аб

аб1, прыназ. з В. і М. Спалучэнне з прыназ. аб выражае прасторавыя, аб'ектныя і прычынныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з В. Устар. Ужывалася для ўказання на прадмет або месца, побач з якімі што-н. размяшчаецца ці адбываецца. Другое поле на паўтары бочкі аб мяжу з яе полем (Акты Віленскай археаграфічнай камісіі, 1556 г.). (У сучаснай мове гэта значэнне захавалася толькі ў складзе прыслоўя вобруку, г.зн. 'поруч', 'побач'; параўн. у Я.Коласа: Дзе бы вобруку з галечай расквітнеў багацця цуд.)

II. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

2. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, з якім хто-, што-н. збліжаецца, сутыкаецца ў працэсе руху, дзеяння: Дождж б'ецца аб хвалі ракі (М.Багдановіч). Адзежа на ім не мела пашаноўлі і догляду, у ёй заўсёды валяліся па мокрай траве і па пяску, яе рвалі аб сукі ў лясным гушчары, падсцілалі пад сябе нанач, або, яшчэ лепш, спалі ў ёй (К.Чорны). Ледзь не шаргануўшыся аб рукаў Віктаравага шыняля, прайшоў са старшынёй Шандыбовіч (А.Кулакоўскі). Васілька аж паморшчыўся ад болю, да таго нылі ногі, збітыя аб пнеўе, аб вузлаватыя карэнні дрэў на лясных сцяжынках, паколаныя аб хваёвыя шышкі, сухую ігліцу (М.Лынькоў). «Калі пашанцуе, то і з адной калодкі можна развесці пчолкі», - гаварыў Сёмка, абціраючы цыбук проста аб халат (Я.Колас).
// У прыслоўных спалучэннях адзін аб аднаго, адна аб другую і пад. указвае на ўзаемадзеянне паміж прадметамі. Цяпер... галіны застылі нерухома, але, калі вецер праходзіць над лесам, яны пачынаюць церціся адна аб другую і глуха скрыпець (Я.Колас).

3. з М. Указвае на прадмет гаворкі, думкі, пачуцця. Іван сумуе аб працы, сумуе аб каласах жытніх на сваёй паласе, аб заліўных сенажацях, аб дзецях-румзах (М.Лынькоў). Як аб табе чуюць, так аб табе і мяркуюць (прыказка). І вось я стаўлю прынцыпова і рэальна, без усякіх кампрамісаў пытанне аб тваёй адукацыі (Я.Колас). Я Купідона зноў шукаць бяруся сквапна і рухава, ды так няскладна гэта справа, што лепш аб ёй маўчаць (М.Багдановіч). Так змаўкае сям'я аб памёршым ці сыне, ці браце, дарагое імя доўга не вымаўляецца ў хаце (А.Куляшоў).

4. з В. Размоўн. Тое ж, што і з М. (у 3 знач.). Зайшла іх гутарка аб тое, чым гэты кут багаты, слаўны... (Я.Колас). Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана: мы вас не вешаем, а вы абяцаеце трымацца лаяльна і падумаць аб перспектыву (К.Крапіва). А сам даўно сляпы ад слёз і ўжо забыўся аб ратунак (М.Багдановіч). Ці аб свой гонар дбайна дбалі і дабравольна, без прынук самі сабой не гандлявалі, не неслі ў петлі дум і рук? (Я.Купала). Захар Лемеш ходзіць аб тое, каб застацца старшынёю яшчэ на тры гады (Я.Колас). Тут ідзе аб тое, ці быць і далей галодным нявольнікам... (Э.Самуйлёнак).

5. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, які выступае ў якасці асновы якога-н. працэсу, дзеяння. Толькі і жыў аб надзеі. Жыць аб хлебе і вадзе.Аб адной вадзе сыт не будзеш (прыказка). Аб малаку ног не павалаку (прыказка). Гэта ты аб адной цыбулі касіў бы, каб не гэтыя тры пуды? (К.Крапіва). Гэтак нагараваліся, пакуль нажылі, цэлыя ж два гады аб посным... (там жа).

III. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

6. з В. Устар. Указвае на прычыну або падставу чаго-н. Маючы сваё мацарства, дзерлісь аб кусок раллі (В.Дунін-Марцінкевіч).

аб2, прыназ. з В. і М. Спалучэнне з прыназ. аб2 выражае часавыя і колькасныя адносіны.

I. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з В. Размоўн. Ужываецца для ўказання на адрэзак часу, у межах якога завяршаецца дзеянне. Вярнуўся з горада аб адзін дзень.Дзяўчына аб раз не паверыла воку, круціла пярсцёнкам у розныя бокі, куды ж ні пакруціць, нідзе анікога - адно толькі бачыць яго маладога! (П.Броўка).

2. з М. Тое ж, што і з В. (у 1 знач.). Раптам аб адным дні загарацца жоўтым лісцем бярозы (Я.Скрыган).

3. з В. Устар. і размоўн. Тое, што і а1 (у 2 знач.). Наказ такі, каб заўтра зрана твой брат Антось шоў да адбору, а сам Міхал аб гэту пору настройвай лыжы да сялібы - падбаць панам наконта рыбы (Я.Колас).

4. з М. Тое ж, што і а1 (у 1 знач.). Аб адзінаццатай гадзіне па ўсёй рэспубліцы маёй дажджы шумлівыя хадзілі і гром грымеў над галавой (М.Лужанін).

II. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

5. з В. Ужываецца для ўказання на колькасць. Ні мяса, ні малака, а ўсё - аб пяць пальцаў (загадка).

6. з М. Тое ж, што і з В. (гл. папярэдняе значэнне). Палка аб двух канцах. Хата аб чатырох вуглах.

Паведаміць пра недакладнасьць