Ядавіты апарат змей. У гадзюкі звычайнай ён складаецца з пары ядавітых залоз, якія размешчаны ззаду вачэй, і пары спецыяльных ядавітых зубоў. Залозы злучаюцца з зубамі пратокамі. З залозы яд паступае ў вывадную пратоку, дзе ёсць поласці для захоўвання яду, а потым у авальную адтуліну, якая знаходзіцца каля асновы зуба. Унутры зуба яд праходзіць па спецыяльным канале, які адкрываецца адтулінай на некаторай адлегласці ад верхавінкі. У спакойным стане пры закрытым роце ядавітыя зубы прыціснуты да паднябення, пры адкрыванні рота зубы выпрамляюцца і падаюцца наперад. У такім становішчы яны лёгка ўваходзяць у цела ахвяры пры хуткім кідку галавы гадзюкі наперад. У час укусу скарачаюцца мышцы, якімі абкружаны ядавітыя залозы, і яд праз вывадныя пратокі і каналы зубоў упырскваецца ў месца ўкусу. Ядавітыя зубы перыядычна або пры паломцы замяняюцца новымі. Часам абедзве пары зубоў (дзеючыя і замяняючыя) маюць аднолькавую велічыню, пры ўкусе застаюцца чатыры, а не два, як звычайна, сляды.

Паведаміць пра недакладнасьць