Бетховен Людвіг ван (1770-1827), нямецкі кампазітар, дырыжор, піяніст. З дзяцінства праявіў вялікія музычныя здольнасці. У 1796 г. Б. першы і апошні раз у жыцці зрабіў канцэртнае падарожжа па Эўропе (выступаў у Берліне, Дрэздэне, Празе, Будапешце), дзе праявіў сябе як выдатны кампазітар і піяніст-віртуоз. Б. даволі рана пачаў глохнуць, вымушаны быў адмовіца ад публічных выступленняў у якасці піяніста і дырыжора. У апошні перыяд жыцця яму даводзілася ствараць творы, абапіраючыся на музычную фантазію і высокі ўзровень музычнай культуры. Б. лічыцца апошнім кампазітарам-класіцыстам, які адным з першых праклаў шлях для з'яўлення новага кірунку ў музыцы - рамантызму. Напр., пра яго адступленне ад норм класіцызму сведчыць увядзенне ў Дзевятую сімфонію хора і салістаў. Сярод найбольш вядомых твораў Бетховена - балет «Тварэнне Праметэя» (1801), опера «Фідэліо» (1803-1805), месы (у т.л. «Урачыстая меса», 1819-1823), кантаты, дзевяць сімфоній (у т.л. 3-я «Гераічная», 6-я «Пастаральная»), уверцюры, дуэты, хоры, канцэрты для фартэпіяна і скрыпкі з аркестрам, санаты для фартэпіяна (у т.л. 8-я «Патэтычная», 14-я «Месяцовая», 23-я «Апасіяната»), а таксама варыяцыі, багатэлі, ронда, танцы.

Паведаміць пра недакладнасьць