Трусаў Алег (07.08.1954, Мсьціслаў), гісторык, археоляг, палітычны дзеяч Беларусі, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту (1989) і адроджанай Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады (1991, 1998).

У 1976 скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту; у 1980 - асьпірантуру Інстытуту гісторыі АН БССР; у 1981 абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Быў сябрам КПСС. У 1976-1992 працаваў навуковым супрацоўнікам, а потым загадчыкам аддзелу Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытуту.

Палітычная дзейнасьць Т. пачалася 19 кастрычніка 1988, калі на ўстаноўчай канфэрэнцыі «Мартыралёгу Беларусі» ён увайшоў у склад створанага тады Арганізацыйнага камітэту Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». У чэрвені 1989 на Ўстаноўчым зьезде БНФ быў абраны ў склад першага Сойму БНФ.

У 1989 Т. быў адным з заснавальнікаў Таварыства Беларускай Мовы (з чэрвеня 1997 - першы намесьнік старшыні Рэспубліканскай рады ТБМ). У 1990 быў вылучаны ад гэтай арганізацыі кандыдатам ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР на першых выбарах з удзелам апазыцыі. Быў абраны дэпутатам ад Менску. У Вярхоўным Савеце XII скліканьня ўваходзіў у склад апазыцыі БНФ, быў намесьнікам лідэра парлямэнцкай апазыцыі. У 1990-1995 Т. - намесьнік старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета па культуры, адукацыі і захаваньні гістарычнай спадчыны. Быў распрацоўшчыкам блёку законаў па культуры і адукацыі, па нацыянальна-дзяржаўнай сымболіцы.

У 1990 Т. стаў адным зь ініцыятараў стварэньня Арганізацыйнага камітэту Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, а ў 1991 на Ўстаноўчым зьезде быў абраны першым намесьнікам старшыні Цэнтральнай Рады БСДГ. З 1992 года - старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ. Грамада была адзінай апазыцыйнай партыяй, апроч руху БНФ, якая здолела стварыць у Вярхоўным Савеце XII скліканьня ўласную партыйную фракцыю (15 чалавек).

У 1994, калі А.Лукашенка ўзяў курс на пабудову ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму, Т. стаў адным з найбольш актыўных праціўнікаў дыктатуры ў парлямэнце. 12.04.1995 ён быў у ліку 19 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія ў знак пратэста супраць свавольства ўладаў пачалі галадоўку. У ноч з 12 на 13 красавіка ўсе ўдзельнікі акцыі былі жорстка зьбітыя ў залі паседжаньняў парлямэнту баевікамі з прэзыдэнцкага спэцназу.

У 1995-1996 Т. тройчы балятаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета XIII склікання, ён нязьменна атрымліваў падтрымку ад выбаршчыкаў у першым туры, аднак усе тры разы другі тур выбараў зрываўся выканаўчай уладай.

У 1995, пасьля паразы на выбарах у парлямэнт дэмакратычных сілаў, у БСДГ пачаўся ўнутрыпартыйны крызыс. Прадстаўнікі левага крыла Грамады крытыкавалі Т. за занадта цесны, на іх погляд, альянс з БНФ і нацыянальна-дэмакратычным лягерам. У ліпені 1995 мінімальнай большасьцю галасоў дэлегатаў пазачарговага зьезду Т. быў зьняты з пасады старшыні. Новае кіраўніцтва партыі адразу ж узяло курс на рэарганізацыю Грамады ды аб'яднаньне яе з групоўкамі Сечкі, Пашкевіча, Ярмаліцкага. Т. і ягоныя прыхільнікі выступалі супраць гэтага. Неўзабаве пасля зьезду яны стварылі ўнутрыпартыйную фракцыю па захаваньні Грамады.

Фракцыя падтрымала ў траўні 1996 ініцыятыву «круглага стала палітычных партый Беларусі» па імпічмэнце прэзыдэнта А.Лукашэнкі, у кастрычніку таго ж году ўзяла самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы ды правядзеньні Кангрэсу ў абарону Канстытуцыі. У студзені 1997 паводле просьбы новага кіраўніцтва партыі Міністэрства юстыцыі прыняло рашэньне аб ліквідацыі БСДГ. Тады ж Т. выступіў зь ініцыятывай адраджэньня БСДГ. Старшынём Арганізацыйнага камітэта па адраджэньні БСДГ стаў Станіслаў Шушкевіч.

15.02.1998 на Ўстаноўчым зьезьдзе адроджанай БСДГ Т. быў абраны намесьнікам старшыні БСДГ. Старшынём стаў Станіслаў Шушкевіч. Гэтая падзея не засталася незаўважанай уладамі, і ўжо ў сакавіку Т. быў вымушаны паводле палітычных матываў пакінуць пасаду дэкана факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сыстэмаў Беларускага ўнівэрсытэту культуры.

Т. - аўтар больш 150 навуковых публікацыяў, сярод якіх некалькі манаграфіяў.

Акрамя палітычнай і навуковай дзейнасьці, Т. актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці Беларусі: узначальвае таварыства «Беларусь-Гішпанія», з 1999 - старшыня Рэспубліканскай рады ТБМ, доўгі час быў сябрам Рады Згуртаваньня Беларусаў Сьвету «Бацькаўшчына». Уваходзіць у склад рэдкалегіяў газэты «Наша Слова» і часопісу «Беларуская Мінуўшчына».

Літ.: 1. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. - Менск, 1993. - С. 614; 2. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. - Менск, 1993. - С. 606; 3. Беларусь. Энцыклапедычны даведнік. Менск, 1995. - С. 706.

Алег Багуцкі

Паведаміць пра недакладнасьць