Развіццё (антагенез), працэс колькасных і якасных пераўтварэнняў арганізма ад зараджэння да канца жыцця. У амфібій антагенез падзяляецца на некалькі перыядаў, якія дакладна адрозніваюцца. Эмбрыянальнае развіццё (эмбрыягенез) працягваецца ад апладнення яйкаклеткі (ікрынкі) да выхаду зародка. У гэты перыяд адбываецца драбленне яйка, закладка і дыферэнцыяцыя органаў, павелічэнне памераў зародка. Развіццё адбываецца за кошт пажыўных рэчываў яйка. Да моманту адасаблення тулава, галавы і хваста, утварэння зачаткаў жабравых шчылін, вонкавых жабраў і прысоскаў зародак здольны да вылуплівання. Хуткасць эмбрыянальнага развіцця залежыць ад тэмпературы вады. Так, ва ўмовах Беларусі эмбрыягенез бурых жаб пры ваганнях тэмпературы ад 8 да 15°С можа працягвацца ад 5 да 25 сутак. Лічынкавае развіццё - перыяд ад вылуплівання з ікры, да пераўтварэння ў форму, якая паводле знешняй будовы падобная на дарослых асобін. У лічынкавым развіцці бясхвостых і хвастатых амфібій існуе прыкметнае адрозненне. У бясхвостых земнаводных лічынкі пасля вылуплівання (вызвалення ад абалонак) прымацоўваюцца з дапамогай прысоска да абалонак яек або да воднай расліннасці. Яны спачатку існуюць за кошт рэшткаў жаўтка, у іх развітыя вонкавыя жабры. Праз некалькі дзён з развіццём хваставога плаўніка ў апалонікаў прарываецца ротавая адтуліна з махрыстымі губамі, якія нясуць шматлікія рогавыя зубчыкі, утвараюцца вострыя рогавыя сківіцы. Усё гэта з'яўляецца прыстасаваннем да харчавання водарасцямі, якія апалонікі інтэнсіўна саскрабаюць з паверхні раслін і іншых прадметаў. Добра развіты хвост разам з функцыяй руху выконвае ролю дыхальнага органа за кошт густой сеткі капіляраў. Праз 20-30 дзён, у залежнасці ад тэмпературных і харчовых умоў, а таксама спецыфікі віду, каля асновы хваста з'яўляюцца зачаткі задніх канечнасцей, прарываюцца ноздры, гартанная шчыліна, развіваюцца лёгкія, крывяносная і выдзяляльная сістэмы. Яшчэ пазней фармуюцца аддзелы і суставы канечнасцей, пачынае функцыянаваць лёгачная дыхальная сістэма. На завяршальнай стадыі развіцця заканчваецца фармаванне шкілета, з'яўляюцца пярэднія канечнасці, павялічваюцца вочы, знікаюць рагавыя сківіцы, рассысаецца хвост. Гэта вядзе да метамарфозу - пераўтварэння лічынкі ў маладое земнаводнае, якое знешне падобна на дарослых асобін свайго віду. Хуткасць лічынкавага развіцця залежыць ад спецыфікі віду, тэмпературных умоў, наяўнасці корму ў вадаёмах, шчыльнасці пражывання лічынак у вадаёме (пры большай шчыльнасці развіццё значнай часткі лічынак затрымліваецца на некалькі тыдняў). Так, у розныя гады ў травяной жабы з моманту выклёўвання лічынак да пачатку выхаду маладых жабянят прахозіць 50-65 дзён, у азёрнай жабы - 75-100 дзён. У хвастатых амфібій лічынкі вылупліваюцца больш сфармаванымі і падобнымі на дарослых асобін. Характэрнай рысай з'яўляецца наяўнасць добра развітых вонкавых жабраў. На наступны ж дзень фармуецца рот і лічынкі здольныя паляваць на дробных беспазваночных. Праз 2-3 тыдні з'яўляюцца пярэднія, некалькі пазней - заднія канечнасці. Потым развіваюцца лёгкія, крывяносная сістэма, рэдукуюцца вонкавыя жабры. У іх не адбываецца рэзкіх пераўтварэнняў, як у апалонікаў. Лічынкі паступова ператвараюцца ў маленькіх трытонаў. Развіццё рэптылій (у адрозненне ад амфібій) адбываецца ў яйцы, якое мае валакністыя шкарлупіныя абалонкі, і не звязана з водным асяроддзем, гэта значыць з працэсу развіцця выпадае лічынкавая стадыя. На развіццё рэптылій таксама аказвае ўплыў тэмпература навакольнага асяроддзя. Для відаў, якія адкладваюць яйкі (порсткая яшчарка, вуж, чарапаха балотная), гэта асабліва важна, таму што выбар аптымальных месцаў іх адкладкі істотна ўплывае на выжывальнасць. Аптымальная вільготнасць у месцах адкладкі яек павінна быць не ніжэй за 25%. Яйкажыванараджальныя віды (жывародная яшчарка, гадзюка, вераценніца ломкая, мядзянка) рэгулююць прагравальнасць яек, якія знаходзяцца ў целе самак, перамяшчэннямі ў тыя часткі біятопаў, якія найбольш праграюцца. Развіццё яек да вылуплівання з іх маладых жывёл у балотнай чарапахі і вераценніцы працягваецца каля 2-3 месяцаў, у порсткай яшчаркі і вужа - 30-50 сутак, у жывароднай яшчаркі, гадзюкі і мядзянкі - каля 2 месяцаў.

Паведаміць пра недакладнасьць