па-над, прыназ. з Т. або В. Спалучэнне з прыназ. па-над выражае прасторавыя адносіны.

1. з Т. Ужываецца пры ўказанні на каго-, што-н., над якімі ў пэўным кірунку адбываецца рух, дзеянне. Песні плывуць па-над гаем. Ноч плыве па-над прыіскам.І чуваць, па-над намі лятуць недзе гусі ў вырай (М.Танк). Праплыве гук баязліва па-над лесам, па-над нівай у знямелы свет ды зноў ціха-ціха стане (Я.Колас).
// Пры ўказанні на каго-, што-н., зверху над якімі што-н. адбываецца. Гучыць голас міру па-над светам. Лісце пажоўклае, шэрае ціха шасціць пад нагамі, толькі дубы па-над Свіцяззю меднымі звоняць лістамі (П.Броўка). Выйшаў хлопец за стадолу. Дзень надвечары, цяплынь, а на полі па-над долам жыта гойдаецца плынь; там дарога так знаёма (Я.Колас). І вусны самі шэпчуць імя таго, хто з Смольнага прыйшоў і ўзнесенай рукой вітае зару кастрычніцкіх сцягоў, што пальмнее па-над краем (М.Танк). А яна [зямля] дымілася абапал першым парам, першай цеплынёй ад дажджу, што толькі што пракапаў па-над красавіцкаю зямлёй (А.Астрэйка). Па-над абрывам схіленай вярбе штось шэпчуць сарамлівыя купавы, вяслом кранае воблака грабец, глядзі: кране і сонца неўзабаве (А.Звонак).

2. з В. Устар. і абл. Ужываецца для ўказання на прадмет або месца, у прастору над якімі накіроўваецца рух або дзеянне. Падхапілі-ўзялі гусляра-старыка, гусьлі разам яго сама-гуды; па-над берэг круты, дзе шумела рака, павялі, панясьлі на загубу (Я.Купала. «Курган», 1910. «Наша ніва», 1912. № 25).

Паведаміць пра недакладнасьць