Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

цераз, прыназ. з В. Спалучэнне з прыназ. цераз выражае прасторавыя, колькасныя, часавыя, аб'ектныя і прычынныя адносіны.

I. ПРАСТОРАВЫЯ АДНОСІНЫ.

1. Ужываецца са словамі, што абазначаюць прастору, віды рэльефу і г.д., якія пераадольваюцца ў працэсе руху (упоперак чаго-н., з аднаго края да другога). Правесці атрад цераз балота. Перайсці цераз вуліцу. Пераплыць цераз мора.Цераз брод, унепрыкметку, праз імшэлы бор густы вёў Серго атрад разведкі, што вярста -глыбей у тыл (А.Александровіч). Колькі сілы цягнуць санкі цераз пушчы, цераз горы, цераз рэкі і азёры, без дарогі, без шляхоў адзінаццаць пар ласёў (А.Александровіч). Унь ля ганку і каменьчыкі тыя, якімі ён вылажыў - як даўно ўжо! - сцежку цераз двор: каб посуху хадзіць у дажджы (К.Чорны). І насупор дажджу і ветру вялі прасторныя шляхі цераз балоты, цераз нетры, цераз пяскі пустынь сухіх... (П.Глебка). Насцечка адным махам ног пераскочыла цераз пакой (К.Чорны). Вось ідзе цераз сяло - Абыціхабыло (П.Броўка).
// перан. Са словамі, што абазначаюць час як прастору. І пайшлі, маладымі і новымі, і пайшлі, ажно вецер прысеў. Цераз чорныя ночы стэповыя паскакалі адважныя ўсе (П.Броўка).
// Паўтараючы што-н. на тых або іншых прамежках прасторы. Слупкі стаялі цераз кожныя пяць метраў.
| У выразах цераз плячо, цераз плечы, цераз спіну і пад. Ідзе, бывала, па полі з сяўнёй на перавешаным цераз плячо рамні... (С.Мельнікаў). Ён тады вельмі ўдала рабіў з вербалозу свісткі; тагачасны - ён шмат у каго з яго таварышаў стаіць у ваччу: босы, рухавы, у зрэб'і, з адной шлейкай цераз плячо, каб трымаліся нагавіцы (К.Чорны). Перакінуў цераз плечы ранец і падаўся доктар са двара ў абдымкі процьмы раззлаванай (А.Звонак). Няцяжка яму ўявіць і сябе малога, з парэпанымі нагамі, у зрэбных штоніках і з зашмальцаваным пасакам цераз спіну (П.Броўка).

2. Ужываецца са словамі, што абазначаюць прадмет як перашкоду, паверх якой што-н. перакідаецца або рухаецца, пераадольваючы яе. Мост цераз раку. Пероскочыў цераз ручаёк. Перакінуць цераз мяжу. Пераляцелі цераз дах.Вялікі каменны мост цераз раку быў узарваны (М.Лынькоў). Бег лясамі Забайкалля, праз хрыбты крутых Саянаў, пераскокваў цераз скалы, праз цясніны Верхаянаў (А.Звонак). І чуў [салдат], як папацёмку цераз яго перапаўзла наперад другая расейская лінія (К.Чорны).

3. Ужываецца са словамі, што называюць асяроддзе, праз якое што-н. праходзіць, або прадмет, скрозь які што-н. пранікае. Сонца свеціць цераз шчыліны ў сцяне. Святло месяца прабіваецца цераз хмары. Глядзець цераз шыбы акна.Водсвет полымя цераз паддувала, цераз шчыліны ў дзверцах падаў на падлогу пучкамі (І.Шамякін). Непрыветна цераз вокны ночка пазірае (Я.Колас). Сонца ёй мо' прагляне цераз хмары... (К.Буйло).

II. КОЛЬКАСНЫЯ АДНОСІНЫ.

4. Звыш чаго-н. (часу, меры дзеяння, ступені прыметы). Заправілі яе круціць жорны. Яна папакруціла іх аж цераз поўдзень (К.Чорны). Хоць і восень, а святло так і льецца чераз край (Я.Купала). Узяўшы хустачку, Венера пайшла лявоніху скакаць, прыгожа, стройна цераз меру, пяром не можна апісаць («Тарас на Парнасе»). І ловіць сэрца ў заміранні акорды жыцця цераз край... (П.Трус). «А ну, давайце па трэцяга!» - «Я не магу». - «А калі цераз «немагу»? Я загадваю» (В.Быкаў).

III. ЧАСАВЫЯ АДНОСІНЫ.

5. Ужываецца для ўказання на прамежак часу, пасля якога што-н. адбываецца. Прыехаў цераз два гады. Цераз пяць хвілін перапынак скончыцца.От быў бы конь цераз два годы... (Я.Лучына). Гэта к ёй - недаступна далёкай, як бацькоўскі да сына доўг, незвычайныя словы Блока перайшлі цераз горы гадоў (П.Глебка).
// Паўтараючы што-н. праз тыя або іншыя прамежкі часу. Дзяжурыў цераз дзень.

6. Устар. і абл. Ужываецца для ўказання на перыяд часу, на працягу якога што-н. адбываецца. Пяруны і град былі цераз ўсё лета ў Літве (запіс народных гаворак).

IV. АБ'ЕКТНЫЯ АДНОСІНЫ.

7. Ужываецца для ўказання на каго-, што-н., пры пасрэдніцтве ці з дапамогай якіх што-н. адбываецца. Перадаць цераз суседа.Шлях ваш у заўтра - цераз калгас (К.Крапіва). Сын цераз Пніцкага перадае яму ліст (К.Чорны). «Можна, - кажа немчык, - а чаму ж няможна? Цераз майго пана нігды не парожна» (Ф.Багушэвіч).

8. Ужываецца для абазначэння спосабу, прымяняючы які што-н. робіцца. Напісаць цераз злучок.І доўга гутарыць з вятрамі цераз уздыхі і ўсхліпы (У.Хадыка).

V. ПРЫЧЫННЫЯ АДНОСІНЫ.

9. Устар. Ужываецца для ўказання на прычыну ці падставу чаго-н. Аслабеў цераз хваробу.Цераз вас я сам сябе бачу разарваным на дзве часткі! (К.Чорны). Ураніў самотна з цела ён душу ўдалую цераз пацерку на шыі, цераз залатую (М.Багдановіч).

Цераз галаву - употырч. А вагоны цераз галаву, цераз галаву, поныр'ю... (Я.Брыль).

Тлумачальны слоўнік прыназоўнікаў   Тлумачальны слоўнік прыназоўнікаў
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020