Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Адраджэнне (Рэнесанс), гісторыка-культурная эпоха паміж Сярэднявеччам і Новым часам (14 - першая палова 17 ст.) у краінах Заходнай і Цэнтральнай Эўропы. Назва А. звязана з сапраўдным адраджэннем інтарэсу да культурных здабыткаў і каштоўнасцей Старажытнай Грэцыі і Рыма. Пачалося ў паўночнай Італіі, пазней распаўсюдзілася на іншыя эўрапейскія краіны. У эпоху А. былі зроблены важныя адкрыцці і вынаходніцтвы ў розных галінах навукі і тэхнікі, створаны выдатныя ўзоры рэалістычнага мастацтва. Для культуры А. былі ўласцівы антыфеадальная і антыклерыкальная накіраванасць, адмаўленне дагматызму і схаластыкі, узрастанне асобаснага пачатку, індывідуалізму, пашырэнне вальнадумства, свабодалюбівых, патрыятычных настрояў. Адной з найбольш важных адметных рыс рэнесанснай культуры з'яўляўся яе відавочны гуманізм. Характэрнай асаблівасцю эпохі А. быў зварот да культуры антычнасці як зыходнага пункта для фармавання новай, пераважна свецкай культуры, апорай якой станаваліся гарады, двары і маёнткі феадалаў, багатых мяшчан, а галоўнымі выразнікамі - прадстаўнікі новай інтэлігенцыі, перадавыя грамадскія і палітычныя дзеячы. Рэнесансныя ідэі і матывы найбольш ярка выявіліся ў творчасці выдатных мастакоў, скульптараў (Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А.Дзюрэр, Тыцыян, Данатэла), архітэктараў (Ф.Брунелескі, Д.Брамантэ), літаратараў (У.Шэкспір, М. дэ Сервантэс, Ф.Рабле, Лопэ дэ Вэга), вучоных (Г.Галілей, М.Капернік, Д.Бруна), мысліцеляў (Т.Мор, Э.Ратэрдамскі, М.Мантэнь) і інш. У эпоху А. культура выйшла з-пад поўнай апекі царквы, што прывяло да хуткага развіцця свецкага мастацтва; найбольшыя поспехі былі дасягнуты ў галіне выяўленчага мастацтва. Рэнесансная культура 15 - пачатку 17 ст. эўрапейскіх краін (Германія, Нідэрланды, Англія, Францыя, Гішпанія, Швецыя і інш.), размешчаных на поўнач ад Італіі і Альпаў, традыцыйна называецца Паўночным А. Яго асаблівасцямі былі кампраміс з сярэднявечнымі традыцыямі, моцная сувязь з рэлігійнымі і нацыянальна-культурнымі рухамі (напр., з Рэфармацыяй).

Перадумовамі станаўлення і развіцця культуры А. на беларускіх землях сталі ўзаемасувязі ВКЛ з краінамі Заходняй Эўропы, адносна дэмакратычны лад жыцця, рост гарадоў, завяршэнне працэсу фармавання беларускага этнасу і старабеларускай мовы. Тыповыя рысы рэнесанснай культуры (гуманізм, свабодалюбства, патрыятызм, антыдагматычнасць) выразна праявіліся ў культурна-асветніцкай, творчай дзейнасці Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Гусоўскага, Сімяона Полацкага і інш. Расквітнела летапісанне, заняпала жыційная літаратура, былі створаны хронікі, гістарыяграфічныя творы, на старабеларускую мову перакладаліся ўзоры свецкай прозы. Пашырэнню рэнесансных ідэй паспрыяла ўзнікненне і хуткае развіццё мясцовага кнігадрукавання. Літаратура пераставала быць ананімнай, цэлая плеяда літаратараў, публіцыстаў (М.Сматрыцкі, А.Волан, А.Філіповіч, А.Рымша, Л. і С.Зізаніі, І.Пацей і інш.) гучна заявіла пра сябе творамі высокага мастацкага і эстэтычнага ўзроўню, напісанымі на старабеларускай, лацінскай і польскай мовах. З'явіліся прафесійныя паэты, атрымала развіццё мемуарная літаратура. Паспяхова развівалася архітэктура, што знайшло адлюстраванне ў будаўніцтве шматлікіх ратуш, храмаў, палацаў, шпіталяў, дамоў цэхавых брацтваў і інш. Спачатку рэнесансныя рысы спалучаліся з элементамі готыкі (Мірскі замак, Мураванкаўская царква-крэпасць). У 16 - сярэдзіне 17 ст. рысы А. праявіліся і ў выяўленчым мастацтве, якое спалучала заходнеэўрапейскія традыцыі, асаблівасці візантыйскай мастацкай спадчыны і адметныя рысы творчасці мясцовых мастакоў. Пашырыўся жанр партрэта, у якім праявілася рэнесансавае разуменне асобы чалавека. Фармаваўся жанравы і батальны жывапіс. У беларускім іканапісе ўзнікла наватарская плынь, што выявілася ва ўвядзенні ў сюжэтную канву бытавых і этнаграфічных дэталяў. У беларускім мастацтве 1-й паловы 17 ст. формы А. суіснавалі з рысамі маньерызму, але паступова пачалі саступаць вядучае месца стылістыцы барока.

Культуралогія   Культуралогія
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019