Балет (франц. ballet, ад позналац. ballare - танцаваць), від тэатральнага мастацтва, дзе асноўным сродкам выразнасці з'яўляецца т.зв. «класічны танец» (падначалены строгім, гістарычна выпрацаваным канонам); музычна-харэаграфічны спектакль, у якім арганічна спалучаюцца музыка, танец, драматычнае дзейства і элементы выяўленчага мастацтва. У Б. уключаюць розныя віды танца: класічны, характарны, народна-сцэнічны, рытма-пластычны, мадэрн і інш. Існуюць Б.-трагедыі і Б.-камедыі, Б.-п'есы і Б.-сімфоніі, Б. сюжэтныя (блізкія да драматычнага спектакля) і бессюжэтныя, шматактовыя і аднаактовыя, харэаграфічныя мініяцюры. Узнік у Францыі і Італіі ў 16 ст. Вядучым цэнтрам сусветнага балетнага мастацтва на працягу 18-19 ст. быў Парыж, дзе дзейнічалі вядомыя танцоўшчыкі, балетмайстры і кампазітары, якія пісалі балетную музыку. Да жанру Б. неаднойчы звярталіся буйнейшыя кампазітары, напр., П.Чайкоўскі («Лебядзінае возера», «Спячая красуня», «Шчаўкунок»), М.Равель («Дафніс і Хлоя»), І.Стравінскі («Вясна свяшчэнная»), С.Пракоф'еў («Рамэа і Джульета») і інш. Значны ўклад у станаўленне і развіццё сусветнага балетнага мастацтва ў 18-20 ст. унеслі харэографы Ж.Ж.Навер, Ж.Даберваль, Ф.Тальёні, М.Пеціпа, М.Фокін, М.Бежар, Дж.Баланчын, К.Макмілан, Ю.Грыгаровіч, Б.Эйфман і інш. Сярод найбольш вядомых і таленавітых танцоўшчыкаў - М.Тальёні, Г.Паўлава, В.Ніжынскі, Р.Нурэеў, М.Барышнікаў, М.Плісецкая, Г.Уланава, М.Фантэйн і інш.

Вытокі беларускага харэаграфічнага мастацтва - у старажытных абрадах, гульнях, карагодах, дзе танец быў неаддзельны ад музыкі, песні, акцёрскага дзеяння. У 18 ст. у прыватнаўласніцкіх замках і буйных сядзібах дзейнічалі прыватныя балетныя трупы, балетныя школы. Нацыянальны балетны тэатр узнік у 1920-я гг., калі былі пастаўлены першыя класічныя балетныя спектаклі. Развіццю балетнага мастацтва паспрыяла адкрыццё ў 1933 Дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Вяхой у гісторыі беларускага Б. стала стварэнне першага беларускага балета «Салавей» М.Крошнера (1939). У 1950-1960-я г. працягваліся пошукі нацыянальнай адметнасці, абнаўлялася харэаграфічная лексіка, рэпертур узбагачаўся новымі класічнымі і сучаснымі творамі. У 1970-1990-я г. беларускае харэаграфічнае мастацтва атрымала шырокае міжнароднае прызнанне. Набылі вядомасць таленавітыя балерыны Л.Бржазоўская, І.Душкевіч, У.Іваноў, Н.Паўлава, Н.Фадзеева, а таксама танцоўшчыкі Ў.Камкоў, У.Іваноў, Ю.Траян, В.Захараў і інш. Пастаноўка балетмайстра В.Елізар'ева спектакля «Страсці» («Рагнеда») на музыку А.Мдывані была прызнана лепшым балетным спектаклем у свеце ў 1995. З пачатку 1990-х г. узмацніліся свабода творчасці, актыўныя пошукі новых сродкаў мастацкай выразнасці, што прывяло да фармавання і развіцця ў Беларусі т.зв. «мадэрн-харэаграфіі».

Паведаміць пра недакладнасьць