Александроўская Ларыса (1904-1980), спявачка (сапрана), рэжысёр. Народная артыстка Беларусі (1938). Народная артыстка СССР (1940). Скончыла Беларускі музычны тэхнікум (1928). У Другую сусветную вайну сябра франтавых канцэртных брыгад. З поспехам выконвала партыі ў класічных і нацыянальных операх - Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса) і інш. Выступала як канцэртная спявачка, у рэпертуары якой важнае месца займалі беларускія народныя песні. Выканальніцкая манера А. вызначалася пранікнёным лірызмам, своеасаблівасцю вакальна-сцэнічнай трактоўкі вобразаў. Музыкальнасць, драматычны тэмперамент, артыстызм, глыбокае веданне жыцця абумовілі моцнае эмацыянальнае ўздзеянне створаных ёю вобразаў. У сваіх рэжысёрскіх работах («Страшны двор» С.Манюшкі, 1952; «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага, 1953; «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, 1954; «Трубадур» Дж.Вердзі, 1955 і інш.) развівала рэалістычныя традыцыі тэатра. Адна з арганізатараў Беларускага тэатральнага аб'яднання (з 1946 старшыня, з 1976 ганаровы старшыня). З 1987 праводзіцца Рэспубліканскі конкурс вакалістаў імя А. У 1992 устаноўлена прэмія імя А. у галіне тэатральнага мастацтва.

Паведаміць пра недакладнасьць