Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

ад, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. ад выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, параўнальныя, азначальныя, прычынныя адносіны, адносіны прыналежнасці і спосабу дзеяння.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, ад якога пачынаецца рух, перамяшчэнне каго-, чаго-н.; прыназ. ад у такім знач. супрацьлеглы прыназ. да і к. Зірнуў спадылба Міколка, моўчкі адышоў ад бацькі (М.Лынькоў). Калі гаварыць праўду, то хлопцам не вельмі хацелася адыходзіць ад агню (А.Кулакоўскі). Часы суніц чырвоных, спелых адкукавалі ўдаль зязюляй, адпелі поўным голасам дзяўчыны і канулі, як канула юнацтва, і адышлі, як сталасць адыходзіць ад кошыкаў, ад стомы, ад вятроў... (А.Куляшоў).
// Для абазначэння месца, пункта, ад якога ў пэўным напрамку распаўсюджваецца, разыходзіцца, пачынаецца што-н. Мястэчка малое: ад незабрукаванай плошчы разыходзіцца шэсць вуліц (Я.Брыль).
// У злучэнні з прыназ. да (ад - да і да - ад) і другім наз. акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, перамяшчэнне і г.д. [Сенька:] - Пад самым Барысавам знялі з экспрэса маю Фаню - ездзілі мы тады ад Менска да Уладзівастока (М.Лынькоў).
// У злучэнні з прыназ. да і другім наз. ужываецца пры абазначэнні чарговасці, паслядоўнасці дзеяння. Па гэтых сцежках можна было ісці па адным чалавеку ад купіны да купіны, месцамі прабіраючыся па бярвенцах-кладках (Я.Колас).

2. Ужываецца пры абазначэнні месца, якое з'яўляецца зыходным пунктам пры вызначэнні месцазнаходжання чаго-н. Скіп'ёўскае Пераброддзе стаіць за сем кіламетраў ад вялікага мястэчка Якубавіч (К.Чорны). Шэрыя рыбкі называюцца печкурамі. Яны поўзаюць зусім блізка ад ног, ледзь не ў самыя пальчыкі торкаюць... (Я.Брыль).
// У злучэнні з прыназ. да (ад - да і да - ад) і другім наз. ужываецца для абазначэння адлегласці паміж чым-н., працягласці граніц чаго-н. Да Ганусаў ад Глухога вострава было кіламетраў пяць на ўсход - у бок пазіцыі Чырвонай Арміі (Я.Колас). Ад Быхава да Прапойска стаяла грознае войска (з нар.).

3. Ужываецца ў значэнні прыназ. каля, збоку пры абазначэнні прадмета, на мяжы з якім адбываецца дзеянне. Касіў ад ракі. Легчы ад сцяны. Забегчы ад лесу.За касцёлам ляжаў Лог, ад мястэчка забудаваны хатамі як найгушчэй, а з другога ўклону, ад поля, пабіты на гароды (Ц.Гартны).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

4. У спалучэнні з наз., які мае часавае значэнне, указвае на момант, з якога пачынаецца якое-н. дзеянне, стан і пад. Ад калыскі у нас пра Радзіму - найлепшыя думы (П.Панчанка). Вісарыён Коркія жыў у Тбілісі ад самай вясны (Э.Самуйлёнак). Хоць дванаццаць год ад роду, гаспадарыць ён [Сымонка] удала (П.Броўка).
// У злучэнні з прыназ. да (ад - да і да - ад) і другім наз. ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, захоўваецца стан і пад. Ад вясны вясёлай, ранняй да восені позняй пяе поле трактарамі весела, пагрозна (Я.Купала). «Будзь здарова!» - кажу школе, сам - на луг, у лес, у поле. Там я з пугай-дратаванкай аж да вечара ад ранку, покуль мой атрад рагаты не захоча зноў дахаты (К.Крапіва).

5. Пры паўтарэнні наз. з часавым значэннем утварае прыслоўныя спалучэнні, якія ўказваюць на характар працякання дзеяння - перыядычнасць, паслядоўнасць, нарастанне інтэнсіўнасці яго і г.д. Год ад году.Пад самым вільчыкам час ад часу пераклікаюцца сонныя ластаўкі (І.Навуменка).

6. Ужываецца пры абазначэнні прыметы прадмета па часу яго ўзнікнення. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 11 кастрычніка 1938 г.

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з'явы, ад якіх зыходзіць што-н. Ад мазаля тая радасць ідзе, ад работы (М.Лынькоў). Ад сонца Даніку не цёпла - цёпла ад бацькавага салдацкага башлыка, ад вялікага, з чужых плячэй, паўкажушка, ад хады па глыбокай сцежцы (Я.Брыль).
// Ужываецца пры абазначэнні асобы, пад уздзеянне якой падпадае другая асоба ці прадмет. Мне часта пападала ад сястры, але, улучыўшы хвілінку, я забываўся пра кару і зноў уцякаў (Я.Скрыган).

8. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, ад якога аддзяляецца што-н. Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі (І.Шамякін). Ад неба адарваўся і зямлі не дастаў (прыказка). У Міці адлягло ад сэрца (І.Навуменка).
// Пры ўказанні на цэлае, ад якога засталася толькі частка. Ад залатой рукі першай у вёсцы жняі і праллі засталася толькі кукса (Я.Брыль).

9. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, з'яву і пад., ад якіх пазбаўляюцца, якія ліквідуюцца дзеяннем, выражаным кіруючым словам. Ачысціцца ад пылу.Вон, няпрошаныя госці, ад радзімае зямлі! (П.Броўка).

10. Ужываецца пры абазначэнні з'явы, стану, супроць якіх, для папярэджання якіх выкарыстоўваецца што-н. А далей - сівізна ляжа дымам, нас ад старасці будуць лячыць (П.Панчанка). Ад старасці ды ад смерці няма лекаў на свеце (прыказка). Сёння не памогуць лекі ад урокаў, ні твае малітвы да зары, не засну, як даўна, поўначчу глыбокай з сінякрылым рэхам у бары (М.Танк). [Міхась:] - Мама шмат якія расліны ведае. Яна нават збірае іх. Тая, кажа, ад горла, а тая ад жывата (А.Чарнышэвіч).

11. Ужываецца пры ўказанні на грамадскае асяроддзе, арганізацыю, ад імя якіх дзейнічае, выступае хто-н. Гаварылі выбарныя ад сялян. Вынесці падзяку ад усяго калектыву. Выступіць ад групы сяброў.

12. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, з'яву, з якімі супастаўляюцца іншыя прадметы, асобы, з'явы. Аповесць адрозніваецца ад апавядання больш шырокім ахопам жыццёвых з'яў.

IV. АДНОСІНЫ ПАРАЎНАННЯ.

13. Абл. Ужываецца ў знач. прыназоўніка за (звычайна пры вышэйшай і найвышэйшай ступені) пры ўказанні на прадмет, з якім у нейкіх адносінах параўноўваецца другі прадмет. Не марна мы таілі мару - яна збылася: у прасцяг, ярчэй ад полымя пажару, над Менскам зноў узняўся сцяг... (П.Глебка). Ад усіх наскрозь адменная, я люблю цябе адну, і цябе ніякім ценем я, ні дакорам не крану (А.Астрэйка). Пакінем спадчыну мы для патомкаў інакшую ад той, што ўзялі мы ад продкаў на абломках гісторыі сваёй (Я.Купала).

V. АЗНАЧАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

14. Ужываецца пры ўказанні на цэлае, асобнай часткай якога з'яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Ключы ад кватэры. Струны ад гітары.Матка ўставала, ставіла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў (М.Лынькоў).
// Пры характарыстыцы прадмета шляхам указання на якасць, прызначэнне, крыніцу ўзнікнення яго і г.д. Цень ад бярозы. След ад калёс. Пах ад ружы.

15. У злучэнні з лічэбнікам і прыназоўнікам да з другім лічэбнікам ужываецца пры ўказанні на велічыню, узрост, вагу і г.д., якія абмяжоўваюць што-н. У сад прымаюцца дзеці ад трох да сямі год.
// У злучэнні з прыназ. да (ад - да) і другім назоўнікам або прыметнікам ужываецца пры ўказанні на поўны ахоп усіх прадметаў, уласцівасцей і г.д., пачынаючы ад дадзенага і канчаючы яшчэ якім-н. На полі былі ўсе - ад старога да малога.

VI. АДНОСІНЫ ПРЫНАЛЕЖНАСЦІ.

16. Ужываецца пры ўказанні на сферу дзейнасці асобы, названай кіруючым назоўнікам. Чалавек ад навукі. □ [Пан Мацкевіч-Цат:] Цясней нам сысціся даўно пара: вы [кат] - ад пятлі, а я - ад пяра, а працуем над супольнай справай, карыстаемся роўнаю славай (К.Крапіва). Калі ў сэрцы зіма і прасвету няма, і пакуль маім грудзям балесне, браце мой, не пытай - я ад плуга, ратай, не дзівіся, што сумныя песні (М.Васілёк).
// Пры ўказанні на грамадскае асяроддзе, арганізацыю, установу, прадстаўніком якіх з'яўляецца названая асоба. Прадстаўнік ад райкома партыі.

VII. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

17. У спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць пачуцці, перажыванні, фізічныя адчуванні, ужываецца пры абазначэнні прычыны якога-н. дзеяння або стану. Дрыжаць ад холаду. Перасыхаць ад смагі. Заходзіцца ад плачу.У Лёні аж голас задрыжаў ад хвалявання (А.Кулакоўскі).

18. Ужываецца пры выражэнні падставы, матывіроўкі дзеяння або стану названага кіруючым словам. Намокнуць ад ліўню.У Хомчыка ад усмешкі прыгнуўся яго крыху дзюбаты нос, шэрыя вялікія вочы жыва забегалі (П.Пестрак). Радзіўся новы рупны дзень, ад рос, ад сонца яркі (П.Панчанка).

VIII. АДНОСІНЫ СПОСАБУ ДЗЕЯННЯ.

19. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры ўказанні на спосаб працякання дзеяння. Пісаць ад рукі. Плаціць ад сотні.Міхаіл Андронавіч раззлаваўся. - Ведаю, ведаю... Ведаеш, дык дай параду, пагавары ад душы (І.Шамякін).

20. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры Указанні на ўзаемадзеянне асоб або прадметаў. Хаваліся адзін ад аднаго. □ [Пятрусь і Рыгор] зрабілі па некалькі крокаў адзін ад другога (Ц.Гартны).

21. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры ўказанні на прадмет, з якім проціпастаўляецца другі прадмет. Адрозніваецца, як неба ад зямлі.

Ад сілы - самае большае.
Ад цёмнага да цёмнага, ад цямна да цямна - з ранку да вечара.
Ад (чыстага, шчырага, усяго) сэрца, ад сэрца - шчыра, адкрыта, чыстасардэчна.

Тлумачальны слоўнік прыназоўнікаў   Тлумачальны слоўнік прыназоўнікаў
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020