разам з, спалуч. прысл. з прыназ. У знач. прыназ. - з Т. Спалучэнне з разам з выражае адносіны сумеснасці і часавыя адносіны.

I. АДНОСІНЫ СУМЕСНАСЦІ.

1. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет сумесна, заадно з кім-, чым-н. што-н. існуе, адбываецца. Перакідвае яе [бульбіну] з далоні на далонь некалькі разоў, разламвае на дзве часткі, нюхае, ахкае ад прыемнага паху, здзьмухвае попел і кладзе ў рот разам з кажурою (З.Бядуля). Першы вечар апаў разам з намі ля вогнішч абозных, ды не адпачываў з нас ніхто на крывавых барознах (М.Танк). Ты прыпала вачмі да пятліцаў зялёных, не заўважыўшы з радасці той, што наўкола стаялі ў слязах эскадроны разам з бацькам, названым табой (П.Броўка). Сонца разам з зямлёю не мілым было Васільку (А.Куляшоў). Змітра насіў сваё імя і прозвішча недзе далёка за пазухай, разам з дакументам: яны лічыліся з ім толькі так, дзеля статыстыкі, бо ўся вёска спачатку, а потым уся брыгада «Народны мсцівец» ведала яго па мянушцы - Дзюб (Я.Брыль).

II. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

2. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет, адначасова з кім-, чым-н. што-н. існуе, адбываецца. Стажары гаслі. Разам з імі ноч канала скрозь - памалу, ледзь прыкметна (З.Астапенка). Разам з ветрам, з халадамі думак рой к нам прыляціць, - нудных думак, неспакойных, - сэрца беднае сушыць (Я.Колас). Рыгор пайшоў тады на вуліцу разам з Мікуцем (К.Чорны).

Разам з тым (гэтым) (у знач. далучальнага злучніка або лексічнага канкрэтызатара) - да таго ж, у дадатак да (чаго-н.). Дунін-Марцінкевіч не толькі заставаўся верным раз абранаму ідэалу - вобразу прыгоннага селяніна; ён, разам з тым, некалькі паглыбіў гэты вобраз, пазбавіўшы яго ў значнай меры ранейшай рамантычнай расплывістасці і надаўшы многія ўласцівыя яму рэалістычныя рысы (С.Майхровіч). Песня вымагае прыгожых слоў, якія б дакладна і лаканічна, вобразна і разам з тым пачуццёва перадавалі чалавечыя думкі («ЛіМ»). Чым далей адыходзіўся Сцёпка ад сяла, тым больш мілым яно станавілася яму, але разам з гэтым яно незаметна выціскалася з Сцёпкавай душы новымі думкамі, новымі разважаннямі, вобразамі дарогі і тым невядомым, далёкім, што яго чакала і цалкам ляжала наперадзе (Я.Колас). А чым далей, тым работа вымагае больш кемлівасці, больш адказнасці, становіцца цяжэй і мудрэй і, разам з гэтым, усё прыямней (З.Бядуля).

Паведаміць пра недакладнасьць