Беларуская іканапісная школа, самабытная нацыянальная іканапісная школа 16 - пачатку 19 ст. Склалася пад уплывам ідэй Адраджэння на аснове традыцый візантыйскага і старажытнарускага мастацтва. Адметнай рысай Б.і.ш. быў моцны ўплыў фальклору, народнага мастацтва, што выявілася ў простанародным тыпажы, шырокім выкарыстанні этнаграфічных элементаў. Для ранніх твораў Б.і.ш. 16 ст. было характэрна спалучэнне адметных рыс сярэднявечнага мастацтва з элементамі Рэнесансу: светлы каларыт, лірычнасць вобразнага ладу («Маці Божая Ерусалімская» з Берасцейшчыны). Найлепшыя ўзоры Б.і.ш. 17 ст. вызначаліся аб'ёмнасцю, дэталізацыяй, паказам асобных персанажаў у вопратцы таго часу («Тройца Запаветная» з Берасцейшчыны, «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца). На беларускі іканапіс 18 ст. зрабілі прыкметны ўплыў мастацтва барока, народныя традыцыі, фальклорныя матывы (абраз «Ушэсце» Паўла Клачковіча з Берасцейшчыны). Шырокае развіццё набыло т.зв. «наіўнае барока», або народны прымітыў («Тройца Новазапаветная» з Віцебшчыны). Для іканапісу гэтага часу характэрна імкненне спасцігнуць непаўторнасць і самабытнасць чалавечага характару, што збліжае яго з тагачасным свецкім партрэтным жывапісам. У канцы 18 - пачатку 19 ст. беларускі іканапіс паступова страціў сваю самабытнасць і перастаў існаваць як асобная мастацкая школа.

Паведаміць пра недакладнасьць