Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

для, прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. для выражае аб'ектныя, мэтавыя і прычынныя адносіны.

I. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, для якіх што-н. робіцца, прызначаецца. Белы лунь уцякае з узвышша-гары, пракладае дарогу для сонца (А.Александровіч). Бацькі мае цьмяна марылі аб нейкай невядомай ім лепшай долі для сваіх дзяцей (К.Чорны).

2. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, у дачыненні да якога мае значэнне, сілу тая ці іншая з'ява, якасць, стан і пад. Там пясок і камяніца - кепска для ячменя: на адну кальвінку збожжа зелля больш як жменя (Я.Колас). Для дружбы шчырасць даражэй за ветлівасць (Я.Брыль). Яшчэ ўчора ластаўкі былі, а ўжо сёння пуста каля дома. Як яны адлётваюць, калі, для людзей заўсёды невядома (А.Астрэйка).

3. Ужываецца пры абазначэнні адпаведнасці або неадпаведнасці, несуразмернасці якой-н. з'явы, падзеі, якасці і пад. з кім-, чым-н. Махнач падхапіўся залішне спрытна для сваёй камплекцыі (І.Шамякін). Часамі гэта рабілася на скорую руку, пераклады выходзілі нязграбныя, малазразумелыя, нязручныя для вымаўлення, а то і недакладныя па сэнсу (К.Крапіва). Гэта была рэч можа і не тыповая для рэвалюцыі скрозь, але натуральная тут, у гэтым гарадку... (К.Чорны).

II. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

4. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. Можа б вы для апетыту ўзялі кроплю? Не хочаце! Не п'яце! (К.Чорны). Для перагавораў вязні выбралі Паўла і некалькі іншых, як і ён, давераных таварышаў (Я.Брыль).
// Паказвае на прызначэнне прадмета ці асобы. Цэбар для вады.Сілівон сядзеў на ахапку сухой асакі і, каб марна не бавіць час, выстругваў зуб'е для грабляў, зацята скроб іх тоўстым шкелкам (М.Лынькоў). Зямля - невычэрпнага скарбу крыніца, на цэглу дасць гліны і для чарапіцы (Я.Колас).

III. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

5. Ужываецца пры абазначэнні прычыны, падставы якога-н. дзеяння; адпавядае па значэнню прыназ. з-за. Падмаглі жанчыны, якія гуртком сядзелі ля суседняй хаты і падышлі да нас для цікавасці (П.Пестрак).

Для адводу вачэй - з мэтай адцягнуць увагу, для прыліку.
Для прыліку - для выгляду, для стварэння патрэбнага ўражання; дзеля прыстойнасці. З'явіўся нейкі атрад на вуліцы. Пачалася страляніна (хоць стралялі, відаць, больш для прыліку) (І.Мележ). Йонас каторы раз моцна цалаваў Зосітэ, якая, хоць ёй было і прыемна, для прыліку адхіналася (П.Броўка).

Тлумачальны слоўнік прыназоўнікаў   Тлумачальны слоўнік прыназоўнікаў
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020