Рост, павелічэнне масы і памераў арганізма. Амфібіі і рэптыліі растуць на працягу ўсяго жыцця, але з узростам тэмп росту істотна запавольваецца. Вядома, што ў травяной жабы абсалютны прырост сяголетак да восені складае каля 12 мм (адносны - 140%), у аднагадовых - 15 мм (50%), двухгадовых - 7 мм (12,5%), трохгадовых - каля 4 мм (5%). Найбольшая працягласць жыцця (10-30 і больш гадоў) амфібій і рэптылій адзначаецца ў няволі, дзе яны дасягаюць найбольшых памераў. У прыродзе прадстаўнікі герпетафауны Беларусі жывуць звычайна не больш за 5-7 гадоў, яны становяцца ахвярай драпежнікаў або гінуць у выніку жорсткіх зімовых умоў. Выключэннем з'яўляецца чарапаха, якая толькі да гэтага ўзросту становіцца палаваспелай і дасягае даўжыні панцыра 9-12 см. На працягу года ў прыродзе рост нераўнамерны. Найбольш інтэнсіўны ён у веснавы перыяд, калі жывёлы актыўна кормяцца і практычна наогул затарможаны ва ўмовах зімовай спячкі. Так, рост маладых жабянят вастрамордай жабы зімой у 8 разоў меншы, чым у летні перыяд. У бясхвостых амфібій вылучаюць 2 тыпы росту: хуткі рост у першы год жыцця, ранняе наступленне палавой спеласці і адносна нізкі тэмп росту ў наступныя гады; марудны рост у першы год жыцця, адсутнасць або зніжэнне тэмпу росту ў наступныя гады і позняе наступленне палавой спеласці. Аднак не толькі розныя віды, але і розныя папуляцыі аднаго віду ў розных умовах або ў розныя поры года адрозніваюцца тыпам росту. У амфібій, асабліва атрада бясхвостых, увесь перыяд росту падзяляецца на 2 фазы: рост да і пасля метамарфозу. Першая фаза росту (лічынкавага) адносна кароткая (50-120 сутак), гэта значыць лічынкі вырастаюць і праходзяць метамарфоз ва ўмовах Беларусі ў першае лета жыцця. На тэмпы росту лічынак аказваюць уплыў тэмпература, наяўнасць корму ў вадаёмах, шчыльнасць іх пражывання. Пры высокай шчыльнасці лічынак у вадаёме адбываецца агульнае тармажэнне іх развіцця і росту, а таксама рэзкая іх дыферэнцыяцыя - дробныя асобіны яшчэ больш адстаюць у росце, а больш буйныя растуць і развіваюцца хутчэй. Гэта мае важны біялагічны сэнс, таму што забяспечваецца выжыванне і метамарфоз хоць часткі лічынак. У паўзуноў тэмп эмбрыянальнага развіцця таксама залежыць ад тэмпературных умоў, таму ў розныя гады ён неаднолькавы. Віды, якія маюць больш буйныя памеры, характарызуюцца большым перыядам інтэнсіўнага росту (напрыклад, змеі ў параўнанні з яшчаркамі). Рост жывёл суправаджаецца лінькай (зменай покрыва). У чарапах ліняюць толькі месцы, якія не пакрыты касцявым панцырам; кожны шчыток, які складае панцыр, расце самастойна і на ім нарастаюць канцэнтрычныя гадавыя кольцы, па якіх можна вызначыць узрост чарапахі.

Паведаміць пра недакладнасьць