, якая абумоўлена зменамі ў генетычным апараце, і няспадчынную, што ўзнікае ў выніку пашкоджвальнага ўздзеяння тэратагенаў - агентаў хімічнай, фізічнай і біялагічнай прыроды на зародак, які развіваецца.

У амфібій анамаліяй, што трапляецца часцей за ўсё, з'яўляецца полідактылія (шматпальцавасць), у асноўным задніх канечнасцей. У большасці выпадкаў трапляюцца анамальныя асобіны з 6 (замест звычайных 5) пальцамі на абедзвюх або на адной з задніх канечнасцей, радзей з 7-8 пальцамі, і вельмі рэдка лішні палец ёсць на пярэдніх лапках. Пры масавай полідактыліі шматпальцавыя асобіны складаюць не менш за 1% ад даследаванага масавага матэрыялу (сотні або тысячы асобін). Масавая полідактылія ўласціва пераважна бясхвостым амфібіям (жабы і рапухі) Заходняй Эўропы. Пры спецыяльным абследаванні больш за 30 тысяч амфібій Беларусі ўпершыню была выяўлена масавая полідактылія (да 1,5-2,4%) у вастрамордай жабы ў папуляцыях прыбярэжнай зоны возера Асвейскага і ў лясных біятопах у Чэрыкаўскім раёне. Адзінкавыя выпадкі полідактыліі адзначаліся ў некаторых папуляцыях гэтага віду на Палессі. Масавая полідактылія зафіксавана ў 1977-1979 гг. сярод зялёных жаб у сажалках рыбгаса «Альба» пад Нясвіжам. Сярод дарослых асобін шасціпальцыя складалі ў розныя поры года 4,2-13%, шасціпальцыя сяголеткі - 20,2%, сяміпальцыя - 12,3%, васьміпальцыя - 4,4%. У іншых раёнах краіны анамальных асобін у сажалкавай жабы не выяўлена. Трапляюцца полідактыльныя асобіны і ў некаторых папуляцыях шэрай рапухі ў басейне р. Прыпяць. Для амфібій вядомы адзінкавыя выпадкі полімеліі (лішняногасці). Дадатковыя пярэднія канечнасці вядомы ў рапух, яны адыходзяць ад асновы пляча нармальнай канечнасці, значна карацейшыя за яе і недаразвітыя, маюць толькі 2 пальцы. У жаб трапляюцца лішнія заднія канечнасці. У Беларусі выяўлена сяголетка сажалкавай жабы з лішняй левай задняй канечнасцю, у якой, акрамя таго, на нармальных канечнасцях было 6 і 7 пальцаў, а на дадатковай - 5 пальцаў. Агульнапрызнана, што полідактылія з'яўляецца вельмі лакальна, гэта значыць у асобных папуляцыях, яна водаспецыфічная - у пэўных рэгіёнах выяўляецца толькі ў асобных відаў (напрыклад, пад Нясвіжам масава з'яўляецца толькі ў зялёных жаб, поўнасцю адсутнічае ў бурых). 3 іншых дастаткова рэдкіх пачварнасцей у амфібій адзначаецца адсутнасць асобных пальцаў або канечнасцей, аднаго або абодвух вокаў.

У рэптылій анамаліі не з'яўляюцца звычайнымі. Вядомы выпадкі наяўнасці 2 хвастоў або 2 тулаваў у яшчарак. Адзін з пачвараў яшчаркі меў 2 тулавы, адну галаву, быў пазбаўлены хвастоў, але меў добра развітыя 8 ног. Вельмі рэдка ў звычайнага вужа трапляецца прыроджаная пачварнасць - двухгаловасць. У прыродзе анамальныя вужы хутка гінуць, але апісваюцца выпадкі, калі такіх «монстраў» выкормлівалі ў тэрарыумах і яны жылі на працягу гадоў. Такім чынам, у казачнага Змея Гарынавіча ёсць рэальныя прататыпы ў прыродзе.

Земнаводныя і паўзуны   Земнаводныя і паўзуны
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020