Харчаванне. Пераважная большасць дарослых амфібій і рэптылій з'яўляецца драпежнікамі і корміцца чарвямі, малюскамі, насякомымі, млекакормячымі дробных і сярэдніх памераў і некаторымі іншымі жывёламі. Спосабы здабычы ежы разнастайныя, але сярод іх можна вылучыць два асноўныя - «атаку з засады» (пасіўнае чаканне ахвяры ў месцах, дзе яе вялікая колькасць) і актыўны пошук. Напрыклад, гадзюка часцей атакуе ахвяру з засады, а вуж аддае перавагу актыўнаму перамяшчэнню ў пошуках здабычы. Большасць амфібій і рэптылій у харчаванні аддаюць перавагу той ці іншай групе корму. Спецыялізацыя харчавання звычайна падкрэслівае характар месцапражыванняў і спосаб жыцця жывёл. Харчаванне квакшы, якая жыве на дрэвах і кустах, больш чым на 1/5 прадстаўлена лятаючымі формамі беспазваночных, а харчовы спектр балотнай чарапахі складаецца з дробных насельнікаў вадаёмаў - ручайнікаў, лічынак стракоз, жукоў-плывунцоў, камароў, чарвей, малюскаў, часам з апалонікаў і дарослых амфібій. Разнастайныя і спосабы заглытвання ежы. Дарослыя амфібіі захопліваюць яе ротам, часам дапамагаючы пярэднімі лапамі. Прапіхванню ежы садзейнічаюць вочныя яблыкі, якія ўцягваюцца ў ротавую поласць. Лічынкі земнаводных саскрабаюць дробных ракападобных, калаўротак, інфузорый, зялёныя і дыятомавыя водарасці пры дапамозе спецыяльных «тарак» - рагавых сківіц. Гадзюка спачатку забівае ахвяру сваім ядавітым сакрэтам, які мае звышхуткае таксічнае дзеянне, каб яна не рухалася. Пасля ўкусу мыш паралізуецца ўжо на 2-5-й хвіліне, а яшчэ праз 2-4 хвіліны гіне. Мядзянкі і вужы заглытваюць сваю ежу жыўцом. Склад харчовага рацыёну і колькасць патрэбных кармоў вызначаюць месца амфібій і рэптылій у харчовых ланцугах, а адпаведна - становішча і ролю ў біяцэнозах. Харчовыя патрэбы амфібій і рэптылій залежаць ад іх памераў, полу, узросту, перыяду года і іншых фактараў. Порсткая яшчарка за 1 летні дзень паядае 10-12 жукоў сярэдніх памераў (шчаўкуны) або 40-60 дробных. Змеі кормяцца 1-2 разы на тыдзень, што звязана, верагодна, з адносна буйнымі памерамі здабычы. Змеі, якія ліняюць, а таксама самкі з эмбрыёнамі, што развіваюцца (гадзюкі), у корме патрэбы не маюць, а доўгі час існуюць за кошт назапашаных пажыўных рэчываў. Велізарнае біялагічнае значэнне для суіснавання розных відаў мае харчовая дыферэнцыя, якая перашкаджае ўзнікненню канкурэнцыі за кармавыя рэсурсы. Так, у Беларусі корм вужа ў пераважным аб'ёме (да 96%) складаюць бясхвостыя амфібіі - звычайна бурыя ці зялёныя жабы, рыба, жарлянкі і часночніцы. Мядзянка корміцца яшчаркамі (да 80%) - жывароднай і порсткай. Часам у страўніку гэтай змяі знаходзілі мышападобных грызуноў, вераценніц, а таксама больш дробных прадстаўніц свайго віду. Дарослая гадзюка аддае перавагу (больш чым палавіна ўсіх кармоў) мышам, палёўкам, буразубкам-землярыйкам, радзей - земнаводным і птушанятам вераб'іных. У некаторых відаў амфібій і рэптылій бывае канібалізм - паяданне асобін свайго віду. Характар кармлення ў земнаводных блізкі да рыб, аднак цеплаўстойлівасць ферментаў вышэйшая. Павышэнне тэмпературы асяроддзя павялічвае інтэнсіўнасць харчавання. Пры тэмпературы паветра 18-20°C поўнае ператраўліванне здабычы адбываецца за 8-12 гадзін. Тэмпературны оптымум дзеяння стрававальных ферментаў у рэптылій вышэйшы, чым у амфібій. Напрыклад, ператраўліванне буйной здабычы змеямі працякае нармальна толькі пры дастаткова высокай тэмпературы асяроддзя, а пры нізкіх тэмпературах рэзка запавольваецца або спыняецца, што можа выклікаць харчовае атручэнне і гібель жывёліны. Як амфібіі, так і рэптыліі пры нізкіх тэмпературах здольныя да працяглага галадання. Некаторыя амфібіі, змеі і чарапахі ва ўмовах эксперыменту жылі без ежы 1-2 гады; яшчаркі ў актыўным стане могуць абыходзіцца без ежы многія тыдні.

Паведаміць пра недакладнасьць