Разанаў Алесь (05.12.1947, в. Сялец Бярозаўскага р-ну Берасьцейскай вобл.), беларускі паэт, перакладчык, адзін зь лідэраў вольнадумнага студэнцкага гуртка ў БДУ ў 1968.

Р. нарадзіўся ў сям'і служачых. Бацька - Сьцяпан Разанаў, паходзіць з Тамбоўскай вобласьці, прыехаў з геадэзічнай экспэдыцыяй да вайны ў Беларусь, дзе і застаўся. У 1966 Р. скончыў Сялецкую сярэднюю школу. У тым жа годзе паступіў на філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, паралельна працаваў ліцейшчыкам на Менскім заводзе ацяпляльнага абсталяваньня.

Сярэдзіна 1960-х была багатаю на бурлівыя падзеі ў сусьветнай гісторыі: студэнцкія хваляваньні ў Францыі, Нямеччыне, акупацыя савецкімі войскамі Чэхаславаччыны. На гэтым грамадзкім фоне нарадзіўся вольналюбівы студэнцкі гурток і ў БДУ. У кастрычніку 1968 студэнты БДУ (сярод лідэраў студэнцкай групы былі Р. і Віктар Ярац) зьвярнуліся ў ЦК КПБ з патрабаваньнем вярнуць навучаньне на беларускай мове. Мясцовыя лідэры кампартыі праводзілі курс на татальную русіфікацыю беларускага грамадзтва; беларуская мова разглядалася як непатрэбная і любы выступ у яе абарону расцэньваўся як нацыяналістычны выклік. Вось чаму справе студэнтаў-філёлягаў быў дадзены ход. На іх было павешана таўро нацыяналістаў, што само па сабе было страшным словам-праклёнам па тых часах. Але кіраўніцтва ЦК КПБ баялася грамадзкага рэзанансу, таму справе рашылі не надаваць палітычную афарбоўку - Р. і Віктара Яраца папросту выключылі з унівэрсытэту.

Дзякуючы падтрымцы Максіма Танка, Уладзіміра Калесьніка, які на той час займаў пасаду загадчыка катэдры беларускай мовы і літаратуры ў Берасьцейскім пэдагагагічным інстытуце, ды рэктара БПІ Сяргея Гусака, Р. удалося працягнуць вучобу на філялягічным факультэце Берасьцейскага пэдінстытуту, які ён скончыў у 1970.

У 1970-1971 Р. працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Кругельскай сярэдняй школе Камянецкага р-ну, дзе разам з вучнямі заснаваў літаратурны гурток. З 1972 Р. на прафэсійнай літаратурнай працы. Тады ж ён выдае свой першы зборнік вершаў «Адраджэньне», і ў тым жа годзе яго прымаюць у Саюз пісьменьнікаў У 1972-1974 Р. - літаратурны супрацоўнік газэты «ЛіМ» і часопісу «Родная прырода», з 1974 - супрацоўнік выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Р. - аўтар зборнікаў паэзіі: «Адраджэньне», «Назаўсёды», «Каардынаты быцьця», «Шлях-360», «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод», «Паляваньне ў райскай даліне». Р. вядомы ў беларускай літаратуры як паэт-наватар, аўтар новых паэтычных формаў.

Літ.: 1. Калеснік У. Страла і мэта // Калеснік У. Усё чалавечае: літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы. - Менск, 1993; 2. Конан У. Узыходжаньне // Полымя. 1997, № 12; 3. Разанаў Алесь // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 5. Менск, 1995. С. 126-129.

Алег Гардзіенка

Паведаміць пра недакладнасьць