Данілаў Віктар (20.07.1927, Яраслаўль, Расея), рэлігійны дысыдэнт, з 1976 - сьвятар грэка-каталіцкай царквы ў падпольлі; вязень ГУЛАГу ў 1948-1955.

Сваю грамадзкую дзейнасьць Д. пачаў чалавекам камуністычных поглядаў, быў кандыдатам у сябры КПСС. У 1947 у сваім родным Яраслаўлі Д. паступіў у Пэдагагічны інстытут, а ў чэрвені 1948, студэнтам 1-га курсу, ён быў арыштаваны за свае крытычныя выказваньні пра Сталіна і быў абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі. Д. узгадвае пра свае думкі напярэдадні арышту: «..лічыў, што рыба гніе з галавы, я стаў марыць пра вяртаньне партыі да ленінскага мінулага. Тады я стаў крытыкам рэжыму зьлева - як мне тады здавалася, з пазыцыяў ленінізму» [2:16]. Д. быў асуджаны паводле артыкулаў 58-10 і 58-11 КК РСФСР на 10 гадоў лягероў [1]. Тэрмін адбываў у лягеры для асабліва небясьпечных палітычных злачынцаў у Інце, Комі АССР. За падрыхтоўку ўцёкаў атрымаў лягерную судзімасьць тэрмінам у 10 гадоў.

За час знаходжаньня ў лягеры Д. пераасэнсаваў свае пазыцыі, адмовіўся ад таталітарнага калектывізму і марксізму ўвогуле, адмовіўся таксама ад атэізму. Шмат у чым гэтаму паспрыялі кантакты зь іншымі людзьмі, зьняволенымі ў лягеры паводле палітычных абвінавачаньняў. У лягеры ж Д. прымае каталіцкае веравызнаньне ў каталіцкага сьвятара, чаму папярэднічалі доўгія развагі былога атэіста. У 1955 Д. быў вызвалены зь лягера па амністыі і ў далейшым займаўся ў падпольлі місіянэрскай дзейнасьцю на карысьць Каталіцкай Царквы.

Па вяртаньні зь лягера Д. са сьнежня 1955 узнавіў вучобу на гістарычным факультэце Яраслаўскага пэдагагічнага інстытуту. Аднак па заканчэньні ў дыплёме яму адмовілі па той прычыне, што Д. быў актыўным каталіком, пра што адміністрацыі інстытуту стала вядома з даносу. Толькі настойлівасьць Д., ягоныя афіцыйныя звароты ў дзяржаўныя ўстановы з заявамі пра рэлігійную дыскрымінацыю дазволілі ва ўмовах палітычнай лібэралізацыі - «адлігі» часоў Мікіты Хрушчова, адстаяць свае правы і атрымаць дыплём аб атрыманьні вышэйшай адукацыі. Але ўладкавацца па спэцыяльнасьці ён усё адно ня змог, і з 1959 працаваў электрамантажнікам. У 1960 Д. пераязжае ў больш лібэральныя рэгіёны савецкае імпэрыі - спачатку ў Вільню, а ў 1967 - у Горадню. Але і ў гэтых гарадах Д. пастаянна знаходзіўся пад наглядам КГБ - яго шматразова выклікалі на допыты ў КДБ, двойчы адбываліся ператрусы ў ягоным доме «на прадмет канфіскацыі рэлігійнай літаратуры», не дапускаўся да абароны навуковай дысэртацыі, да росту на працы, дыскрымінаваўся ў павышэньні заробку - так савецкія ўлады ацэньвалі місіянэрскую дзейнасьць В.Д.

Актыўнасьць Д. у хрысьціянскай асьвеце была заўважаная і ў колах Каталіцкай Царквы - у пачатку 1970-х Д. атрымаў прапанову вучыцца на сьвятара грэка-каталіцкага абраду. У 1976 у Львове Д. быў тайна пасьвечаны ў сьвятары мітрапалітам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Ўладзімірам Сьцернюком. Д. вярнуўся ў Горадню і пачаў сваё сьвятарскае служэньне ва ўмовах падпольля. Трэба адзначыць, што акрамя існаваньня ў СССР заканадаўчых абмежаваньняў на рэлігійную дзейнасьць, Грэка-Каталіцкая Царква была ўвогуле па-за законам - юрыдычна яе не існавала.

Да Д. па дапамогу зьвярталіся грэка-каталікі з усёй Беларусі і з другіх частак савецкае імпэрыі. Час ад часу ён выяжджаў у іншыя рэгіёны СССР, аж да Сібіры і Каўказа. Д. падтрымліваў кантакты з рэлігійнай апазыцыяй камуністычнаму рэжыму ў Расеі, Украіне, Летуве, Латвіі, Польшчы. Цесныя адносіны ў яго склаліся з праваслаўнымі сьвятарамі ў Расеі - Дзімітрыем Дудко і Аляксандрам Менем. Д. пісаў рэлігійныя працы для самвыдату.

З распадам СССР і ўзнаўленьнем незалежнасьці Беларусі Грэка-Каталіцкая Царква была легалізаваная, з 1992 Д. - ігумен грэка-каталіцкага парафіі ў Горадні.

Кр.: 1. АМН, F-3 (Віктар Данілаў).

Літ.: 2. Данилов В. Мой путь к Богу и к Католической Церкви. - Полоцк, 1997.

Алег Дзярновіч

Паведаміць пра недакладнасьць