проці, прыназ.

1. з Р. Тое ж, што і супраць, 1-3. Так і ты, народ наш бедны, як вярбіна, проці волі, доўга носіш пояс медны, гнешся ты, як крыж у полі! (Я.Колас). Што адзін зробіш проці ўсіх! Не ідуць, мой сынок, рэчкі ўгару і не круцяцца крыллі ў ветраку проці ветру (Я.Купала). Проці гэтага доваду ніхто не мог сказаць, бо ўсім было на памяці, як гадоў тры таму была сварка з суседнім дваром і як у гэтую сварку ўмяшалася паліцыя (Я.Колас). Гарою стаяў ён [Сцёпка Ляўшун] проці крыўды сельскай грамады і на сходах быў першы праціўнік начальства (Я.Колас). Рад быў я не думаць і не знацца з вамі, толькі ж проці волі плывяце вы [думкі] самі (Я.Колас). Таварышы! ці мы сабраліся тут справу рабіць, ці кулацкіх падпявалаў слухаць? Іншыя меры прыму проці тых, хто зрывае работу сходу! (Я.Колас). І наш Асёл за працу ўзяўся шчыра: як можна вушы свае шырай ён растапырыў, распрастаў і проці Сонца стаў (К.Крапіва). Проці яснага сонца дні пасталі вялікай чаргою (У.Хадыка). Проці Йвана ночка мала (нар. песня). Знайшоў адно паленца, таўсцейшае проці меры, і з-за гэтага паленца абярнуў увесь воз дроў (Я.Колас).

2. Абл. з Д. Тое ж, што і супраць. ...Платы маю я шмат для такіх непакор, хто сябе проці мне стаць асмеліў (Я.Купала).

Паведаміць пра недакладнасьць