Перамяшчэнне амфібій і рэптылій. Перамяшчэнні звязаны з характарам месцаў пражывання і спосабам жыцця. У час знаходжання ў вадаёме ўсе бясхвостыя амфібіі перамяшчаюцца за кошт штурткападобных рухаў задніх канечнасцей (стыль «брас») пры нерухомасці пярэдніх лапак, якія прыціскаюцца да цела. Часам бясхвостыя земнаводныя ў час павольных рухаў ў вадзе па чарзе перабіраюць заднімі нагамі. На сушы ўсе жабы перамяшчаюцца скачкамі. Кароткія скачкі з-за адносна кароткіх задніх канечнасцей робяць зялёная рапуха, жарлянка, часночніца. Шэрая, або звычайная, рапуха рухаецца паўзком або павольным крокам, а чаротавая рапуха адметная даволі хуткім бегам. Звычайная квакша з дапамогай спецыяльных прыліпаючых дыскаў на кончыках пальцаў здольная лазіць па дрэвах і кустах, пры гэтым яна можа рабіць даволі доўгія скачкі з галінкі на галінку. Трытоны ў вадзе плаваюць з дапамогай развітога хвалістага хваставога плаўніка, па сушы крочаць і крыху выгінаюць сваё цела. У рэптылій спосабы перамяшчэння таксама спецыфічныя. Порсткая і жывародная яшчаркі хутка бегаюць па сушы, а таксама лазяць па вертыкальных паверхнях (ствалах дрэў, валунах і інш.) з дапамогай учэпістых кіпцюрастых лапак. Бязногім яшчаркам, вераценніцы ломкай і змеям уласцівы асобныя спосабы перамяшчэння, якія не выпадкова называюцца змеепадобнымі. Часцей за ўсё яны рухаюцца з дапамогай выгінання ўсяго тулава ці складвання або расцягвання сярэдняй яго часткі. Балотная чарапаха добра перамяшчаецца на сушы, але намнога лепш адчувае сябе ў вадзе, дзе добра плавае з дапамогай нацягнутых паміж пальцамі канечнасцей скурных складак.

Паведаміць пра недакладнасьць