Бардаўская песня (ад кельц. Bard; аўтарская песня), від музычна-паэтычнага мастацтва, дзе паэт, кампазітар і выканаўца аб'яднаны ў адной асобе (барда). У Сярэднявеччы бардамі называлі прафесійных паэтаў-спевакоў Ірландыі, Уэльса, Шатландыі, якія пад уласны акампанемент выконвалі разнастайныя песні, элегіі і г.д. Б.п. звычайна выконваюцца ў гітарным суправаджэнні аўтара ці іншых музыкантаў. Як асобны від мастацтва Б.п. сфармавалася ў пачатку 20 ст. Сярод вядомых майстроў Б.п. - Ж.Бэко, Ш.Азнавур, Д.Рыд, В.Хара і інш. У былым СССР узнікла ў 1950-я г. ў асяродку творчай інтэлігенцыі, студэнтаў і турыстаў. Да ліку найбольш яркіх расейскіх бардаў адносяцца Б.Акуджава, М.Анчараў, Ю.Візбар, У.Высоцкі, Ю.Кім, С.Нікіціны, А.Міцяеў, А.Дольскі і інш. У Беларусі бардаўская песня ўзнікла ў 1960-я г. і была прадстаўлена пераважна расейскамоўнымі бардамі (А.Круп, Б.Вайханскі, У.Бобрыкаў і інш.). З пачатку 1970-х г. пачалі праводзіцца фестывалі Б.п. З сярэдзіны 1980-х г., на хвалі дэмакратызацыі і нацыянальнага адраджэння, актыўна развівалася беларускамоўная Б.п. Яе прадстаўнікі - А.Камоцкі, С.Сокалаў-Воюш, А.Атаманаў, В.Шалкевіч, В.Цярэшчанка, А.Мельнікаў і інш. Творы бардаў вызначаюцца найчасцей актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, палітычнай накіраванасцю, патрыятычнымі матывамі, своеасаблівай лірычнасцю, часам вострай сатырычнасцю, іранічнасцю, філасофскім роздумам аб штодзённым жыцці і г.д. Публічныя выступленні майстроў Б.п. абуджаюць у гледачоў цікавасць да роднай гісторыі, культуры, спрыяюць патрыятычнаму выхаванню, паглыбленню нацыянальнай самасвядомасці.

Паведаміць пра недакладнасьць