Чарнобыльскі рух. Выбух 26.04.1986 на атамным рэактары Чарнобыльскай АЭС меў вынікамі ня толькі радыяцыйнае забруджаньне вялікай часткі тэрыторыі Беларусі. Спробы кампартыйнага кіраўніцтва схаваць памеры рэальнай небясьпекі ад наступстваў катастрофы для беларускага насельніцтва нарадзілі хвалю пратэсту. Найбольш актыўную дзейнасьць па выкрыцьці замоўчваньня ўладамі рэальнай сытуацыі распачаў Беларускі Народны Фронт.

На трэцюю гадавіну Чарнобыльскай трагедыі 26.04.1989, нягледзячы на забарону ўладаў, з ініцыятывы БНФ у Менску адбылася акцыя «Гадзіна смутку і маўчаньня». Яе ўдзельнікі (8-10 тыс. чалавек) прайшлі па галоўнай вуліцы са сьвечкамі пад звон чарнобыльскіх званоў. Не было прамоваў, толькі плякаты зь лічбамі забруджваньня ды чорныя жалобныя сьцягі - памяць ахвяраў.

Падобныя ж акцыі ў гэты дзень адбыліся таксама ў Бабруйску, Гомелі. Фактычна, гэта быў пачатак масавага руху за прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці, і ня толькі ў Беларусі, да рэальнага становішча на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях і да неабходнасьці арганізацыі дзейснай дапамогі ахвярам. А галоўнае, рух выразна паказаў падзеньне даверу да ўладаў, якія імкнуліся прыхаваць сапраўдную небясьпеку і такім чынам паставіць пад пагрозу жыцьці грамадзянаў Беларусі. Дзеля наладжваньня больш дзейснай дапамогі ахвярам трагедыі ў красавіку 1989 быў створаны Камітэт БНФ «Дзеці Чарнобылю» (да 1991 старшыня Генадзь Грушавы), які потым пераўтварыўся ў асобны Фонд «Дзецям Чарнобыля». Ён павінен быў ажыцьцяўляць гуманітарную дапамогу жыхарам пацярпелых р-наў, каардынаваць дзейнасьць дабрачынных замежных арганізацый, арганізоўваць аздараўленчы адпачынак дзяцей з забруджанай тэрыторыі, у тым ліку і за межы Беларусі. Апошняе мела вынікам непасрэднае знаёмства маладога пакаленьня беларусаў з Эўропай, псыхалягічнае зьнішчэньне жалезнай заслоны, замацаваньне важкасьці дэмакратычных прынцыпаў у беларускай грамадзкай сьвядомасьці.

Маўчаньне і супрацьдзеяньне ўладаў нараджала новыя хвалі грамадзкай актыўнасьці. 30.09.1989 у Менску адбыліся шэсьце і мітынг «Чарнобыльскі Шлях», арганізаваныя таксама зь ініцыятывы БНФ. Урад імкнуўся супрацьстаяць правядзеньню гэтае акцыі праз прызначэньне на той самы дзень суботніку, аднак шэсьце не было сарванае і сабрало вялікую колькасьць людзей.

25-26.11.1989 у Менску зь ініцыятывы апазыцыі была арганізаваная Асамблея народаў «Чарнобыльскі Шлях», у якой бралі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Расеі, Летувы, Эстоніі, Малдовы. Асамблея абнародавала інфармацыю пра вынікі чарнобыльскай катастрофы, прапанавала захады па іх пераадоленьні, зьвярнулася да сусьветнай супольнасьці з заклікам аб дапамозе. Наладжаны падчас акцыі Народны Трыбунал сьцьвердзіў віну кіраўніцтва БССР і СССР у замоўчваньні і скажэньні рэальнай інфармацыі аб выніках катастрофы, запатрабаваў пакараньня вінаватых.

Кожная наступная гадавіна Чарнобыльскай трагедыі зьбірала людзей на плошчах. 26.04.1990 адбылося шэсьце і мітынг на пляцы Волі ў Менску. Праз год 27.04.1991 адбыўся другі Народны Трыбунал па разглядзе эфектыўнасьці пераадоленьня вынікаў чарнобыльскай катастрофы.

Чарнобыльскі рух праявіўся ў шматлікіх шэсьцях, мітынгах, жалобных набажэнствах, зборах подпісаў. З часам у чарнобыльскім змаганьні зьявіліся новыя адценьні. Усё гучней стаў уздымацца лёзунг, што заклікаў змагацца не толькі з радыяцыйным, але і з духоўным Чарнобылям - палітыкай русіфікацыі. Тэрмін «духоўны Чарнобыль» набыў значнае распаўсюджаньне. Так, чарнобыльскі рух паступова зрабіўся часткай змаганьня за нацыянальнае адраджэньне Беларусі.

Літ.: 1. Гадзіна смутку і маўчаньня / Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 2. - Менск, 1994. С. 447; 2. Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» / Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 1. - Менск, 1994. С. 443; 3. Садоўскі П., Вячорка В. Няўрадавыя арганізацыі і працэс пераўтварэньняў у Беларусі // Супольнасьць. 1998, № 3-4; 4. Пазьняк З. Сапраўднае аблічча. - Менск, 1992.

Наталя Арлова

Паведаміць пра недакладнасьць