Шкілет амфібій і рэптылій мае касцявыя (храстковыя) тканкі, якія з'яўляюцца апорай цела або асобных яго частак і выконваюць ахоўную і іншыя функцыі. Складаецца з восевага шкілета (пазваночніка), чэрапа, паясоў канечнасцей і свабодных канечнасцей.

У амфібій пазваночнік мае 4 аддзелы: шыйны, тулаўны, крыжавы і хваставы. Шыйны і крыжавы аддзелы маюць па аднаму пазванку, тулаўны аддзел у бясхвостых земнаводных уключае 7, а ў хвастатых 16-32 пазванкі. Хваставыя пазванкі ў бясхвостых (да 12) зрастаюцца ў адну костачку - урастыль, у хвастатых іх бывае 22-36. У бязногіх амфібій агульная колькасць пазванкоў дасягае 300. У амфібій вядомы 3 тыпы пазванкоў. Больш прымітыўныя маюць амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя) пазванкі рыбнага тыпу, частка бясхвостых і саламандры - апістацэльныя (пукатыя ўперадзе і ўвагнутыя ззаду). Сапраўдныя, але вельмі кароткія рэбры ёсць у бязногіх амфібій. Чэрап у амфібій характарызуецца асаблівым развіццём касцей, уключае шмат храстковых элементаў. Ён адносіцца да аўтастылічнага тыпу, для якога характэрна прырастанне паднябенна-квадратнага храстка да мазгавога чэрапа. У сувязі з пераходам да наземнага спосабу жыцця і стратай жабравага апарату ў амфібій адбылася трансфармацыя пад'языковай і жабравай дуг часткова ў слыхавы апарат, а часткова ў пад'языковы. Плечавы пояс складаецца з лапаткі, надлапаткавага храстка, каракоіда і пракаракоіда, перадгрудзіны і грудзіны. Тазавы пояс утвораны парнымі падуздышнымі і сядалішчнымі касцямі, а таксама храстковымі лабковымі элементамі. Свабодныя канечнасці ў амфібій тыповага пяціпальцевага тыпу, складаюцца: пярэдняя з пляча, перадплечча, кісці; задняя з сцягна, галёнкі і ступні. У рэптылій пазваночнік падзяляецца на 5 аддзелаў: шыйны, грудны, паяснічны, крыжавы і хваставы. Ён больш расчлянёны і рухомы, чым у амфібій. Шыйны аддзел у розных груп мае розную колькасць пазванкоў - 7-10 (напрыклад, у яшчаркі іх 8). За кошт своеасаблівай будовы першых двух пазванкоў (атланта і эпістрафея), а таксама агульнай колькасці і будовы астатніх дасягаецца большая рухомасць галавы. Колькасць грудзіна-паяснічных пазванкоў вагаецца ад 16 да 25. Да грудных пазванкоў прымацоўваюцца рэбры, якія злучаюцца з грудзінай і ўтвараюць замкнёную грудную клетку (у змей яна адсутнічае). Паяснічныя пазванкі ў рэптылій таксама нясуць рэбры, але яны не даходзяць да грудзіны. Крыжавы аддзел складаецца з 2 пазванкоў. Да яго прымацоўваецца тазавы пояс. Хваставы аддзел налічвае 15-40 пазванкоў. Целы амаль усіх хваставых пазванкоў яшчарак маюць тонкія храстковыя праслойкі, якія падзяляюць іх на 2 часткі. Пры аўтатаміі пазванок разломліваецца па гэтай праслойцы. У бязногіх яшчарак і змей агульная колькасць пазванкоў намнога большая, чым у іншых рэптылій (да 400 і больш), пазваночнік падзяляецца толькі на тулаўны і хваставы аддзелы. Чэрап рэптылій у адрозненне ад земнаводных складаецца суцэльна з касцей, за выключэннем нязначнай колькасці храстковых элементаў у слыхавой і нюхавай абласцях. Для яго характэрна наяўнасць даху з покрыўных касцей. У выніку разрастання паднябенных адросткаў міжсківічных і верхнясківічных касцей, а таксама развіцця паднябенных касцей у кракадзілаў і чарапах утвараецца другаснае косцявое паднябенне, якое падзяляе насаглотку і ротавую поласць. У цэлым развіццё чэрапа ў розных груп рэптылій звязана з характарам харчавання і іншымі асаблівасцямі біялогіі. Пояс пярэдніх канечнасцей у рэптылій больш акасцянелы, чым у амфібій. Характэрным з'яўляецца наяўнасць крыжападобнага надгрудніка, які звязвае грудзіну з ключыцамі. Тазавы пояс утвораны дзвюма безназоўнымі касцямі, якія паявіліся ў выніку зліцця падуздышнай, сядалішчнай і лабковай касцей. Правыя і левыя лабковыя і сядалішчныя косці злучаюцца храстковай перамычкай і ўтвараюць закрыты таз. Пяціпальцыя канечнасці пабудаваны паводле тыповага наземнага тыпу. Іх будова ў розных відаў і груп паўзуноў знаходзіцца ў прамой залежнасці ад спосабу перамяшчэння. У змей паясы канечнасцей і свабодныя канечнасці адсутнічаюць.

Паведаміць пра недакладнасьць