Праваслаўнае жыцьцё ў Беларусі ў 1956-1991 характарызавалася сваёй неаднароднасьцю. Гісторыя канфармізму тут пераплятаецца са спробамі адстаяць релігійныя правы.

Парадаксальна, але лібэралізацыя ў грамадзкім жыцьці падчас кіраваньня Мікіты Хрушчова прынесла новую хвалю перасьледаў на царкоўнае жыцьцё. Варта ўлічваць таксама, што ў адрозьненьне ад Каталіцкай і Пратэстанцкай Цэркваў, сьвятары якіх нярэдка сьвядома ішлі на канфрантацыю з камуністычнымі ўладамі, ініцыятарам канфлікту з Праваслаўнай Царквой выступала дзяржава, якая вымушала іх падпарадкоўвацца.

07.07.1954 зьявілася Пастанова ЦК КПСС «Аб буйных недахопах у навукова-атэістычнай прапагандзе і мерах яе паляпшэньня». Быў узяты курс на актывізацыю змаганьня з «перажыткамі мінулага». Яшчэ шырэй выдаваліся брашуры атэістычнага кшталту, праводзілі сэмінары і лекцыі прапагандыстаў-атэістаў. У адрозьненьне ад даваеннага часу, калі ў атэістычнай прапагандзе ўдзельнічалі малаадукаваныя агітатары, цяпер да гэтай працы прыцягваліся навукоўцы, прычым тое аплочвалася добрымі грашамі. Усё гэта праводзілася пад эгідай прапагандысцкага таварыства «Веды», больш прадуманай інстытуцыі, чым «Саюз ваяўнічых бязбожнікаў». Да атэістычнай прапаганды прыцягваліся нават царкоўнаслужыцелі, якім выдавалі адпаведную літаратуру. Да гонару Праваслаўнай Царквы, усе яны потым былі адлучаныя.

Дзяржава спрабавала адгарадзіць Царкву ад навакольнага сьвету нейкім уяўным мурам, пранікненьне за які не віталася. Паказальнай зьяўляецца гісторыя Жыровіцкай сэмінарыі - улады вырашылі яе зачыніць. З канца 1950-х намаганьні ў гэтым кірунку ўзмацніліся. Улады рознымі спосабамі не дапускалі студэнтаў у сэмінарыю, не прапісвалі ў Жыровічах, забіралі з войска, у рэшце рэшт яны дабіліся свайго. Студэнты з-за гэтых прычынаў не набіраліся ў сэмінарыю, і ў 1963 яна перастала існаваць з-за адсутнасьці студэнтаў. Узнаўленьне дзейнасьці сэмінарыі адбылося толькі ў 1989.

Такім жа чынам адбываўся наступ і на манастыры, якія зачыняліся па ўсёй Беларусі. Характэрная гісторыя Спаса-Ефрасінеўскага манастыра ў Полацку, які меў старадаўнюю і славутую гісторыю. Улады доўга змагаліся за закрыцьцё манастыра, урэшце гэта ўдалося зрабіць. Манахіням было прапанавана перасяліцца ў Жыровіцкі мужчынскі манастыр (!). У 1957 улады вырашылі зьнесьці царкву ў в. Юдзіцына, што ў Шаркоўшчынскім р-не. Але як толькі змагары з рэлігіяй падступіліся да храма, загулі званы, і вернікі, узброеныя косамі, віламі, камнямі, кінуліся ратаваць царкву. Яны запатрабавалі ад савецкіх уладаў спыніць зьдзек над верай. Акцыя дала плён. Царква была захаваная.

У 1960-1970-я наступ на рэлігію працягваўся. Тут пераважае такі сродак, як закрыцьцё і зьнішчэньне цэркваў, у тым ліку праз закрыцьцё так званых прыпісных цэркваў, г.зн. тых, у якіх не было сталага сьвятара. Сюды сьвятар прыязжаў у пэўныя дні і ладзіў службы.

У самой Праваслаўнай Царкве былі людзі, якія імкнуліся супрацьстаяць як татальнай практыцы савецкіх уладаў, так і заняпаду Царквы. Ураджэнец Баранавіцкага р-ну протадыякан Уладзімір Русак падрыхтаваў трохтамовае дасьледаваньне «Свидетельство обвинения» пра ўзаемаадносіны Расейскай праваслаўнай царквы і савецкай улады. За сваю кнігу аўтар быў пазбаўлены працы ў рэдакцыі «Журнал Московской патриархии», адтуль выпраўлены ў Віцебск. Ужо там за казаньні пра пакутнікаў за веру ў СССР пры падтрымцы менскага мітрапаліта Філярэта пазбаўлены права служыць [4:6].

Сапраўдныя зрухі ў жыцьці Праваслаўнай Царквы пачаліся толькі пасьля 1986.

Літ.: 1. Канфесіі на Беларусі (канец 18-20 ст.) Менск, 1998; 2. Церкви и приходы Минска. - Менск, 1996; 3. Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Историко-статистическое обозрение. - Менск, 1997; 4. Сп. Р.Незыванаў. Царква і Сталін. На правах рукапісу. 1998.

Алег Гардзіенка

Паведаміць пра недакладнасьць