Яды амфібій і рэптылій, рэчывы, якія ўтвараюцца ў арганізме амфібій і рэптылій і пры ўздзеянні на арганізм жывёл і чалавека выклікаюць атручэнне або смерць. Яды змей уяўляюць сабой густую ліпкую бясколерную або зеленавата-жоўтую вадкасць са спецыфічным пахам. У сухім выглядзе - гэта крышталічнае рэчыва, колер і структура крышталяў якога ў некаторых выпадках відаспецыфічныя. Так, крышталі яду кобры маюць злёгку зеленаватае адценне, яды гюрзы і шчытамордніка - бурштынава-жоўты колер, эфы - жоўты, а гадзюкі звычайнай - ад бясколернага да ярка-жоўтага. Яды змей адносяцца да складанага комплексу біялагічна актыўных злучэнняў. Асноўным кампанентам ядаў з'яўляюцца бялкі, якія складаюць да 90-95% сухой масы і вызначаюць яго біялагічную актыўнасць. У ядах ёсць ферменты, таксічныя поліпептыды, ліпапратэіды, пептоны, муцін і муцінападобныя рэчывы, эпітэліяльныя рэшткі, солі (хлорысты кальцый, фосфарнакіслы амоній), а таксама мікраэлементы Si, Al, Ca, Na, K, Fe, Mg, Mn, C, H, N, S. Паводле шэрагу ферментаў (фосфаліпаза, А2, гіялуранідаза, аксідаза, L-амінакіслот, фосфадыстэраза, 51-нуклеатыдаза і інш.) назіраецца падабенства ядаў розных сямействаў. У той жа час існуюць і адрозненні, якія і ляглі ў аснову подзелу ядаў на 2 групы: нейратаксічнага ўздзеяння, якія пашкоджваюць вегетацыйную і цэнтральную нервовыя сістэмы (у яды ўваходзяць нейратаксіны і ацэтылхалінэстэраза); гемалітычнага ўздзеяння, што пашкоджваюць крывяносную сістэму шляхам павышэння згусальнасці крыві (гэта абумоўлена прысутнасцю ў ядзе пратэалітычных ферментаў з трыпсіна-, трамбіна- і калікраінападобным уздзеяннем).

Яд нейратаксічнага ўздзеяння мае сярэднеазіяцкая кобра (Naja oxiana). Інтаксікацыя арганізма развіваецца бурна і пачынаецца з моманту ўкусу. Гібель пакусанага (калі не аказана першая медыцынская дапамога) настае ад спынення дыхання праз 2-7 гадзін. Пры інтаксікацыі арганізма ядамі групы гемалітычнага ўздзеяння (гадзюкі звычайнай, шчытамордніка, гюрзы, эфы пясчанай) у месцах укусу з'яўляецца боль, што пастаянна нарастае і не сціхае на працягу 1-2 сутак. Праз кароткі прамежак часу пасля ўкусу актыўна развіваецца гемарагічны ацёк, які распаўсюджваецца на ўсю канечнасць і адпаведную палавіну тулава. Скура пашкоджанай канечнасці набывае сіняватае або крывава-фіялетавае адценне. У месцах укусу фармуюцца пухіры з крывяністым змесцівам. Тканкі вакол раны часта некратызуюцца, адрываюцца і ўтвараюць гнойную язву. Па меры пранікнення ядаў па крывяносных сасудах развіваюцца агульныя прыкметы інтаксікацыі: санлівасць, галавакружэнне, страта прытомнасці, дрыжыкі, млоснасць, ірвота, запаленне лімфатычных вузлоў. Вучонымі распрацавана мноства лекавых прэпаратаў, актыўным пачаткам якіх з'яўляюцца яды змей або іх вытворныя. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца прэпараты з яду гадзючых змей: «Віпералгін», «Віпразід», «Віпракутан», «Віпратокс», «Сцівен», «Лебятокс» і інш., якія прымяняюцца пры лячэнні функцыянальных матачных крывацёкаў, пры родавых крывацёках, пры дыягностыцы і лячэнні хвароб згусальнай сістэмы крыві, як кроваспыняльны сродак у час ларынгалагічных аперацый. Добры тэрапеўтычны эфект даюць яды гадзчых змей пры лячэнні рэўматызму, пры міжрэбернай, акцынетальнай неўралгіі, неўралгіі трайчастага нерва, ішыясе, радыкулітах. У апошні час шырока выкарыстоўваецца ў лячэбнай практыцы яд кобры ў якасці поліактыўнага абязбольваючага сродку пры лячэнні анкалагічных хворых. Анестэзуючы эфект заснаваны на паралічы кобратаксінам канцаў адчувальных нейронаў. Яд кобры ўздзейнічае накшталт морфію, але не выклікае ўласцівыя гэтаму наркотыку пабочныя непрыемныя з'явы. Увядзенне малых доз яду кобры хворым ракам стрававода не толькі спрыяе хуткаму знікненню боляў, але і на некаторы час паляпшае праходнасць стрававода. Малыя дозы яду кобры выкарыстоўваюцца для лячэння гіпертанічнай хваробы, пры бранхіяльнай астме. Нядаўна пачалі вывучэнне комплекснага ўздзеяння на арганізм ядаў і іанізуючага выпрамянення. Атрыманыя вынікі сведчаць пра радыеахоўныя ўласцівасці ядаў гюрзы, кобры. Асобныя кампаненты ядаў гюрзы і кобры [аксідаза L-амінакіслот, фосфаліпаза А2, фосфадыэстэраза, эндануклеаза, фактар росту нерваў (ФРН)] вырабляюцца ў якасці хімічных рэактываў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў навуковых даследаваннях. Важнай галіной выкарыстання змяіных ядаў з'яўляецца вытворчасць супрацьзмяіных сываратак.

Патрэбнасць у змяіных ядах вялікая, аднак іх атрыманне з'яўляецца цяжкай і карпатлівай справай. Змеі дрэнна пераносяць няволю і жывуць у серпентарыях у сярэднім не больш як 1 год, але калі стварыць аптымальныя ўмовы, гэты тэрмін можа павялічыцца да 3-5 гадоў. Так, калі прытрымлівацца перспектыўных біятэхналогій у серпентарыях можна атрымаць: ад гюрзы 150 мг сухога сакрэту, ад звычайнай гадзюкі - 8-15 мг, ад кобры - 150-200 мг, ад стэпавай гадзюкі - 8-12 мг. У адрозненне ад змей амфібіі адносяцца да няўзброеных актыўна-ядавітых жывёл, у якіх няма прыстасаванняў, каб параніць сваіх ворагаў. Спецыялізацыя слізістых скурных залоз прывяла ў іх да ўзнікнення ядавітых альвеалярных залоз, што згрупаваны ў некаторых відаў у марфалагічна адасобленыя паратыды. Ядам амфібій уласцівы шырокі спектр біялагічнай актыўнасці. З амфібій, якія пашыраны ў Беларусі, ядавітымі з'яўляюцца чырванабрухая жарлянка, шэрая, зялёная, чаротавая рапухі, звычайная часночніца. У рапух яд выпрацоўваецца ў ядавітых залозах, якія раскіданы па ўсёй спіне, сярод іх вылучаюцца дзве буйныя надлапатачныя залозы (паратыды). Атрымліваюць яд шляхам выціскання з паратыдаў з дапамогай пінцэта з мяккімі браншамі або з дапамогай шкляной пласцінкі, якой праводзяць уздоўж спіны рапухі. Свежаатрыманы яд рапухі ўяўляе сабой вязкую белую вадкасць з рэзкім спецыфічным пахам, горкім смакам, які выклікае пякоту і рвоту. Пры высыханні ён ператвараецца ў пласцінкі жаўтавата-карычневага колеру, якія захоўваюць сваю таксічнасць і фізіялагічную актыўнасць на працягу многіх гадоў. Фізіялагічна актыўныя рэчывы яду рапух паводле сваёй хімічнай прыроды адносяцца да некалькіх груп злучэнняў. Сярод іх важнае значэнне маюць вытворныя індолу (адрэналін, трыпталін, сератанін і інш.). Асноўнае значэнне ў таксічных эфектах яду маюць кардыятанічныя стэроіды, якія прадстаўлены свабоднымі і звязанымі генінамі (буфагенінамі). Акрамя іх, у ядзе ёсць карданоліды, гамолагі буфадыеналідаў, якія паводле сваёй будовы блізкія да англіконаў сардэчных гліказідаў наперстаўкі. Сярод звязаных генінаў найбольш дасканала вывучаны буфатаксіны. Яды адрозніваюцца паводле набору буфадыеналідаў. Так, у зялёнай рапухі прысутнічае рэзібуфагенін, але адсутнічае буфаталідзін і марынабуфагін, якія выяўлены ў скуры шэрай рапухі. З ферментаў у ядзе ў дакладных колькасцях ёсць толькі фосфаліпаза А2.

Яд рапух мае шырокі спектр фізіялагічнай актыўнасці. Паводле рэактыўнасці да яду можна вылучыць тры групы жывёл. Першую з іх складаюць грызуны (мышы, пацукі, трусы), атручванне якіх суправаджаецца расстройствам кровазвароту і дыхання, таксічнымі сутаргамі і паралічам канечнасцей. Да другой групы адносяцца сабакі, у якіх на першы план выступаюць парушэнні з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы. Трэцяя група прадстаўлена амфібіямі, для якіх характэрным з'яўляецца развіццё паралічу задніх канечнасцей і тэтанусу пярэдніх. Павышэнне артэрыяльнага ціску пры атручэнні ядам можа быць вынікам прэсорнага эфекту буфатэніну і адрэналіну. Акрамя таго буфатэнін мае выразнае галюцынагеннае ўздзеянне, яго перадазіроўка вядзе да развіцця псіхозаў, блізкіх да выкліканых вядомымі галюцынагенамі дыэтыламідам лізергінавай кіслаты. Кардыястымулюючае ўздзеянне яду ў асноўным звязана з буфадыеналідамі, якія ўваходзяць у яго састаў. Апошнія аказваюць інгібіруючае ўздзеянне на транспартную АТФ-азу міякарду, падобнае на вядомыя эфекты сардэчных гліказідаў. Аднак у адрозненне ад раслінных гліказідаў (кардэналідаў) буфадыеналідам уласціва большая актыўнасць. Важнай асаблівасцю яду рапух з'яўляецца стымулюючае ўздзеянне на дыханне. Увядзенне яду ў час эксперыменту дазваляе аднавіць дыхальныя рухі, нават пасля поўнага спынення дыхання. Яд аказвае ўздзеянне на перадачу ўзбуджэння ў вегетацыйных гангліях, нервова-мышачных сінапсах і цэнтральнай нервовай сістэме. Пры ўвядзенні буфаліну назіраюцца сутаргі на фоне павелічэння ў мозгу ўтрымання ацэтылхаліну. У нетаксічных дозах яд рапух мае антыгельмінтнае, супрацьшокавае, радыеахоўнае і супрацьпухліннае ўздзеянне, павышае асноўны абмен і артэрыяльны ціск крыві, узмацняе скарачэнні сардэчнай мышцы і частату пульсу. Ён уздзейнічае як пускавы механізм, які хутка ўключае рэзервы арганізма, можа быць паспяхова выкарыстаны для распрацоўкі лекавых прэпаратаў, якія ўздымаюць вострую сардэчна-сасудзістую недастатковасць, а таксама выкарыстоўвацца пры паражэннях электрычным токам, бранхіяльнай астме і інш.

Свежаатрыманы яд жарлянкі ўяўляе сабой сакрэт у выглядзе белай пены, якая мае едкія ўласцівасці. Для чалавека ён маланебяспечны, пры пападанні на слізістыя абалонкі выклікае боль, пякоту, у некаторых выпадках дрыжыкі і галаўны боль. У жывёл інтаксікацыя суправаджаецца кароткатэрміновым узбуджэннем і пачашчэннем дыхання, якія змяняюцца доўгай, аж да наступлення смерці, дэпрэсіяй. Яд жарлянак, які ў пачатку стагоддзя атрымаў назву фрыналізін, цяпер вывучаны вельмі добра. Высветлена, што ў ім ёсць буфатэнін і буфатэнідзін, помпептыд бамбезін, бялкі. Ён праяўляе амілазную, фасфазную, пратэалітычную актыўнасць і мае лізацымпобнае ўздзеянне. Бамбезін аказвае стымулюючае ўздзеянне на сакрэцыю гастрыну. У час унутрывеннага ўвядзення ўзмацняе, пры пераральным спосабе прыгнечвае знешнесакраторную функцыю залоз страўніка і падстраўнікавай залозы.

Ядавіты сакрэт звычайнай часночніцы з'яўляецца таксічным для дробных жывёл. У чалавека выклікае раздражненне слізістых абалонак. Хімічны састаў яго і механізмы дзеяння практычна не вывучаны.

Паведаміць пра недакладнасьць