Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

пад, прыназ. з В. і Т. Спалучэнне з прыназ. пад выражае прасторавыя, часавыя, аб'ектныя, атрыбутыўныя, параўнальныя, прычынныя, мэтавыя адносіны і адносіны прыблізнасці, спосабу дзеяння.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, ніжэй якога накіравана дзеянне. Пакласці сякеру пад лаўку. Засунуць касу пад страху. Пад латак гаршчок паставіць. Упасці пад каня. Пакласці падушку пад галаву. Падабраць ногі пад сябе. Залезці пад коўдру. Схаваць пад кажух.Скіну з плеч шырокіх рызманы пад лаву... (М.Танк). Куды б мяне мой дзіўны лёс ні кінуў, пад неба поўначы, на берагі Дзвіны, - твой шлях - мой шлях, любімая Айчына! (А.Звонак). Снег на штучным малюпасенькім азярцы быў ушчэнт спярэшчаны заячымі слядамі: яны заходзілі аж пад масток над круглым азярцом (К.Чорны). Паў адзін пад каня, а другі - на кані (П.Броўка). Іван адвярнуўся ад сцяны, паклаў пад шчаку правую руку і заплюшчыў вочы (С.Грахоўскі). Дзеці мае! Вы пад'елі, заснулі, і я вам спакою хачу, я пад вашы кашулі завею з трубы не пушчу (А.Куляшоў). Дзяўчынку паднялі на рукі, пад кажух... (Я.Брыль). Чым скарэй старайся зрабіць, прыгатуй мне ў дарогу сані, пакладзі пад салому ачышчаныя тушы, увяжы вяроўкамі (К.Чорны).
// У значэнні 'ніжэй паверхні чаго-н.'. Нырнуць пад ваду. Спусціцца пад зямлю.У правалы, пад зямлю, у глыбокі карст апускаўся, каб знайсці багацейшы скарб (А.Звонак).

2. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, у бок ніжняй часткі якога накіравана дзеянне. Сесці пад куст. Скласці рэчы пад разложысты дуб. Спусціцца пад горку. Кінуць пад ногі.Усе складалі свае парашуты ў адно месца, пад нізенькую каржакаватую ігрушу, якая дзіка расла, растапырыўшыя і пакрывіўшыся над шырокім жытнім полем (К.Чорны). Пад узгорак або ў гразь - конь насілу возьме (К.Крапіва). Леснікова сяліба пачала здавацца густою кучаю лому: ён упаў аднекуль пад ногі выносістых хвояў (К.Чорны). Дарога палотны пад ногі сцеле (А.Куляшоў). Чалавек шырока махае рукамі, коўзаецца ботамі па слізкай дарозе і паціху ідзе, пазіраючы сабе пад ногі (П.Галавач). Ляцелі пад адкос нямецкія паязды, узрываліся на дарогах грузавыя машыны (К.Чорны). Ага, ну-ну! Ты пажыві яшчэ хвіліну, - вось толькі сяду ў каляіну, плячом пад кола таркану і к чорту воз перавярну (К.Крапіва). Ды што ты зробіш? Так з прадзедаў было-вялося і вядзецца, і ўсё ўпустую люд таўчэцца; ды будзе час паразумення - таўкне пад самае карэнне... (Я.Колас). А як падбег, ласкава згроб яго пад сваю лёгкую руку, і пайшлі яны гэтак абняўшыся (К.Чорны). Тады Мікола непрыкметна штурхануў мяне пад локаць і кіўнуў: «Глядзі» (Я.Брыль). Вун аднойчы і Лаўрэну так засвіціў начальнік дыстанцыі, аж твар успух. Пад самае вока патрапіў - быў тады семафор недагледжаны (М.Лынькоў). А раз нейк выйшла між хлапцамі, што захацелі быць абодва жарабцамі: і шыя ў кожнага дугой, і землю кожны б'е нагой, і вочы скошаны пад лоб, - пусціліся ўгалоп (К.Крапіва).

3. з В. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, у непасрэдную блізасць да якіх накіравана дзеянне. Едуць пад Менск. Пайсці пад студню. Гусі паляцелі пад лес.З Менска прыбыў эшалон пад Цымляны неяк у поўдзень (А.Астрэйка). Вось мякка газуе пад хату трохтонка (А.Куляшоў). Назаўтра Мікалай павёў усіх назад пад выстаўку (К.Чорны). Ганна стаяла ў садзе адна, ні пад кога не падыходзячы (К.Чорны).
// У значэнні 'аж да самага (прадмета, месца ці пад.)'. Лунае пад неба. Паляцеў пад страху. Агонь шугае пад воблакі. Падкідаюць пад столь.У песнях павыраслі крыллі, лунаюць пад неба, край свету... (Я.Купала).

4. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або паняцця, пры назве дзеяння ці стану, у зону якіх накіравана іншае дзеянне. Выйсці з хаты пад дождж. Папаў пад халодны душ. Вядуць пад агонь.Колька падставіў пад буйныя кроплі свой кірпаты вяснушкаваты тварык, ссунуў бровы, нібы і сапраўды кагосьці ўбачыў у нізкіх шэрых воблаках (С.Грахоўскі). Ён пайшоў пад душ, але і там давялося хвілін дзесяць чакаць, пакуль вада зробіцца адносна халоднай (У.Караткевіч). Вядзём на праўку пад агонь на класавых франтох - і вербалозную аблонь, і лукаткі дарог (У.Хадыка). Пры тым ён так даверліва ставіўся да новага свайго спадарожніка і так яго ўся істота прасілася пад яго апеку, што здавалася, быццам яны знаёмыя ўжо шмат год (К.Чорны).
// Пры ўказанні на стан, у які пападае хто-, што-н. Аддаць пад суд. Падпасці пад крыўду.У гэтыя моманты страшнай адзіноты, больш як калі раней, яму здавалася, што Аксеня адна будзе вельмі бездапаможная, што яна яшчэ не ведае практыкі жыцця, яна можа падпасці пад злую крыўду (К.Чорны).
// У значэнні 'ва ўладу каго-, чаго-н.'. Паводле Берасцейскага міру частка Беларусі пападала пад Германію.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, ніжэй якога (з боку ніжняй часткі якога) адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто-, што-н. Сваёй чаргой жыццё ішло пад ясным і халодным небам (А.Звонак). Я прылёг на зямлю разам з горам сваім, - як маўкліва пад небам маім! (П.Броўка). А край падымаўся, пад зорамі рос, квітнеў штовясну небывала (К.Буйло). Глыбока зіяе бяздонне правалу, апушчаны нізка пад сонцам завесы, дрымучай слатою вам выглядзяць галы, над днямі былога лёс хмары павесіў (Ц.Гартны). З Менска да Масквы - дарога блізкая. Гэтую дарогу я люблю - пад крыламі воблакі пабліскваюць, зрэдку дзе аконцы на зямлю (П.Броўка). Пад дугою званкі заліваліся звонка... (П.Броўка). Гразь пад нагамі падшэрхла і пацвярдзела (С.Грахоўскі). Мрок стаіўся нерухома, пад нагамі лом, каменне (Я.Колас). Цвёрдую глебу адчуў пад сваімі нагамі (А.Куляшоў). Ну, устаў я гэта сабе нацямочку, яшчэ нават сцежкі пад нагамі не відаць... (К.Чорны).
// Пры абазначэнні прадмета, з ніжняга боку (ці за адваротным бокам) якога адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто-, што-н. Зямля пад снегам. Пад хмарай ляцяць жураўлі. Пад ценем дрэў. Пашукайце пад ламаччам. Пад палой пранесла лістоўкі. Сарочка пад ватоўкай. Вочы пад шкелцамі акуляраў. Што ў цябе адзета пад нізам? Плечы замерзлі пад хусткаю. Трымаць пад пахай.Пад белай страхою стаіўся пасёлак, прымоўклі навокал лясы (Я.Колас). Абмёр пад коўдраю хлапчына, пабеглі па плячах мурашкі... (К.Крапіва). Пад скарынкай лёду тут жа, каля хаты, працякала рэчка скрозь лясныя шаты (Я.Колас). Пад мокрым снегам адчувалася зямля (К.Чорны). Пад белым пухам лебядзіным заснула вёска сном нямым (М.Машара). Пад засенню леса глухога становіцца цішай, страшней (Я.Колас). Змаршчакаваты твар быў халодны і нерухомы, як бы ўсё, што жыло ў чалавеку, варушылася дзесьці глыбока пад ружоваю насупленасцю бязброўных вачэй, пад рудым зараснікам вусоў, пад усімі рысамі аблічча, што ляжалі дзіўна, упоперак (К.Чорны). Шэрая кашуля пад гарнітурам з адкладным каўняром і тонкі гальштук, завязаны наспех (К.Чорны). Не гэтак уласнай шкада галавы, як шкода заветнага слова з Масквы, якое ганец пад ватоўкай нясе, якога так прагна чакаюць усе (П.Глебка). Глядзіць прыветліва, нялёгка разгадаць клыкасты твар пад маскаю мядовай (П.Панчанка). «Сам у чым будзеш?» - спытаў Андрэй. - «А ў мяне ватоўка пад нізам, найлепш дабягу да месца» (А.Кулакоўскі). Шчарбацюк, які сачыў цяпер нязводна за імі, пачаў хвалявацца, - пад скурай напружана захадзілі жаўлакі (І.Мележ). Агледзеўшыся вакол, Пятрусь пайшоў рабіць свой абход з мяшэчкам і з торбачкамі пад пахаю (Я.Колас). Убачыўшы на сваім палетку незнаёмага чалавека з завязанай торбай пад пахаю, ён цікаўна пачаў прыслухоўвацца і прыглядацца (К.Чорны).
// Ніжэй паверхні чаго-н. Паплавок пад вадою. Кветкі пад снегам. Шахцёры пад зямлёй. □ Рунь цяпер пад снягамі не праб'ецца да вонку... (П.Броўка). На астыўшых руінах пад попелам чуецца плач (А.Куляшоў). Толя падсек, і на канцы лёскі, пад вадой, пачулася даўно чаканае далікатнае супраціўленне (Я.Брыль).
// Пры абазначэнні прадмета, якім надзелены ў якасці покрыва іншы прадмет. Дом пад страхой. Карціна пад шклом. Лямпа пад абажурам.«Хадземкась во сюды», - паказаў ён [Іван Дзямідавіч] на вялікую, на тры акны, пад гонтавым дахам хату (І.Шамякін).

6. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, унізе каля якога (побач з ніжняй часткай якога) адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто-, што-н. Пад бярозаю разросся мох. Сесці пад дубам. Пад хвояй сінеюць снягі. Заяц пад кустом. Пад гарой зялёны гай. Хлопец сядзіць пад акном. Камень ляжыць пад плотам. Нехта стаяў пад дзвярамі. Галлё валялася пад нагамі.Ціха палуднуе аратай пад высокім дубам на мяжы (З.Бядуля). Калі над радзімай пажары шугалі і неба гуло ад грымот, пад шумнымі соснамі мы прысягалі табе, беларускі народ! (П.Броўка). Весела на полі, слаўна пад бярозкай, хоць ты сядзь-спачынь (Я.Колас). Каля берага пад вербамі чаўны былі прывязаны (П.Галавач). Пры лесе, пад горкай бруіцца крыніца (П.Броўка). Я яшчэ не забыў, як кляліся вы з ёй вечарамі, цалаваліся цэлую ноч у мяне пад акном (А.Куляшоў). Крыху наводдаль, у самым канцы павеці, пад сцяною кавальнага цэха, стаяла безліч новых плугоў (К.Чорны). Лямпа з крука была сарвана і валялася ў яго пад нагамі, пабітая ўшчэнт (К.Чорны).

7. з Т. Ужываецца пры ўказанні на месца, у непасрэднай блізасці каля якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца, знаходзіцца хто-, што-н. Было гэта пад Менскам.Пад Барысавам палонным, за Бярозаю-ракой, войска арміі Чырвонай сабірала сілы ў бой (А.Александровіч). У красавіку, калі ў лагер прыгналі чалавек з трыццаць ангельскіх маракоў, узятых пад Нарвікам, палякі сустрэлі іх вельмі радасна (Я.Брыль). Мой жа брат загінуў пад Перакопам (П.Пестрак). На ўзбярэжжы балота, пад садам, было ціха і прытульна (Э.Самуйлёнак). Села пад пушчаю Восень, вочы ўтаропіла ўдаль, жаль ёй павяўшых дакосін, спетых дажынак ёй жаль (Я.Купала). І пуста, і дзіка пад борам кругом, як помсты вялікай заплёў хто залом (Я.Купала).

8. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або паняцця, пры назве дзеяння ці стану, у зоне якіх адбываецца дзеянне, знаходзіцца хто-, што-н. Быльнёг шастаў пад ветрам. Іржышча блішчыць пад расою. Застаўся пад дажджом. Наводзіць мост пад агнём. Прасох пад сонцам. Ружавее пад месячным ззяннем.Павек не забудзецца тая навала, як, дымам ахутаны чорным, стаяў ты, мой горад, пад вогненным шквалам і ворагу быў непакорным (М.Хведаровіч). Пад варожымі кулямі клаліся крыжам, а ніхто не хацеў і не мог адступіць (П.Глебка). Гаварылі ад сэрца пад атуленнем ночы, калі слоў не хапала, дагаворвалі вочы... (П.Броўка). Зніклі хмары... і пад чырванню ўсе прасторы сталі голымі (М.Чарот). Поруч з ёю, пад расою зіхаціць шыпшына (М.Багдановіч).
// Ужываецца пры абазначэнні пэўнай з'явы або аб'екта дзеяння, у зоне пашырэння якіх адбываецца што-н. або знаходзіцца хто-, што-н. Трытона я знайшоў у слоі белых глін і кінуў ў ставок, зарослы мохам, і ён ажыў пад сонцам і паплыў, далёкі госць далёкае эпохі! (А.Звонак). Сонца грэла слаба, насеяны за ноч сухі снег пад ім не раставаў, але пры сцяне было зацішна і нават цёпла (К.Чорны). Ціхі, нібы раздзеты, ён брыдзе пад світальным агнём, дзе ўсе птушкі - паэты і ўсхвалёваны будучым днём (А.Куляшоў). Пад гэтым простым і шчырым «чаму», якое было не толькі ў словах, але і ў вачах інваліда, студэнт разгубіўся... (Я.Брыль).
// Пры ўказанні на стан, у якім хто-, што-н. знаходзіцца. Займацца пад кантролем. Трымаць пад пільнай аховай. Гнуць шыю пад ярмом. Жыць пад страхам.Чалавек, які радзіўся пад апекай муз, вельмі шмат церпіць ад акружаючых абставін (З.Бядуля). Замуж мусіць пайсці іх дачка пад смяротнай пагрозай (А.Куляшоў). Пад чорным маім уладаннем сіроцтва гне корна калені, і ўдоўства галосіць літаннем на голым магільным каменні (Я.Купала). Аж на дол прыпадаюць ніцма пад цяжарам зярна каласы (П.Глебка). Пад націскам тройчы узбольшаных сіл, на бераг шырокай ракі апошнімі, мужна, між свежых магіл, з баямі адходзяць палкі (П.Глебка).
// У значэнні 'ва ўладзе каго-, чаго-н.'. Былі раней пад панам. Пабыць пад вайной. Жыў пад Польшчай.Гора нам, бедным, гора загнаным, мучаць нас чорныя долі, стогнем пад царам, стогнем пад панам, стогнем мы дома і ў полі (Я.Купала). Што там дзеецца, пад тым далёкім ярманцам... (М.Лынькоў). Жывучы пад рондом маскоўскім кожны ведае што ён нас абдзірае і глуміць; но мало хто добрэ падумаў, чы можно ад его спадзеваці ся чэго лень для нас, альбо для дзяцей нашых (К.Каліноўскі. Мужыцкая праўда. № 3). Што было за царскай Расеяй, дык цяпер пад Польшчаю ўглыб пайшло: ніяк не вылузацца з хамута (К.Чорны).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

9. з В. Ужываецца пры абазначэнні моманта, перыяда часу, напярэдадні якога ажыццяўляецца дзеянне. Скідалі стог пад вечар. Бярэцца пад дзень. Заснуў пад поўнач. Паб раніцу павекі наліваюцца волавам.Пад раніцу засынала, але спала нядоўга (І.Шамякін). Надвечар усхадзіўся вецер, і пад поўнач захаладала (К.Чорны). Пад поўдзень рота заняла боем рад траншэй на ўскраі лесу (І.Мележ). Пад вясну яшчэ прыдбала гадавалае цяля (П.Броўка). Маразы ізноў былі пад восень, але ніва Паво ўжо паспела (М.Багдановіч). Пад шэрую восень, пад верасень месяц, задумаў жаніцца Мядзведзь ў цёмным лесе (М.Танк). Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег (К.Чорны). Дай божа замалада косці грызці, а пад старасць мяса есці (прыказка). Яна не заўважала, як пад канец яе расказу змяніўся твар Варонінай, як усхваляваўся спакойны, нават флегматычны камандзір (Э.Самуйлёнак).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

10. з В. Ужываецца пры абазначэнні працэсу, стану, гукавога фону, у суправаджэнні якіх адбываецца дзеянне. Заснуў пад пакалыхванне машыны. Добра дрэмлецца пад дождж. Пад воплескі ды пажаданні ўзняўся ў неба пілот. Лучына гарэла пад шум калаўроту.Адзінай кагортай, ячэйкай адзінай, пад крок пяцігодак, пад грукат гадзін уздымем краіну, уславім краіну, край родны у творчай красе адрадзім! (А.Куляшоў). Пад аднастайнае пакалыхванне машыны камісар сіліўся як мага адагнаць сон (М.Лынькоў). Ані расы каторы дзень. Пад сонечны касцёр сады, спавітыя ў сухмень, ранялі свой убор (П.Броўка). Пад разлівы песні хмарыць сон гарачы (М.Танк). Кладзецца жыта спелае пад песню на сто крывых адвостраных сярпоў... (П.Панчанка). І на світанні свежых раніц, пад звонкі посвіст салаўя, выходзіць з лесу партызаніць уся Вілейшчына мая (М.Машара). Ён сам каля славутых барыкад, на вуліцах, дзе сцяг камуны ўзвіўся, пад свіст свінца, пад гул глухі гармат з паўстаннем гнеўным разам нарадзіўся (А.Зарыцкі).

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, за які бяруцца, захватваючы яго знізу. Узяць пад руку. Патрымай вядро пад дно. Трымаў таварыша пад плячо.Кацярына Рыгораўна ўзяла Надзю пад руку, і яны пайшлі, нібыта даўнія сяброўкі (С.Грахоўскі). А мяне вядуць пад рукі, так іду выгодне: самі ногі йдуць, здаецца... (Я.Купала). Згроб [Алесь] свой клуначак пад паху - загадзя сабраўся - асцярожна, поўны страху, да дзвярэй падкраўся... (Я.Колас). І [Саўка] пад пахі бацю згроб, выцягнуў з балота (Я.Колас). Яны ўбачылі, як салдат ссаджваў з воза хворага немца: трымаючы яго пад плячо, салдат бадай што нёс немца да сенечных дзвярэй... (К.Чорны). З усмешкай мы жыццю глядзім у вочы, - судзіла доля шчасце на вяку, - збіраем кветкі папараці ўночы, днём з ясным сонцам ходзім пад руку (Я.Купала).

12. з В. Ужываецца пры ўказанні на прыладу, інструмент і пад., уздзеянню якіх што-н. падвяргаецца ці з дапамогаю якіх што-н. ажыццяўляецца. Пусціць пад нож. Непатрэбныя кавалкі дошак ішлі пад сякеру, на дровы. Схаваць пад замок.«Там, - казаў ён, - даволі дабра я замкнуў пад замок: і цыбулі, і солі...» - «І хлеба?» - спытаў Васілёк (А.Куляшоў). «Я думаю зрабіць прасцей. Перакрыць зусім спуск вады моцнай земляной плацінай». - «І паставіць пад рыск катлаван», - скрывіўся Беразінец (П.Броўка).

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які служыць гарантыяй, забеспячэннем чаго-н., узамен якога што-н. даюць або атрымліваюць. Даць грошы пад распіску. Аддаць пад залог.У той дзень стары Скуратовіч сам хадзіў у лес бачыцца з сынам і раіцца, што рабіць: зранку прыехаў чалавек з воласці і пад распіску даў паперку, дзе былі выпісаны тэрміны здачы жыта (К.Чорны). Пад зямлю атрымліваюцца пазыкі з выдачай вексялёў, вельмі пашыраных тут паміж таўрычаскімі сялянамі... (В.Поснікаў).

14. з Т. Ужываецца пры абазначэнні ўмоў, абставін, гукавога фону, якімі суправаджаецца дзеянне. Стаяў пад шумам дрэў. Ідзём пад беларускім сцягам. Стаіць мой сад пад белым цветам.Ля хат пад свістам непагоды цішэе сад і дрэва моўкне, - для нас з табой вясна заўсёды, - бо на душы вясна не змоўкне (У.Хадыка). Жыві пад свістам пушчы сумным, сярод пакутных нас слыві гаспадаром разумным! (А.Куляшоў). Заўсёды поўначчу, калі прачнуцца пад вясеннім шумам разлівы родных рэк, палі, - мяне наведываюць думы: якімі гукамі струны ці песнямі я ўвекавечыў дні гора, нашай славы дні і гэтых зораў бляск спрадвечны? (М.Танк). Забыўся, здаецца, Андрэй на ўсё, стоячы пад паважным, раўнамерным шумам сосен (П.Пестрак). Спакойна і мірна суровай хадой пад ленінскім сцягам праходзяць калоны (П.Глебка). Пад якой ідзеш зарою, ой ты, доля наша - ці пад хмарнай, пад бурлівай, што ветрамі страша..? (Я.Купала). Яна ўбачыла, можа нават праўдзівей сказаць адчула, як трапяталіся і жылі колеры на сценах і ў паветры, як яны зменьвалі самі сябе пад ясным позіркам сонца (К.Чорны).

15. з Т. Ужываецца пры назве прадмета, інструмента, прылады, уздзеянню якіх хто-, што-н. падвяргаецца ці з дапамогаю якіх што-н. ажыццяўляецца. Пад разцом запела сталь. Рыпіць снег пад ботамі. Трэснула галінка пад нагою. Човен плыве пад ветразем. Ці многа ў цябе схавана пад замком?Пад цяслярскай сякерай пападала лісце на дол (А.Куляшоў). Пад сярпом маім крывым жыта хутка гнецца, сноп за снопам у радкі покладам кладзецца (Ц.Гартны). Зарыкалі нема пад нажом каровы, набухалі гневам цёмныя дубровы (П.Глебка). Мы ў пушчы. Пад ботамі шамкае мох (П.Броўка). Пыліць пад армейскмі ботамі шлях, медалі звіняць на грудзях (А.Зарыцкі). Захрабусцела пад лапцямі нечапаная скарынка снегавой цаліны, застукалі наўзахваткі сякеры... (К.Крапіва). Прымінаем першы лядок, што хрусціць пад лакцямі (А.Куляшоў). Толькі ўскіне лагодліва вейкамі - гравій пад шынамі запяе, чатыры дарогі сыпучымі рэйкамі як па загаду плывуць да яе (П.Панчанка). Мароз рыпіць пад палазамі, як быццам плача дзесьці хто (М.Хведаровіч). Гады за гадамі няспынна ідуць, пад імі на'т крышацца скалы (П.Трус). І даваў такога спрытнага драпака, што толькі пыл курэў пад «абломкам імперыі» (М.Лынькоў). Запяюць чароўна птушкі пад узмахамі смычка (У.Рагуцкі). Адгэтуль пад ветразем Сценька у песню з княжной адплываў... (П.Панчанка). Бачыць ён, як скрозь бурунаў пырскі, скрозь прыбой, што ўдзень і ўноч грукоча, адплываюць казакоў сібірскіх на той бок пад ветразямі кочы (А.Звонак). Наша воля неўміруча, хоць і пад замкамі (М.Хведаровіч). Дзверы пад замкамі, у тры сажні агарожа, - глуха, як у яме (Я.Колас). Яшчэ там корна служаць мамкамі сястрыцы нашы і сягоння, ды стогнуць, мучацца пад клямкамі браты, як некалі ў прыгоне (Я.Купала).

IV. АТРЫБУТЫЎНЫЯ АДНОСІНЫ.

16. з Т. Ужываецца пры ўказанні на адметную ўласцівасць, прымету прадмета. Часопіс пад назваю «Маладосць». Пісаць пад псеўданімам. Дом пад нумарам дзесяць.І выраб мой дасужае мінуты, рагаты сук пад надпісам «Чымган», прыродаю так вычварна загнуты, гадае там пра родны Казахстан (Я.Колас). Пасумуем удвох і напішам удвох агнявую паэму пад назваю «Здрадніца»... (П.Панчанка). Дом пад нумарам дваццаць чатыры, даўні сябра мой шчыры... (А.Куляшоў).
// Пры назве прыправы да страў. Салат пад маянэзам. Рыба пад соусам.

V. ПАРАЎНАЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ.

17. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, накшталт якога ці падобна да якога што-н. робіцца, з якім што-н. параўноўваецца. Памаляваць пад колер сталі. Гаворка падобная пад украінскую.З коміна, дзе ўткнута шэрая пад колер сталі гліняная труба, тарапліва, як бы яго ліхаманка трасе, плыве-бяжыць сіняваты дымок... (Я.Колас). Гуральскія хаты. Вуглы - «замок» - памаляваныя пад шахматную дошку, нібы палоскі на таксі (Я.Брыль). Спецыяльна вылепіў для нас новую кватэру пад Парнас (П.Панчанка).
// Пры абазначэнні таго, што з'яўляецца ўзорам. Стрыгчы пад бокс, пад польку.Дзяўчына, распусціўшы косы, вылецела ў бор, і, прытуліўшысь к дрэву, песню жудкую пяе - ні то падладжваючыся пад хаўтурны хор, ні то спраўляючы ў бару заручыны свае (Я.Купала). Аднак у практычнай дзейнасці асобныя кампазітары народнасць у музыцы разумеюць прымітыўна, спрошчана, пераважна як стылізацыю пад народнае («ЛіМ»).

18. з В. У адпаведнасці з чым-н., раўназначна чаму-н. Якраз под яго думкі. Пад настрой. Значэнне слова «рух» падыходзіць пад паняцце «дзеянне». Мне гэта не пад сілу.Коля любіў пахваліцца, калі гэта было пад настрой (І.Грамовіч). Напярэдадні, чысцячы зброю, рота спявала. Без каманды, сама, пад настрой (Я.Брыль). Нібы знарок пад думкі яго, на агародзе, у баразне стаяла нейкая бабуля і, гледзячы з-пад рукі сюды, на рэчку, гукала: «То-лік! То-о-лік, го-оў!..» (Я.Брыль). Вы кажаце - мужык скарэй прадасць гандляру, чым пану, бо пад паняцце «пан» у мужыка часта падыходзіць кожан, хто носіць цэшку або чорнае паліто (Я.Колас). Джамбулу я песню сягоння пяю, пад сэрца і думу настроіў сваю... (Я.Купала). Сэрца просіць шляхоў, што цяжкім маім ботам пад сілу; наглытацца хачу туманоў, твайго ветру і пылу... (А.Куляшоў). Па левым беразе ў шнурочак зялёных дрэў пралёг радочак, як стрэлка, роўненька, пад меру, як тыя буквы на паперу (Я.Колас).

19. з Т. Ужываецца пры абазначэнні паняцця, сэнс якога падлягае раскрыццю (пры словах разумець, хавацца, падразумяваць і пад.). Што хаваецца пад гэтымі словамі? Пад нашатырным спіртам разумеюць водны раствор аміяку.Ну, а калі дзед падгуляе, тады ён йзноў адменнасць мае, тады ён нават і бушуе і трохі сына памуштруе; але пад гэтым бушаваннем хавае гумар з насміханнем: больш жарты строіць, чым ваюе (Я.Колас).

VI. АДНОСІНЫ СПОСАБУ ДЗЕЯННЯ.

20. з В. Ужываецца пры ўказанні на спосаб якога-н. дзеяння. Стрыгчы пад машынку, пад нулёўку. Пісаць пад капірку. Крыць хату пад жалеза.«Рана вам радавацца», - і Пятро кідаў вочы на крытыя пад жалеза хаты заможнікаў (Я.Колас).

VII. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

21. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння ці ўмоў, у выніку якіх ажыццяўляецца іншае дзеянне. Не схіляўся пад акупанцкім ботам. Гнуцца плечы пад гадамі. Пад уплывам культуры жыццё набывала новыя рысы. Снег пад уздзеяннем ветру ўшчыльніўся.Хочуць, каб песні забыліся матчынай! Пад акупанцкім схіляліся ботам (М.Танк). Пад камсамольскай гулкай хваляй ці ж устаіць варожы свет?! (Я.Колас). Час яшчэ твару майго не зразорыў, плечы не гнуцца яшчэ пад гадамі... (М.Танк). Лёгкія пясчаныя глебы пад уплывам торфу становяцца больш звязанымі, лепш утрымліваюць вільгаць, цяжкія сугліністыя - становяцца больш рыхлымі, водапранікальнымі (з газет). Пад уплывам сваіх думак дзед Талаш падняўся і асцярожна пасунуўся ў лес... (Я.Колас). Усе асноўныя персанажы названых апавяданняў пададзены ў псіхалагічным плане. Яны знешне да пэўнага часу жывуць ціха і спакойна, і раптам пад уздзеяннем новай абстаноўкі цішыня і спакой ператвараюцца ў душэўную буру помсты, якая вядзе да рашучага дзеяння (У.Агіевіч, М.Ларчанка).

VIII. МЭТАВЫЯ АДНОСІНЫ.

22. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, дзеля якіх прызначаецца што-н. Зямля пад поле. Палетак пад жыта. Карэта пад доктара.Вось кончым справу - зааром, пад жыта добра будзе (П.Броўка). І не дзіва, калі сцэпшчык Іван, які двойчы падаў сігнал: «паравоз пад вагоны», гучна лаецца (М.Лынькоў). Як прыйшло жніва, не бялелася ўвечары сукеначка між дрэў у садзе, затое стаяла ля сіняга плоту карэта пад доктара (М.Гарэцкі).

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, якімі што-н. занята, якімі што-н. выкарыстоўваецца. Поле пад аўсом. Школа пры немцах была пад канюшняй. Гарачыя коні былі пад казакамі.

IX. АДНОСІНЫ ПРЫБЛІЗНАСЦІ.

24. з В. Разм. Ужываецца пры прыблізным абазначэнні колькасці, памеру, узросту. Чалавек пад сорак. Яму было гадоў пад пяцьдзесят.Жарт, відаць па ўсім, дайшоў. Але ўсё ж невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, каб адзін з хлопцаў, боўдзіла пад два метры, не асэнсаваў чагосьці (У.Караткевіч). Пра маё пакаленне пісалі мала - у майго пакалення камсамольскі ўзрост - хоць маё пакаленне імя мае, хоць майму пакаленню пад дваццаць ёсць (А.Куляшоў).

Замінаць пад нагамі - быць лішнім, непатрэбным, перашкаджаць. Пайшчыкаў больш не запісалася, але яны і не патрэбны былі: прынамсі кожная драбяза не замінала пад нагамі (К.Чорны).
Не чуць ног пад сабой - з адчуваннем лёгкасці. І калі думаў я пра іх, пра Петруся, значыцца, і пра яго каханку, дык ведаеце - ног не чуў пад сабой, і так лёгка было весці паравоз тады, падганяць яго, пускаць уперагонкі з ветрам спадарожным (М.Лынькоў).
Пад ведамам - у сферы чыёй-н. улады, кантролю. Гэтыя кааперацыйныя пункты якраз і былі пад яго ведамам (К.Чорны).
Пад вянец - да шлюбу. Паехалі пад вянец.
Пад дурнога хату (завесці, падвесці і пад.) - абдурыць, свядома абмануць. Каб не завёў нас гэты ранісанс пад дурнога хату (П.Пестрак).
Пад лапу (падграбці, узяць, забраць) - у сваё ўладанне. Ага, і цябе пад сваю лапу падгроб быў, дык табе не смачна стала пішчэць праз каторы ўжо год у Нахлябічавай лапе (К.Чорны).
Пад мухай - у стане лёгкага ап'янення. Я часцяком яго ў карчме, бывала, спатыкаў пад мухай (К.Крапіва).
Пад нос (гаварыць, мармытаць і пад.) - невыразна, ціха. І чутно, як ён ідзе да стрэлак, мармычучы сабе нешта пад нос (М.Лынькоў). Мікалай пачаў наспеўваць сабе пад нос нешта без слоў - ціхае і доўгае (К.Чорны).
Пад носам - а) знізу каля носа, на верхняй губе. У Яўхіма, здаецца, аж нос мокры стаў, а пад носам яшчэ горш (К.Чорны). б) перан. Тут жа, зусім блізка. Зажмурыў вока - бах! Пад носам землю ўзрыла. Другі раз. Гэта ў бок завыла (К.Крапіва).
Пад рукою, пад рукамі - блізка, паблізу. Заўсёды мець пад рукою.А пацікуйцеся: тут блізка; зямля, бы ў мацеры калыска, на відавоку, пад рукамі, ядзяць іх мухі з камарамі! (Я.Колас).
Падступіцца пад каго-н. - знайсці падыход да каго-н.
Пад сэрцам - 1) унутры, у грудзях. Горача. Балюча. Адчуваю, - плавяцца зямля і жвір пад сэрцам, корчыцца у сударгах, жывая, і трава шапоча мне аб смерці (П.Панчанка). Ад слоў яго неяк пад сэрцам цяжка рабілася (ананімн. гут. 19 ст.). 2) перан. Аб чымсьці дарагім. Зямля мая, лясы і пожні, вось тут я сеяў, тут касіў. Вы сніліся мне ноччу кожнай, а ўдзень пад сэрцам вас насіў (А.Астрэйка).
Правальвацца пад нагамі - аб чымсьці хісткім, няпэўным. Уся яго [Пракопа] бяда была ў тым, што ён меркаваў замацавацца ў жыцці на сваіх старых поглядах і на старым грунце. Тым жа часам гэты стары грунт правальваўся пад яго нагамі (Я.Колас).
Прыняць пад увагу - улічваць, браць у разлік. І калі пачнем усё гэта браць пад увагу, то трэба такі парадкам патупаць па лесе, каб на добрае месца натрапіць (Я.Колас).
Скакаць пад чыю-н. дудку - выконваць чые-н. жаданні, паслужліва падпарадкоўваючыся каму-н. Так на свеце пажыўшы мала, «Наша будучыня» сканала, бо была ўсё ў жалобе, у смутку, нядобра скакала пад панскую дудку, мала віляла хвастом перад панам, чуць-чуць спачувала рабочым, сялянам, вось яе ў нясталым узросце і ўдушылі паны-ягамосці (К.Крапіва).

Тлумачальны слоўнік прыназоўнікаў   Тлумачальны слоўнік прыназоўнікаў
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019