ў, прыназ. з Р., В. і М. Тое ж, што і у (ужываецца звычайна пасля слоў, якія канчаюцца галосным). Ад сэрца блаславіце іх, хто памятае ў край дарогу (М.Танк). Надзя з Колем прыйшлі ў ювелірную краму (С.Грахоўскі). Калі ў каго дэталь не выйдзе, бывае ў навучанні ўсяк, да хлопца брыгадзір падыдзе і зноў пакажа, што і як (А.Астрэйка). Зашумелі травы ў тундры весялей, поўнымі грудзямі дыша Енісей (А.Александровіч). Заўвага. У мове паэзіі прыназоўнік у часта не падпарадкоўваецца агульнаму правілу. Ужываецца ў там, дзе трэба ўжываць у (нескарочанае), напрыклад: Пайшла яна ад хат сваіх у свет шырокі, ў чыста поле (А.Астрэйка). Панёву швыдка нахапіла, кашэль сачнямі налажыла, ў калёсы села, пакацілась, якраз ў Эола апынілась, ўвайшла ў святліцу, села ў кут («Энеіда навыварат»). Ды і бацька малады. Ля цябе ён загаруе на адзежу і на хлеб, і на сталага ўзгадуе, каб у сілах пусціць ў свет (Ц.Гартны). Вас патрэбна раскулачыць, а зямлю забраць ў калгас (П.Броўка). Трудна, маці, ў курнай хаце, - паляту у свет! (Я.Купала). А кругом красуе лета, дрэмле вецер ў полі роўным (М.Танк). Наадварот, не скарачаецца у ў тых выпадках, дзе павінна быць ў, напрыклад: Ён бачыў, воін малады, што заставалася хады у Менск не больш палёту кулі, там людзі тры гады не чулі, як шалясцяць лісцём сады (А.Александровіч). Ад той, што ад зімы засталась, часткі, штось кінуўшы на час нязбыты, адмерылі мы з ёй са дзве шаснасткі у мех, рукой яе пашыты (Я.Купала). Упэўнена у заўтрашнія далі народ сям'ёй адзінаю ідзе (А.Астрэйка). Пазаслала аксамітам панарамы каляровыя, і у жыта, і у жыта каснікі ўпляла барвовыя! (А.Куляшоў). У іншых словах, якія пачынаюцца з у, такія адхіленні ў мове паэзіі наглядаюцца значна радзей.

Паведаміць пра недакладнасьць