Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

паміж, прыназ. з Р. і Т. Спалучэнне з прыназ. паміж выражае прасторавыя, часавыя і аб'ектныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. з Р. або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку між якімі што-н. знаходзіцца, адбываецца. Сцежка паміж алешніку і рэчкі. Ручаёк бяжыць паміж двух узгоркаў. Граніца паміж двума светамі. Вазоны стаялі паміж акном і сталом.З-пад пільні ўсе пайшлі дарогай паміж поля і лесу (К.Чорны). Сашка ... падаўся да стала, які стаяў пры сцяне паміж двух акон (К.Чорны). На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі (І.Мележ). Здалося, рэчы глядзелі на яго, заблуканага ў прасторы паміж зямлёй і небам на вышыні чацвёртага паверху (Э.Самуйлёнак).
// Ужываецца для ўказання на групу прадметаў ці асоб, сярод якіх што-н. знаходзіцца, адбываецца. Кусты паміж дрэў. Аганькі мільгалі паміж соснамі. Ажыўленая гутарка паміж сялянамі.І кладуцца наўсцяж мнагавёрстыя трасы паміж сопак крутых, паміж горных крыніц (А.Звонак). Паміж нізкіх цёмна-сініх хмар прабілася малінавая палоска, потым выкацілася вялікае барвовае сонца і павісла над далёкім задзвінскім борам (С.Грахоўскі). Па моры плывуць караблі, плывуць паміж рыфаў і скал (Я.Купала). І моўчкі кніжку запісную паміж патронаў палажу (П.Броўка). Яловыя частаколіны парассоўваліся ўбакі, і дзіркі паміж імі пазабіваны дошкамі (К.Чорны). Яны пайшлі да зацішнай лавачкі, што стаяла паміж кустамі парудзелай акацыі (С.Грахоўскі).
// Ужываецца для ўказання на сферу, асяроддзе, у якім што-н. знаходзіцца, адбываецца. У пушчы паміж імхоў. Вёска паміж балотамі.Вусцішна Зосі адной паміж лесу (К.Крапіва). У глыбі двара стаяла хата і выглядала зухавата паміж запушчанай будовы (Я.Колас). Вецер знойдзе нашы вочы паміж рос і закрые шчыльна (П.Панчанка). Вясна кругом, адгрукалі марозы, ручай паміж палеткамі журчыць (П.Броўка). Узнімалася дзяўчынка паміж гора і бяды (П.Броўка).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. з Т. або Р. Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцовы моманты, якімі адмяжоўваецца пэўны прамежак часу. Паміж дзесяццю і дванаццаццю гадзінамі. Час паміж захадам сонца і змярканнямі.Высадка павінна была адбыцца паміж 28 і 29 сакавіка паблізу Палангена (І.Кісялёў).
// Ужываецца для ўказання на з'явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку між якімі што-н. адбываецца. Перакур паміж малацьбы.Паміж гаворкаю дымок віецца між сябрамі (П.Броўка). Інтэрвалы паміж бомбавымі разрывамі бадай што ўжо і не заўважаліся (К.Чорны). Ён кідаўся ў бакі і грукаў з сябе гарматнымі выбухамі, паміж якімі шалела кулямётная страляніна (там жа).

III. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

3. з Т. або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Размовы паміж мужчынамі. Карэнная сувязь паміж паэзіяй і вуснай народнай творчасцю. Не будзе паміж нас няшчырасці.Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана (К.Крапіва). Цёпла, пранікнёна гаварыў Лазавенка аб умацаванні дружбы паміж калгасамі (І.Шамякін). Паміж старых прыяцеляў павеяў нядобры халадок (А.Зарэцкі). Раз няма яснага пачуцця паміж людзей, дык не можа быць у іх ясных стасункаў (там жа).

4. з Т. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх-н. прадметаў, асоб, з'яў. Розніца паміж прыказкай і прымаўкай. Паміж памешчыкамі і народам ніколі нельга ставіць знак роўнасці.Розніца паміж іх лекцыямі была відавочная (І.Шамякін). Кожны верш вылучаецца сваёй беззаганнасцю і знаходзіцца ў поўнай суадпаведнасці паміж задумай аўтара і яе паэтычнай інтэрпрэтацыяй (У.Агіевіч). З'езд з'явіўся арэнай жорсткай барацьбы паміж сіламі рэвалюцыі і контррэвалюцыі за армію (Весці АН БССР).

5. з Т. або Р. Служыць для абазначэння якой-н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, падзел чаго-н. Падзяліць сшыткі паміж вучнямі ў сваім класе.Камандзіры знойдуцца і паміж вас, таварышы (Я.Колас).

Паміж іншым - а) прысл. Не звяртаючы асаблівай увагі, мімаходам. Рабіла яна гэта паміж іншым, і Алесь адказваў ахвотна, забыўшыся адразу, што прыйшоў сюды ўпершыню (У.Шыцік). б) пабочнае спалучэнне. Дарэчы, к слову кажучы. Паміж іншым, такі пераказ звязаны з курганом, які ўзнімаецца сярод мястэчка Лукомлі (Г.Гарэцкі).
Паміж намі (паміж намі кажучы) - аб чым-н., што не варта перадаваць іншым; аб якім-н. сакрэце. Толькі паміж намі (С.Грахоўскі). Як ты дасочыш, калі, паміж намі кажучы, польскія салдаты - бабы (Я.Колас).
Паміж сабою (сабой) - аб групе з дзвюх ці болей асоб, прадметаў. Прыемна вясновай лагоднай парой сысціся, пагутарыць паміж сабой (П.Броўка). Яны [карпусы завода] стаяць уроскід, але цесна звязаны паміж сабою вытворчымі працэсамі (У.Тормасаў).
Паміж тым - у той час, тым часам. А цётка паміж тым працягвала расказваць казку.
Паміж тым, як і паміж тым як (у знач. злучніка) - у той час як, тады як. Снег зусім сышоў з поля, паміж тым як была сярэдзіна снежня.

Тлумачальны слоўнік прыназоўнікаў   Тлумачальны слоўнік прыназоўнікаў
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019