Ткачоў Міхась (10.03.1942, Мсьціслаў - 31.10.1992, Менск), беларускі гісторык, археоляг, палітычны дзеяч.

Т. нарадзіўся ў настаўніцкай сям'і. Бацька ў тым жа годзе загінуў на фронце пад Ленінградам, і пасьля вайны будучага гісторыка выхоўваў айчым. Пачатковую адукацыю Т. атрымаў у родным Мсьціславе ў сямігодцы № 3. Пры паступленьні на гістфак БДУ Т. сутыкнуўся з адной недарэчнасьцю. «Калі паслаў дакумэнты на гістфак, то да ўступных экзаменаў рыхтаваўся па беларускіх падручніках, хоць школа наша была расейскамоўная. Але мне падавалася, што ў беларускай сталіцы ўсе карыстаюцца родным словам. Якім жа моцным, нават крыўдным было зьдзіўленьне правінцыйнага падлетка пасьля сутыкненьня з рэальнасьцю: у прыёмнай камісіі з-за той самай мовы адчуў такую пагарду да сябе...» [8:265].

Аднак студэнцкія гады яшчэ больш умацавалі нацыянальнае пачуцьцё. Цікава, што пад «кіраўніцтвам» вядомага Лаўрэна Абэцэдарскага Т. на ўсё жыцьцё «захварэў беларускім сярэднявеччам». Акрамя таго, у студэнцкія гады, што прыпалі яшчэ на «хрушчоўскую адлігу» адбылося шмат цікавых, вызначальных сустрэч «зь людзьмі, якія толькі-толькі выйшлі з канцлягераў ГУЛАГу». Сярод іх былі Станіслаў П. Шушкевіч, Язэп Сушынскі і іншыя. Т. узгадваў: «У душы маёй адбыўся карэнны пералом: я ўсьвядоміў, што жыву на гэтай зямлі ня нейкім там бязродным чалавекам, а беларусам, што ў мяне ёсьць культура, ёсьць гісторыя, якую, на жаль, мы вельмі дрэнна ведаем» [8:266-267].

Пасьля разьмеркаваньня па заканчэньні вучобы ў 1964 Т. амаль пяць год настаўнічаў у Жодзіна, быў завучам. Тады ўступіў у КПСС. Аднак прага навукі вымусіла спрабаваць паступаць у асьпірантуру. У тыя часы без падтрымкі гэта было амаль немагчыма, таму пасьля некалькіх няўдалых спробаў Т. вымушаны быў зьвярнуцца да Пятра Глебкі па дапамогу.

У 1968 Т. нарэшце паступіў у асьпірантуру Інстытуту гісторыі АН БССР. Узяўся за распрацоўку тэмы «Ваеннае дойлідзтва Беларусі XII-XVII ст. Паводле помнікаў паўночна-заходняй і паўднёва-заходняй Беларусі». Вось як характарызаваў Т. тых часоў ягоны сябра М.Чарняўскі: «Быў малады, дужы. Здавалася, ня будзе зносу. Таму шмат дзе пасьпяваў. З 1969 па 1972 гады ім раскопваліся замкі Наваградка, Горадні, Ліды, Крэва, Міра, Геранён, Мядзела, Лепеля, Іказні, Камянца, умацаваньні шэрагу іншых мясьцін» [9:8]. Вынікам гэтае працы была абароненая ўжо ў 1972 кандыдацкая дысэртацыя, на аснове якой былі выдадзеныя кнігі «Абарончыя збудаваньні зямель Беларусі» (1978), а таксама «Замкі Беларусі» (1977).

У 1978 прыняў запрашэньне з Горадні, дзе адчыняўся ўнівэрсытэт. Спачатку працаваў выкладчыкам, у 1983-1985 - загадчык катэдры. У 1987 абараніў доктарскую дысэртацыю па тэме «Арганізацыя абароны гарадоў Беларусі XIV-XVIII ст.»

Падчас жьщьця ў Горадні Т. меў некалькі сутыкненьняў зь мясцовым кіраўніцтвам, выкліканых перашкодамі, якія чыніў навуковец зьнішчэньню старажытнай гарадзкой забудовы. Справы даходзілі да Савету міністраў СССР, Т. спрабавалі выключыць з КПСС і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці «за клевету на органы Советской власти», «за ввод в заблуждение председателя Совета министров СССР». Аднак гісторык перамог.

01.03.1986 у Горадні з асьветніцкімі мэтамі быў створаны гісторыка-культурны клюб «Паходня», адным з заснавальнікаў і кіраўніком якога быў Т. Тут зьбіраліся аматары гісторыі і культуры Беларусі, запрашаліся вядомыя навукоўцы. «Гэта не магло не выклікаць самы станоўчы і шырокі рэзананс у горадзе. Неўзабаве нам стала цесна ў памяшканьні старога Дому культуры. Народу набівалася столькі, што крэслы ставілі нават у калідоры. «Назіральнікі» ад гораду і вобласьці вельмі нэрваваліся: людзей шмат, «крамола» распаўзаецца, пытаньні задаюцца самыя вострыя, усё больш «небясьпечныя»... Культура паступова стала адыходзіць трошкі ўбок, на першы плян вылучалася ўжо палітыка» [8:274].

Напрыканцы 1980-х Т. уключаецца ў актыўную грамадзкую і палітычную дзейнасьць. У 1989 вылучаўся кандыдатам у народныя дэпутаты СССР. «Для мяне тыя выбары, - узгадваў Т., - сталіся сапраўднай школай жыцьця. Я ўпершыню ўбачыў, што палітыка і бруд, амаральнасьць ідуць побач. Дагэтуль шчыра верыў у ідэалы партыі, стараўся ўзьняць яе аўтарытэт, думаючы, што найлепшы для гэтага шлях - нармальная старанная праца, асабісты прыклад у грамадзкім жыцьці. І вось прыйшло крушэньне маральных устояў, пэўных палітычных прынцыпаў. Зразумеў нарэшце, што ў партапарата сьвятога няма, дзеля захаваньня ўлады ён гатовы на ўсё» [8:280].

У выніку Т. выходзіць з КПСС і дзейнічае ўжо толькі ў рэчышчы нацыянальна-адраджэнцкага руху. Пасьля пераезду ў Менск ў 1989 ён удзельнічаў ва ўтварэньні «Мартыралёгу Беларусі», уваходзіць у Аргкамітэт БНФ, становіцца намесьнікам старшыні Сойму БНФ. Т. стаў ініцыятарам аднаўленьня ў Беларусі сацыял-дэмакратыі - з сакавіка 1991 ён старшыня Цэнтральнай рады адноўленае БСДГ.

За грамадзкай дзейнасьцю не была закінутая і навуковая. Па вяртаньні ў Менск Т. працуе ў рэдакцыі «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі»: спачатку з 1989 - загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі, з 1992 - галоўным рэдактарам «Беларускай Энцыкляпэдыі». Т. быў адным зь ініцыятараў выданьня «Энцыкляпэдыі Археалёгіі і Нумізматыкі Беларусі» ды «Энцыкляпэдыі Гісторыі Беларусі». Ужо хворым, у апошнія гады жыцьця ён выдаў «Замкі і людзі», «Вялікае мастацтва артылерыі», «Старажытны Мсьціслаў» (апошнія дзьве ў сааўтарстве).

Прыкладна за год да сьмерці ў адным інтэрвію ён сказаў: «Нягледзячы на ніякія адкаты, працягваю верыць у наш народ. Што б зь ім не вытваралі, ён застанецца самім сабой: добрым, працавітым, незлабівым і вельмі адважным, рашучым у крытычныя моманты гісторыі, калі на карту ставщца лёс яго жыцьця...» [8:287].

Тв.: 1. Замки Белоруссии (XIII-XVIII вв.). - Менск, 1977; 2. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII-XVIII ст. - Менск, 1978; 3. Беларуская кафля. - Менск, 1989; 4. Замкі і людзі. - Менск, 1991; 5. Вялікае мастацтва артылерыі. - Менск, 1992; 6. Старажытны Мсціслаў. - Менск, 1992; 7. Паходня. - Менск, 1994.

Літ.: 8. Уліцёнак А. Іншадумцы = Мыслящие иначе. - Менск, 1991; 9. М.Чарняўскі. Міхась Ткачоў - гісторык беларускі // Гісторыка-археалягічны зборнік. Ч. 1. - Менск, 1994.

Наталя Арлова

Паведаміць пра недакладнасьць